АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

КДБ: абвінавачваньне па справе «Белага легіёну» ня выстаўленае

КДБ: абвінавачваньне па справе «Белага легіёну» ня выстаўленае
28.03.2017
Па гучнай справе аб падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў у Менску (так званая справа «Белага легіёну») было затрымана 26 чалавек. Але афіцыйнае абвінавачаньне арыштаваным ня вынесенае, сказаў Свабодзе начальнік управы сувязяў з грамадзкасьцю КДБ Дзьмітры Пабяржын. Паводле ягоных слоў, для высьвятленьня ўсіх пытаньняў ёсьць прадугледжаны законам час:

«Яшчэ час ёсьць, да 31 сакавіка. Сёньня-заўтра мы плянуем даць больш разгорнутую інфармацыю. Давайце пачакаем, пакуль усё сфармуюць. Мяркую, будуць дадзеныя адказы на ўсе пытаньні», — сказаў Дзьмітры Пабяржын.

Прадстаўнік КДБ не ўдакладніў колькасьць арыштаваных фігурантаў справы «Белага легіёну» і таксама заклікаў пачакаць.

У сьпісе ахвяраў перасьледу за акцыі пратэсту, зьмешчаным на сайце праваабарончага цэнтру «Вясна», ёсьць і асобны сьпіс затрыманых у справе «Белага легіёну».

Гэты сьпіс на просьбу «Свабоды» скарэктавала і пракамэнтавала старшыня рады «Бацькаўшчыны» Ніна Шыдлоўская, былая жонка затрыманага экс-«легіянэра» Міраслава Лазоўскага.

 

Паводле Ніны Шыдлоўскай, у сьпісе меркавана 26 чалавек. Гэта затрыманыя 21 сакавіка Алесь Яўдаха, Міраслаў Лазоўскі, Андрэй Дундукоў, Ільля Грэк, Вячаслаў Дукшт, Аляксей Абрамаў, Ян Міхалькоў, Андрэй Комлік-Ямацін, Сяргей Барсток, Цімур Пашкевіч, Максім Сьцяпанаў, Уладзімер Румянцаў, Віктар Данілаў і Дзьмітры Новік. Да сьпісу варта далучыць і кіраўніка вайскова-патрыятычнага клюбу «Патрыёт» у Бабруйску Мікалая Міхалькова. Паводле Ніны Шыдлоўскай, пасьля допыту ў Бабруйску Мікалая Міхалькова адпусьцілі, але пазьней па яго прыехалі зь Менску, і цяпер ён зноў затрыманы. Трымаюць Мікалая Міхалькова ў СІЗА КДБ у Менску.

Там жа, меркавана, знаходзіцца і Яўген Палтаржыцкі, які расказваў для БТ пра схрон арматуры, нібыта закладзены «легіянэрамі».

Яшчэ 8 чалавек былі затрыманыя цягам двух дзён пазьней. Гэта маладафронтаўцы Арцём Леўчанка, Зьміцер Дашкевіч, Сяргей Пальчэўскі, Сяргей Стрыбульскі, Раман Васільеў, Зьміцер Крамянецкі, Уладзь Яроменак, а таксама Іван Кавальчук і Юры Гурын.

Апошнім «сьпіс Ніны Шыдлоўскай» папоўніў Андрэй Бяляўскі. «Гэта былы „легіянэр“, вось зьявіліся зьвесткі, што ён таксама затрыманы», — сказала Свабодзе 28 сакавіка Ніна Шыдлоўская.

 

Нявеста Міраслава Лазоўскага Сьвятлана кажа, што былых удзельнікаў «Белага легіёну» трымаюць у СІЗА КДБ:

«Так, ён у „амэрыканцы“. Сказалі, што ён арыштаваны, але абвінавачаньне яму яшчэ ня выставілі, што могуць трымаць цягам 10 дзён. Затрымалі 22-га, значыць, маўляў, яшчэ ёсьць час. У яго быў адвакат, перадаў, што адчувае сябе нібыта добра. Скаргаў нібыта асаблівых няма. Калі атрымаецца, заўтра будзе сустрэча з адвакатам зноў. Зваротнай сувязі зь ім пакуль няма, сказалі, што ў наступную перадачу можна будзе ўкласьці канвэрты, каб ён мог адправіць лісты», — сказала Сьвятлана.

Жонка арыштаванага Аляксея Абрамава Марыя сказала Свабодзе, што адваката яе мужа таксама выклікаюць у КДБ для сьледчых дзеяньняў на сераду, 29 сакавіка. Муж Марыі Аляксей, паводле яе слоў, таксама ў статусе арыштаванага, але абвінавачаньне яму яшчэ ня выстаўлена.

Маладафронтаўцаў, затрыманых пасьля таго, як арыштавалі былых «легіянэраў», трымаюць не ў СІЗА КДБ, а на «Валадарцы». Маці Сяргея Пальчэўскага Лідзія сказала Свабодзе: «Адвакат кажа, што бачылася з сынам, што нібыта ўмовы ў яго нармальныя, ня скардзіцца. Але як там насамрэч, ня ведаю. Ніякай інфармацыі пра справу яшчэ няма. Аднак будзем спадзявацца, што вызваляць».

Сярод іншых маладафронтаўцаў на «Валадарцы» трымаюць і сустаршыню арганізацыі Зьмітра Дашкевіча.

«Лістоў і званкоў ад яго пакуль няма. Сёньня буду гаварыць з адвакатам, можа зьявіцца нейкая інфармацыя», — сказала жонка палітыка Наста Дашкевіч.


Дата стварэння навіны 28.03.2017

Возврат к списку