АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Наста Лойка: Мы зноў увайшлі ў стадыю жорсткіх мераў да іншадумцаў

Наста Лойка: Мы зноў увайшлі ў стадыю жорсткіх мераў да іншадумцаў
29.03.2017
Разгонамі пратэстаў, жорсткімі затрыманнямі і прысудамі беларускія ўлады груба парушаюць правы чалавека і ўзятыя на сябе абавязацельствы.

З другой паловы лютага па ўсёй Беларусі пракацілася хваля сацыяльных пратэстаў, звязаных з увядзеннем дэкрэта прэзідэнта №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”. Спачатку на пратэстоўцаў, якія патрабавалі адмену дэкрэта ў Мінску і рэгіёнах, праваахоўнікі не звярталі ўвагі, але ў сакавіку сітуацыя змянілася: пачаліся затрыманні, часам досыць брутальныя, многія з іх заканчваліся жорсткімі прысудамі. Кульмінацыя драматычных падзей наступіла 25 сакавіка, калі беларусы выйшлі святкаваць Дзень Волі, і ў выніку каля 700 чалавек былі затрыманыя. Салідарныя з імі грамадзяне на наступны дзень выйшлі на Кастрычніцкую плошчу ў Мінску, і многія з іх пасля гэтага таксама апынуліся ў пастарунках. Учора ж па ўсёй Беларусі працаваў сапраўдны судовы канвеер: затрыманым у выхадныя спраўна выпісвалі штрафы і суткі арышту. Пра вынікі гэтых пасяджэнняў Служба інфармацыі “ЕўраБеларусі” пагутарыла з юрысткай Праваабарончага цэнтру “Вясна” Настай Лойкай.

– Праваабаронцы назіралі за ўчорашнімі судовымі працэсамі. Колькі людзей  асудзілі агулам?

– За судовымі працэсамі ўчора назіралі актывісты грамадскага кантролю. Для гэтага не трэба ніякіх пасведчанняў, любы можа прыйсці ў суд. Учора сярод назіральнікаў былі нашыя калегі  і валанцёры з “Вясны”, “Беларускага дакументацыйнага цэнтру”, “Ідэнтычнасці”, студэнцкія актывісты, але і шмат неабыякавых людзей, якія проста адгукнуліся на мой пост у Фэйсбуку з заклікам прыйсці ў суды.У нас ёсць інфармацыя пра 138 чалавек, якіх судзілі, і вынікі па 83 судовых працэсах.

– Што можна сказаць пра такія розныя прысуды – ад 4 базавых да 80, ад 4 сутак да 25? Чаму такая розніца, ці ёсць тут нейкая логіка?

 – Відавочна, у судоў была гнуткая ўстаноўка – даваць да паловы штрафаў і арыштаў. А памеры ўжо вызначалі самі. Логіка вельмі суб’ектыўная: замежным грамадзянам давалі, часам, больш, чым беларусам – ніхто не атрымаў штраф, толькі суткі.

– Ці можна параўнаць цяперашнюю сітуацыю з падзеямі снежня 2010 года? Што агульнага і што рознага паіміж імі?

– У 2010-м годзе была хаця б мінімальна зразумелая логіка для разгону: сапраўды было шмат людзей і пабітае шкло. Цяпер жа не было нават пяці тысяч удзельнікаў і мінімальнай нагоды для разгону не назіралася. Але па колькасці затрыманых пры гэтым мы наблізіліся, толькі што з 700 затрыманых большасць была вызваленая, каля 130 засталіся да суда пад вартай. Але і тады, і цяпер было непрапарцыянальнае ўжыванне фізічнай сілы, адвольныя затрыманні, выпадкова затрыманыя, зняважлівае абыходжанне, супрацоўнікі міліцыі не прадастаўлялі інфармацыю пра затрыманых.

– Як праваабаронцы і грамадзянская супольнасць могуць супрацьстаяць таму, што адбываецца?

– Мы можам – і дэманструем – высокі ўзровень салідарнасці як унутры краіны, так і на міжнародным узроўні. Людзі з розных НКА займаюцца назіраннем, перадачкамі, зборам сродкаў для затрыманых і г.д. Замежныя калегі збіраюць інфармацыю, распаўсюджваюць яе, падтрымліваюць нас у гэтыя нялёгкія дні.

– Што далей будзе з маніторынгам грамадскіх пратэстаў і яго вынікамі?

– Мы плануем працягваць маніторынгі і нават падрыхтавалі справаздачу пра акцыю 25 сакавіка, за якой нам не далі магчымасці паназіраць. Мы апісалі факт перашкодаў для назіральнікаў, а таксама адсачылі падзеі па СМІ.

– Як увогуле можна ахарактарызаваць падзеі, звязаныя з пратэстамі, затрыманнямі і пакараннямі, якія адбываюцца цягам апошняга месяца?

– Мы зноў увайшлі ў стадыю жорсткіх мераў да іншадумцаў, у тым ліку ў выглядзе разгонаў, арыштаў і крымінальнага пераследу, што з’яўляецца грубым парушэннем правоў чалавека і ўзятых на сябе абавязацельстваў з боку беларускіх уладаў.


eurobelarus.info


Дата стварэння навіны 29.03.2017

Возврат к списку