АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

«Дзе тыя людзі, што любяць міліцыю»

«Дзе тыя людзі, што любяць міліцыю»
27.03.2017
"Я вас не біў, бо калі б я біў, то пашкоджанні былі б большыя. Я выконваў сваю працу, я ёй ганаруся", — сказаў сведка міліцыянт на судзе над Алесем Лагвінцом.

Алеся Лагвінца пасля брутальнага затрымання 23 сакавіка супрацоўнікі сілавых структур абвінавацілі ў лаянцы ў грамадскім месцы (артыкул 17.2 КоАП — “дробнае хуліганства”). Сведкамі выступілі тыя самыя два амонаўца, якія праводзілі затрыманні і ўжывалі фізічную сілу супраць Лагвінца. Да сённяшняга дня Алесь Лагвінец знаходзіўся ў шпіталі, паколькі атрымаў у выніку збіцця чэрапна-мазгавую траўму. Справу затрыманага і збітага напярэдадні Дня Волі палітыка разглядаў суддзя Козак суда Маскоўскага раёна. Паводле агучанага суддзёй пратаколу міліцыянтаў, Алесь Лагвінец, знаходзячыся на вуліцы, брудна лаяўся, чым дэманстраваў непавагу да грамадства і парушаў грамадскі парадак. Лагвінец рашуча аспрэчыў абвінавачванне. Паводле яго слоў, ён 23 сакавіка каля 12.40 ішоў з сынам, на яго накінуліся невядомыя і пачалі заштурхоўваць у мікрааўтобус. “Дзеянні былі падобныя на бандыцкія. Мяне цягнулі 150 м па вуліцы. Выглядала як выкраданне. Навакольныя людзі спрабавалі выклікаць міліцыю. Я не лаяўся, на гэта ёсць сведкі”. Абвінавачаны звярнуў увагу на недакладнасці пратакола (месца затрымання у пратаколе адрозніваецца ад фактычнага), наўмыснае ужыванне гвалту міліцыянтамі. Супрацоўнікі міліцыі былі ў цывільным чорным адзенні, яны не прадставіліся. “Падчас таго, як мяне везлі ў Маскоўскі РУУС былі нанесеныя фізічныя пашкоджанні: некалькі удараў кулаком у скроню і сківіцу у выніку я атрымаў ЧМТ лёгкай ступені”, — распавядаў шакуючыя падрабязнасці дастаўкі ў РУУС Алесь Лагвінец, дэманструючы сляды супрацьпраўных дзеянняў асобаў у цывільным на сабе. У Мінску, адбыўся суд над палітыкам Алесем Лагвінцом. На падставе ілжэсведчанняў міліцыянтаў, якія праводзілі затрыманні, Алеся пакаралі 10 суткамі арышту. Па версіі сведкаў міліцыянтаў Аляксандр Цюніс (на фота) і Максім Кавальчук, Лагвінец нецэнзурна лаяўся. На просьбу супакоіцца казаў грубасці на адрас міліцыі. Ён нібыта спакойна прайшоў з міліцыянтамі і сеў у машыну, але пасля пачаў паводзіць сябе буйна, біцца галавой аб спінку крэсла. На просьбы супакоіцца не рэагаваў, давялося ўжыць сілу. На даволі вострыя пытанні Алеся Лагвінца міліцыянты адказвалі стрымана. На ягоныя пытанні, ці не чаплялі на яго кайданкі, ці не збівалі, ці не пагражалі, сведкі міліцыянты адказвалі адмовай. Алесь Лагвінец у вочы абвінаваціў кожнага са сведкаў у хлусні. Падчас адказу на пытанні адваката выявілася, што адзін з міліцыянтаў, які праводзіў затрыманне Алеся Лагвінца выступіў таксама панятым падчас ягонага вобшуку, што груба супярэчыць працэсуальнаму кодэксу. Сведка міліцыянт таксама вінаваціў Лагвінца ў тым, што ён яго абражаў. На пытанне, ці не пісаў міліцыянт заяву на абразу Лагвінца, сведка адказаў, што маўляў прызвычаіўся да такога стаўлення і філасофскі заўважыў: “Дзе тыя людзі, якія любяць міліцыю”. На пытанні Алеся Лагвінца кіраўнік групы, якая ажыццяўляла затрыманне Аляксандр Цюніс сказаў: “Я не хлушу. Я вас не біў. вы ішлі добраахвотна ў машыну. Я вас не біў, бо калі б я біў, то пашкоджанні былі б большыя. Я выконваў сваю працу, я ёй ганаруся. На жаль, 2 старонніх сведкі з боку Алеся Лагвінца не змаглі быць у судзе, паколькі час слуханняў загадзя не агучваўся. Сведчыў на карысць Алеся толькі ягоны сын Антось. Сведчанні сваякоў звычайна суддзі не ўспрымаюць сур’ёзна. Да таго ж, Антося Лагвінца праз некалькі хвілінаў высадзілі з машыны, сказаўшы “быў загад затрымаць Аляксандра Лагвінца, а не яго сына”. Хадайніцтва зрабіць запыт у аператара сотавай сувязі з мэтай высвятлення месцазнаходжання Алеся Лагвінца падчас затрымання, а таксама заслухаць сведкаў з боку Алеся былі адхіленыя. Не звярнуў увагу суддзя на грубае парушэнне працэсуальнага кодэкса, калі міліцыянт, што затрымліваў Лагвінца, быў таксама панятым пры вобшуку, а таксама на той факт, які цалкам абышлі міліцыянты ў сваіх рапартах, што Алесь Лагвінец з сынам падчас затрымання знаходзіліся ва ўласным аўтамабілі. Пасля 20-хвіліннага перапынку суддзя зачытаў сваё рашэнне. Ён цалкам прызнаў Алеся Лагвінца вінаватым і пакараў яго арыштам у 10 сутак з моманту затрымання 23 сакавіка, піша novychas.by

Дата стварэння навіны 27.03.2017
Падзяліцеся навіной з сябрамі

Возврат к списку