АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Чаму дарадца па пытаннях уключэння сонечных батарэй ПРААН за будаўніцтва АЭС у Беларусі

Чаму дарадца па пытаннях уключэння сонечных батарэй ПРААН за будаўніцтва АЭС у Беларусі
30.03.2017
За апошнія гады ў грамадстве гучаў цэлы шэраг прапаноў, як «злезці» з расейскай нафтагазавай іглы. Аднымі з самых папулярных і перспектыўных лічацца праекты з выкарыстаннем аднаўляных энергарэсурсаў.

Пра асабістую гісторыю, перспектывы і міфы «зялёнай» энергетыкі, цікаўнасць кітайцаў да беларускай гісторыі, а таксама прычыны, чаму эксперты ўяўляюць АЭС не такой страшнай, як яе малююць, мы пагутарылі з дарадцам па пытаннях уключэннях сонечных батарэй ПРААН і Сусветнага фонду па навакольным асяроддзі (GEF) Андрэем Дусмікеевым, піша nn.by

Нарадзіўся ў лагеры, пра які пісаў Салжаніцын

— Я нарадзіўся ў сям’і прафесійных вайскоўцаў. Мой прадзед дайшоў да Парыжа з рускім войскам. Што цікава, частка маёй сям’і паходзіць з вёскі Парыж, Чэлябінскай вобласці. У Беларусі ёсць ідэнтычная. А другая частка сям’і — Сітнікі, з аднайменнай вёскі — Сітнікі. Там таксама былі кулакі і высланыя ў Расею. Паспелі пасядзець і ў польскім лагеры, і ў савецкім. Дзед так добра і культурна правёў сваё жыццё. Падчас лагера ён нават у вайну не ваяваў, а прайшоў этапам з 39-га да 60-х. Так я і нарадзіўся ў лагерах. Ведаеце, калі вы чыталі «Адзін дзень Івана Дзянісавіча», то я якраз нарадзіўся у тым самым месцы. Праўда, мне падаецца, што твор надта змрочны і негатыўны. Канешне, мой дзед не быў задаволены, што 30 год правёў у лагерах, але калі ён вярнуўся, то ўсе вельмі ціха паводзілі ў дачыненні да яго. Бо ён сваё «адтрубіў і адседзеў», а людзі вакол і за немцамі, і Саветамі сябе запэцкалі моцна і здавалі адзін аднаго. Таму дзеда так нават пабойваліся. Такі змрочны быў час.

— А што тады так ярка запомнілася з таго змрочнага часу?

— Адсутнічала летняя дарога. Яна была толькі па рацэ. Рака — Сосьва. Там яна нагадвае па шырыні знакамітае возера Нарач. Там усё такое — глабальнае: і прастор, і дарогі, і бездарожжа. Як жылі там? Дом цалкам закрыты, увесь участак — быццам крэпасць. Трохметровы плот, брама, закрыта ўсё цёсам. Там ніхто, канечне, асабліва не замыкаў і замкоў асабліва не было, бо лагер і куды там бегчы. Калі мы прыехалі сюды, таксама пабачылі, што ў Беларусі ніхто не замыкае, бо ва ўсіх адзін і той самы замок. Дзед у лагеры быў настаўнікам гісторыі, да лагера працаваў у беларускай школе, за гэта і сядзеў у адных і ў другіх.

— Напэўна, ваша дарога дадому выглядала насамрэч вельмі далёкай?

— Мае бацькі часта пераязджалі, і аднойчы маці сказала тату, што застаецца ў Беларусі, а ён, калі хоча, можа прыязджаць, а можа і не. Тут я скончыў 8 класаў і вырашыў, што можна паспрабаваць скончыць ваенную вучэльню. Так лёс склаўся, што ў Мінскай сувораўскай вучэльні толькі ангельская і нямецкая мовы былі, і мяне выправілі ў Піцер вучыцца, бо ў вясковай школцы я вывучаў… французскую. Я здаў іспыты на выдатна і адвучыўся. Прайшоў цікавую школу, бо там быў такі падбор вучняў: з Каўказа хлопцы, з Расеі — адкуль толькі не было. У 70-я — 80-я гады гэта быў адзіны шлях для кар’еры. Мне ўсе раілі ісці ў радыётэхнічны, бо можна было ўладкавацца, але я сказаў, што мой бацька — ваенны і я хацеў тое самае паспрабаваць. Увыніку я ўсё-такі кінуў гэтую справу, але не шкадую. Бо дзякуючы войску маё жыццё ўладкавалася.

 

Навучанне ў сакрэтнай вучэльні

— Я выбраў некар’ерную вучэльню, але спыніўся на інжынернай. Выбар быў даволі спецыфічны. На поўначы Расеі ёсць горад Чэрэпавец — горад металургаў і хімікаў, у прамым і пераносным сэнсе, бо палова горада — зэкі. Але пры гэтым там знаходзіцца цікавая вучэльня. У свой час яна была на піку, але сваю спецыяльнасць я не змагу назваць, бо яна была сакрэтнай. У 80-я гады там нават была ўсталявана вылічальная машына. У звычайнай вайсковай вучэльні, адна з першых ва ўсім саюзе. Такія задачы вырашала тая вучэльня. Там я зразумеў, што матэматыка і праграмаванне — гэта маё пакліканне. У той час ніхто не разумеў, што гэта такое і куды гэта вядзе.

— У вайсковай вучэльні? Атрымліваецца, што вы не давучыліся і кінулі?

— Я са скандалам кінуў вучэльню, адвучыўся тры гады і вырашыў, што гэта не маё і трэба завязваць. З-за таго, што гэта спецыфічная вучэльня, мне прыйшлося прайсці складаную працэдуру адлічэння. Мяне выслалі ў самы паўночны куток Расеі. Напэўна, для таго, каб я добра загартаваўся. Першы раз я апынуўся ў месцы, дзе паўгода лета, а паўгода — зіма. Там не так, як у Піцеры, дзе летняя ноч і людзі радуюцца, але летняя ноч такая, што сонца проста ходзіць па коле, хочацца спаць летам — і не можаш заснуць. А зімой сонца першы раз з’яўляецца за даляглядам 2 лютага, і ўсе: сабакі, каты, людзі — выстройваюцца ў шэраг і радуюцца тым кароткім хвілінкам, калі сонца з’яўляецца, і крычаць «ура!».

— Гэта была своеасаблівая высылка?

— Мне прызначылі цяжкасцяў па максімуме — 2 гады вайсковай службы. Выправілі ў самую загадкавую частку. Гэта была Рыбацкая паўвыспа. Памежная частка з Нарвегіяй. На суседняй сопцы ўжо стаяла нарвежская вышка. Мы, лежачы на ложку, на 2-м ярусе, цэлілі па нарвежцах праз трубачкі. Іхні дазорны глядзеў на нас у бінокаль і думаў, пэўна, што мы — ідыёты. Мы ўсякія непрыстойныя жэсты паказвалі, усяго хапала. Баявая падрыхтока ў нас таксама адрознівалася. У іх тэхніка не заводзілася пры мінус 20, а ў нас — заводзілася. І пры —30, і —40, вось так мы «ваявалі» з патэнцыйным праціўнікам, а яны — сядзелі ў казармах ці дома і курылі бамбук. Гэтым адрознівалася служба.

Пабывалі на супольным маяку, хадзілі на боце мяняць акамулятарныя батарэі — першы раз за мяжой пабываў. Там жа пабачыў нераст чырвонай рыбы, як акулу, метраў з 5, выцягваюць, бо яна заблыталася ў сетцы, як уцякаць ад прыліву, калі штосекунду павялічваецца хваля на 10 сантыметраў. Ты не паспяваеш і чакаеш паўдні на выспе, пакуль не пачнецца адліў. Так, лагічна, калі я вярнуўся ў Беларусь дадому, я пайшоў працаваць на наш чырвонаштандарны трактарны завод. У самую цяжку частку — ліцейны цэх №2. Мазгі мае прыйшлі за год у парадак. Пасля я паступіў на факультэт прыкладной матэматыкі і стаў праграмістам і матэматыкам.

— А чым далей займаліся?

— Паехаў у Маскву ў НПА імя Лавачкіна, дзе займаліся далёкім і блізкім космасам. Мы не займаліся непасрэдна касмічнымі задачамі, хаця працавалі амаль на падземным аэрадроме. Мы займаліся непасрэдна адкрыццём і арыентацыяй сонечнай батарэі. Вось так звязалася матэматыка, праграмаванне і сонечная энергетыка. У ваенна-касмічных сілах. Бо там, дзе космас, заўжды ёсць сувязь з войскам.

— Выходзіць, што гэта ўжо надыходзілі 90-я? Што здарылася з вытворчасцю?

— У касмічнай галіне адбыўся моцны крызіс. Нашую лабараторыю закрылі, усе засталіся без працы, трэба было карміць дзяцей і вяртацца ў Беларусь і засвойваць новыя спецыяльнасці — напрыклад, паліграфію і графіку. Усе займаліся выдавецтвам. Мне ўдалося тут быць у першых шэрагах з людзьмі, якія ўзначальваюць паліграфічны рынак. Мы ўпершыню вывелі плёнкі, якія былі прызначаны для каляровага друку. Раней гэта ўсё прывозілі з-за мяжы, а тут мы самі пачалі вырабляць. Дзесьці дапрацавалі праграмнае забеспячэнне, дзесьці ўзламалі. Потым яшчэ рэкламай паспеў займацца. Нашая кампанія рыхтавала «Экспа Беларусь» у Гановеры. Мапы, плакаты: чым мы ганарымся, якімі людзьмі выбітнымі, хто мы такія. Беларусы ўпершыню ўдзельнічалі ў ёй у 2000 годзе. Гэта было вельмі сур’ёзна. У 15-м годзе мы ўзгадалі гэтую традыцыю і распавядалі пра краіну ў новых мабільных абставінах у Мілане.

 

Ад касмічных караблёў да сонечных батарэй

— А як пачалі займацца сонечнай энергетыкай?

— Роўна 6 год таму мы прыйшлі ў гэтую сферу з братам. Мой малодшы брат — вельмі таленавіты інжынер. Ён рабіў рухавікі для гадзіннікаў у Гомелі і Горадні. У Гомелі — гадзіннік над палацам Паскевічаў, электроніку, рухавікі, рэканструкцыю тэатральных сцэн у менскіх тэатрах рабіў. Усё ён праграміў і распрацоўваў. Я папрасіў яго займацца. Праўда, нядаўна яму гэта надакучыла, сказаў, што ўсё пастаўлена і распрацавана і яму болей нецікава.

Ад самага пачатку мы наіўна разлічвалі, што ў Беларусі трэба вырабляць сонечныя модулі. Мы хацелі заразіць першых інвестараў — таварыства «Бавін». Прэзентавалі тэму буданіцтва завода па вытворчасці модуляў. Калі б гэта удалося, то зараз усе сучасныя станцыі ў Беларусі былі пабудаваны з айчыннымі модулямі, тады быў спрыяльны час для будаўніцтва. Неўзабаве пабудавалі падобны завод у Літве, потым ва Украіне. А там завалілі рынак кітайцы.

— Але чаму інвестары не зацікавіліся?

— У нас пераважае ў бізнэсе стратэгія «купі-прадай». Заўжды перамагала. Людзі ў «Бавіне» разумелі, што вытворчасцю нашай краіне складана займацца, яны думалі пайсці ў іншую сферу, але трымацца далей ад вытворчасці, хаця высокатэхналагічная вытворчасць абяцала вялікія перавагі.

— Вы прынялі рашэнне, што аднаўляльныя энергастанцыі магчымыя і без адмысловага завода?

— Мы пачалі думаць, дзе знайсці надзейных пастаўшчыкоў. Навучаліся ў Нямеччыне, Заходняй Еўропе, Кітаі. Наведалі будаўніцтва сонечнай станцыі ў Кітаі. Хаця мы, канешне, больш назіралі, чым працавалі. Яны будавалі ва ўнутранай Манголіі станцыі быццам аўтаматы. Хуткасць мантажа станцыі проста неверагодная. Яна мегаватную станцыю могуць змантаваць за тыдзень, пры тым што яны цяпер бяруць не колькасцю, але адладжаным працэсам, парцуе 2 інжынеры, і мне здаецца, што яны правільна робяць. У іх мала сваіх ідэй, але ажыццяўленне ідэй — самы галоўны козыр ва ўсеагульным падзяленні працы. Імгненнае ўвасабленне ідэй і адсейванне неэфектыўных. Адразу каля 200 кампаній кідаюцца на рэалізацыю новай тэхналогіі. У першы год застаецца 1 і гіне 199, але тыя, што памерлі, у тым жа годзе займаюцца новай справай і стараюцца ў ёй замацавацца. У мяне так з’явілася шмат сяброў з Кітая. Вось адзін, напрыклад, пастаянна прыязджае. Ён і дрэваапрацоўку паглядзіць і IT, у яго заўжды 9—10 ідэй загіне, але адна добра трымаецца. У мяне ёсць сябра Бін Цао, ён адвучыўся ў Еўропе. Я вадзіў яго на хакатон, там было 150 праграмістаў і прагнучых людзей. Нешта яму перакладаў, пра нешта ён здагадваўся. Ён мне сказаў, што ў іх такога няма, у іх ніхто не цягнецца да тэхналогіі. У іх няма цягі да тэхналогіі, толькі да засваення. У іх займаюцца ангельскай, менеджментам, але мала хто займаецца чымсьці, што яшчэ вышэйшае, каб абмяркоўваць навукаёмістыя тэхналогіі.

— Нешта распавядаеце яму пра Беларусь?

— Мы шмат гутарым пра гісторыю Беларусі. Яму, напрыклад, нецікавая Брэсцкая крэпасць. Даводзіць, ці цікавая б мне была брама нейкай дынастыі і паўгадзінны расповед пра тое, якое важнае месца ў гісторыі Кітая гэтая брама займае. Нарэшце, ён спытаўся, ці ёсць музей зброі, а мост і крэпасць — іх гэта не цікавіць.

— Ці змаглі яго ўсё-такі зацікавіць чымсьці гістарычным?

— Вось, напрыклад, часам вайны Напалеона, як развіваліся тут польска-беларуска-рускія адносіны. Гэта выклікае інтарэс і паказвае значнасць месца нашай краіны ў гісторыі. А крэпасць — нічога.

 

Нават немцы ўжо наеліся «зялёнай энергетыкай»

— Вы заняліся сонечнай энергетыкай з-за таго, што за апошні час у Нямеччыне адмаўляюцца ад атамных тэхналогій на карысць аднаўляльных рэсурсаў.

— Насамрэч, гэта не зусім так. Немцы наеліся ўжо сонечнай і ветравой энергетыкай. Сваю праграму па развіцці аднаўляльнай энергетыкі яны прафукалі 3 разы. Цяпер па гэтую праграму ўжо стаяць чэргі. Яна сябе вычарпала даўно, як і грошы ў бюджэце. Вялікая праблема тут у інтэграцыі ў агульную электрасетку. Недарма з’явіўся праект «SmartGreen»

Дзе нарадзіўся — там і прыгадзіўся. Там дзе вырабляеш, там і разлічвай, што ты і твой сусед будзе спажываць. Перад тым, як ты запланаваў дзесьці пабудаваць сонечную станцыю, схадзі і дамоўся з суседам, каб ён набыў, што яна танней будзе ці зелянейшая-зелянейшая. А немцы вельмі ў гэта не вераць зараз. Час эмацыйнага пад’ёму, што мы ўсё пакрыем зялёнай коўдрай, — на спадзе. Ідэя сябе дыскрэдытавала.

— Атрымліваецца, што энергетычная сістэма, пабудаваная на аднаўляльных рэсурсах, не апраўдвае сябе?

— Часткова з-за выдаткаў. Усе на гэтым хочуць зарабіць, і станцыя ў Нямеччыне каштуе ў чатыры разы больш за кітайскую. Нават там здараецца так, што нямецкая кампанія бярэ скрынкі з кітайскімі модулямі, ставіць лэйбу — і вырабы становяцца нямецкімі. У іх, канешне, ёсць свае тэхналогіі, якія яны самастойна вырабляюць, хіба толькі важую частку абсталявання, якая з’яўляецца ключавой. А ўсё астатняе будзе зроблена ў Кітаі. Патэнт у розных краінах увогуле розны. У Кітаі патэнт трэцяга ўзроўню такі, што калі выраб іншага колеру і формы і — увага! — прыносіць іншыя ўражанні, то ён лічыцца патэнтна чыстым прадуктам. Лепш жыць рэаліямі, якія ты ведаеш. Мы быццам ведаем, што ў Германіі ўсе зацікаўлены чыстай энергетыкай, але гэта толькі ілюзія.

 

Ці можа энергетычная бяспека быць зялёнай?

— Калі перанесці погляд на Беларусь, ці магчыма ў нас надаць большую ролю аднаўляльным энергарэсурсам у канцэпцыі энэргетычнай бяспекі?

— Так павінна быць. Калі сачыць за сітуацыяй ва Украіне альбо там, дзе старэйшыя праблематыкі, — Балгарыя, Славаччына, дзе пералічылі цэны газу. Дагэтуль яны разлічвалі, што Расея павінна танней ім пастаўляць газ. Пасля пераацэнак тыя краіны зразумелі, што гэта дорага, і прыйшлося шукаць прыёмы энергаэфектыўнасці, якія зменшаць спажыванне. Часам дзівішся, калі тэліць дырэктар завода і кажа, што хоча паставіць электрастанцыю на заводзе, каб атапліваць яго і грэць ваду. Я ў яго пытаюся, ці маюць яны ўцепленыя вокны, уязныя брамы. Што спачатку варта навучыцца зберагаць, а не здабываць лішняе, каб яго выпусціць у фортку. А ён кажа: «Для чаго?» Пра што далей можна гутарыць…

— То бок гэта праблема ў галаве?

— Так. Цяпер у асноўным замоўца, нават прыватнік, пытаецца, як здабыць 15 кВт на гадзіну. Давайце я пастаўлю сонечную станцыю. Я адказваю, ці не танней будзе разумна скарыстацца ці захаваць. Гэта цяжкі выпадак. Тады ён гаворыць, што не можа знайсці супольнай мовы і зяртаецца да іншага. Але калі чалавек сумленны, ён паўсюль скажа тое самае. Самае важнае сёння — навучыцца лічыць і загадзя пралічваць.

— За апошні час было шмат зроблена дзякуючы праекту ПРААН.

— Менавіта. Я працую ў гэтым праекце кансультантам. Тэхналогія і дысцыпліна сёння больш важная за пабудаваную станцыю. Мне нядаўна спадабалася размова Чубайса з Грэфам. Чубайс — малайчына, ён сказаў, што важна мець тэхналогію і ўжо добра, што мы можам яе пабудаваць. Для дзяржавы толькі важна, каб уся электраэнергія залічвалася па сальдавым прынцыпе. То бок ёсць тое, што спажыў і вырабіў, а плоціш — за розніцу. Тады сітуацыя вырашыцца сама сабой. У нас жа ўскладнены ўсе працэдуры. Патрэбны 38 паперак, каб усталяваць электрастанцыю. У прынцыпе, такой бюракратыі няма ні ў адной краіне. У нас часта прыводзяць прыклад: а ў Славаччыне — так, а ў Нямеччыне — так. Але так — нідзе няма. Пакіньце 6 паперак, спрасціце, увядзіце сальдавы прынцып. Тады народ зразумее, што народ плоціць толькі кавалак сумы, але чамусьці гэта нікому не патрэбна?

— А чаму гэта непатрэбна?

— Кожнаму трэба на сваім месцы рабіць выгляд, што ён робіць сваю справу.

— Напэўна, вы гэтаксама скептычна настроены да ўжывання атамнай энергетыкі ў Беларусі?

— Вядома, мы маем негатыўны досвед выкарыстання атамнай энергетыкі ў Савецкім Саюзе. Але хочацца верыць, што за гэты час у РосАтаме шмат памянялася і адтачыўся тэхналагічны працэс, з развіццём ваенных тэхналогій, якія вельмі звязаныя з атамнымі. Тут важны тэхналагічны працэс. Вы бачылі, як будуюць дамы ў Швейцарыі? Прыклад з жыцця майго сябра. Стаяць дамы, пабудаваныя ўкраінцамі, славакамі, немцамі і швайцарцамі. У такой паслядоўнасці яны і развальваюцца. Здаецца, людзі зацікаўлены ў працы, але не маюць тэхналагічнай дысцыпліны, хаця і маюць добрыя матэрыялы. Гэта рэальны выпадак з жыцця майго сябра, які жыве ў Швайцарыі. Здаецца, тыя самыя рукі і ногі і матэрыялы, але галава не на тым месцы. Швайцарцы будуюць з немцамі даўжэй, затое якасць і гарантыя якасці. Апроч гэтага варта звярнуць увагу, што неўзабаве пад Валожынам з’явіцца вялікі ветрапарк. Калі ў Францыі ветракі гарэлі, агонь разлятаўся на 5 кіламетраў. Я баюся, што там можа быць большая небяспека за атамную станцыю, якую можна больш жорстка кантраляваць. Проста можа нехта недакруціць болт і падумаць, што дакруціць іншы ці пазней. Ён жа яго 25 год круціў у сябе на трактарным гэты болт. Так арабы набудавалі ў Францыі «лятаючыя» ветракі, ва Украіне лопасць зляцела на 17 кіламетраў і разнесла вёску.

— Але ў беларусаў складанае стаўленне да атамнай энергетыкі і наступстваў трагедыі на ЧАЭС? Мабыць, тут больш важны маральны бок справы?

 

— Не. Тут патрэбна большая ўвага і кантроль. Мы часта гаворым, быццам мы крэдыту не бралі, не мы вырашалі станцыю будаваць. А хто вы? Мы, грамадзяне Беларусі. А хто тады браў? Адказу няма. А хто тады дапамогу атрымліваў? А заробкі? А куды падзеліся 6 мільярдаў расейскіх грошай? Як мой сын плаваў у басейне ці ў лядовым палацы з клюшкай бегаў? Тут, на жаль, усё ўзаемазвязана. Цяпер застаецца толькі наладзіць супрацу па тэме АЭС і мінімізірваць рызыку. Тым болей пра ветрапарк пад Валожынам ніхто не піша.

— Пра гэта непапулярна пісаць і рызыкі іншыя…

— Так. Вельмі проста пісаць пра пабіты энергаблок. А калі людзі пішуць ад балды, дык у нас такіх небяспечных аб’ектаў валам па ўсёй краіне.

— Так, але ж тут яшчэ праблема ў наянасці спецыялістаў і досведу.

— Калі б нашыя захацелі, то маглі б зрабіць тут школу. Працавалі больш дысцыплінавана за расейскіх супрацоўнікаў. Вось у Турэччыне цяпер шукаюць супрацоўнікаў, бо не хочуць браць туркаў і не жадаюць расейцаў. Маглі б паставіць справу на паток і гадаваць спецыялістаў для станцый па ўсім свеце. Усё шукаем шчасце ў Вялікім Княстве замест клопату пра будучыню, на жаль.

— Як тады выглядае будучыня сонечнай энергетыкі ў Беларусі? За апошнія гады, дзякуючы інавацыям, у Беларусі з’явіўся цэлы шэраг праектаў з выкарыстаннем сонечнай энергетыкі.

— Цяпер ужо ва ўсіх абласцях, асабліва на поўдні, былі пабудаваны сонечныя станцыі. Але давайце зазірнём у заўтрашні дзень. Мы шчыльна стасуемся з кітайцамі, і яны перакананы, што сонечныя станцыі ў сваёй цяперашняй форме гады праз 2 памруць. Усё да гэтага ідзе. Дык вось немцы гавораць, што вы, рускія, кажаце, што зараз усё набудзеце — паставіце і будзе ўсім шчасце. А трэба так: вось маеце невялікую задачу — прыбіральню на вуліцы ці тваё лецішча, дзе можна вырашыць праблему водазабеспячэння, мінімальнага энергаспажывання, сілкавання жыццедзейнасці. Вырашы гэтую задачу, не замахвайся і не спрабуй прадаць гэта. Вось ад гэтай мінімальнай ячэйкі, як ад сям’і расце дабрабыт краіны. А тыя, хто паставіў вялізныя і сказаў, мы — Вэлком, паставілі 2 мВт і будзем яшчэ больш нажывацца на вас. Таму кітайцы гавораць так: усё далейшае развіццё будзе выключна на вырашэнні лакальных задач. Пакінулі вы парасон, ён энергію назбіраў і напісаў вам, якога … вы яго забыліся 30-га чысла на прыпынку. Ці робататэхніка, дастаўка квадракоптарамі, яна мае патрэбу ў падсілкавальных станцыях. Вось тут сонца можа дапамагчы, каб не трэба было энергапраэкт з БелЭнэрга ўзгадняць. Распрацоўваецца праект і вырашаецца задача. Літаральна праз гады тры гэта будзе паўсюдна. Рукзакі, вопратка і шмат яшчэ чаго будзе вырабляцца з патрэбнага матэрыялу, які накоплівае энергію. Так у Кітаі ўжо вырабляюць некалькі відаў вопраткі для будаўнікоў, якім патрэбна рацыя, ліхтарык. За дзень ён назапашвае энергію, якая выкарыстоўваецца ўжо ўвечары. Таму аднаўляльныя рэсурсы павінны забяспечваць такія лакальныя патрэбы.

— Значыцца, у Беларусі можна хутка будзе сустрэць лавы для сілкавання?

— Гэта адбудзецца хутчэй, чым вы думаеце. Для сілкавання машыны не хопіць сонечнай станцыі. Маск тут хлусіць: альбо трэба будзе такую станцыю пабудаваць, якая закрые палову Мінскага раёна і яшчэ кавалак Чэрвеньскага. Пра Маска я думаю, што ён проста выцягвае фінансаванне і ўкладанні.

— Чым тады карысным можа быць сонца?

— Нагрэў вады ўвосені і ўлетку. Дачнікі проста павінны гэта выкарыстоўваць, і каштуе танна. Сонечны калектар — называецца. Што тычыцца батарэй — то тут трэба лакальна. Калі ў цябе няма на будоўлі ці рыбнай хатцы і каб не весці туды слупы ці не рыць, пракласці тоненькую стужачку, паставіўшы на кожным возеры станцыю для сілкавання мабілак, вай-фая, ежу гатаваць, каб ва ўсіх было святло і не гадзіць у кожным месцы. Вось такія задачы варта рэалізоўваць. Зялёныя сцежкі. Там, дзе экалогія, — там павінны быць сонечныя станцыі, а не наадварот.

— А калі казаць пра жылыя дамы?

— Гэта амаль нерэальна, але магчымы досвед грамадскіх патрэб. Адкрыццё-закрыццё святла, назірання. Вырубілася святло ў мікрараёне, і ўсе сябе адчуваюць фантастычна. Але на большае нельга разлічваць. Тут толькі малая ветравая сіла можа дапамагчы. Малая ветравая недаацэненая ў нас.

— А ў чым розніца?

— 3—5 кВт супраць 3 мВт, якія маюць патрэбу ў сваіх умовах бяспекі.

Андрэй Дусмікееў перакананы, што будучыня энергетыкі — у вырашэнні лакальных задач з дапамогай аднаўляльных энергарэсурсаў. Лесаахова, прамысловыя распрацоўкі могуць быць забяспечаны энергіяй з аднаўляльных крыніц, і танна.

Эксперт перакананы, што беларусы маюць патрэбу не толькі ў распрацоўцы IT. Шмат беларусаў маюць канструктарскую, інжынерную адукацыю, маюць аграмадны досвед машынабудавання, які накопліваецца ў генах, які можна выкарыстоўваць, калі яго правільна ўладкоўваць і накіроўваць усе рэсурсы ў патрэбнае рэчышча.

Ужо ўвесну на вайсковай выставе будзе прадстаўлена цэлая сістэма, комплекс, які сонечныя распрацоўкі бюро Дусмікеева будуць забяспечваць электрасілкаваннем. Някепскі прыклад беларускай вытворчасці новага пакалення. 


Дата стварэння навіны 30.03.2017

Возврат к списку