АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Улада пралічыла ўсё, акрамя грамадзянскай свядомасці

Улада пралічыла ўсё, акрамя грамадзянскай свядомасці
26.03.2017
Улада зрабіла ўсё для таго, каб абезгаловіць пратэст. Але ўсё адно сабраліся, усё адно пайшлі, усё адно ўпарта не разыходзіліся. У гэтым, мабыць, і палягае прорва ў свядомасці паміж вайскова-вертыкальным стылем мыслення кіраўніцтва краіны і логікай народу.

Ці не ўпершыню 25 сакавіка прайшло пры амаль поўнай адсутнасці апазіцыйных палітыкаў. Выпадак, лічы, беспрэцэдэнтны. Па маштабах акцыя нагадвала пратэсты ў час выбараў, але і ў 2006-м, і ў 2010-м на Плошчы былі аратары, якія вялі за сабой, гукаўзмацняльная тэхніка. Часам, праўда, няслажана, у розныя бакі, але ж вялі і прамаўлялі. Сёлета ж народ ішоў цалкам самастойна, прамаўляў таксама: кароткія лозунгі паўставалі спантанна. А доўгія прамовы і не былі патрэбныя: усё ж зразумела.

Улада зрабіла ўсё для таго, каб абезгаловіць пратэст: Лябедзька, Губарэвіч, Рымашэўскі і Севярынец на сутках, Дашкевіч у СІЗА, Някляеў у лякарні з гіпертанічным крызам, Статкевіч знік (імаверна, таксама ў СІЗА). Прэвентыўна былі затрыманыя і дзясяткі іншых апазіцыйных актывістаў, сотні проста актыўных людзей, то бок ішла татальная зачыстка тых, “хто меў хаця б мінімальныя лідарскія якасці”, як напісаў блогер Эдуард Пальчыс.

І што ў выніку? Усё адно сабраліся, усё адно пайшлі, усё адно ўпарта не разыходзіліся. У гэтым, мабыць, і палягае прорва ў свядомасці паміж вайскова-вертыкальным стылем мыслення кіраўніцтва краіны і логікай народу. Калі б зніклі важныя міліцэйскія чыны, усе гэтыя тысячы “касманаўтаў”, курсантаў, “ціхароў” і г.д. не ведалі б што рабіць, а пасля склалі б шчыты, каб пайсці па хатах. Калі б знік кіраўнік дзяржавы — уся сістэма пасыпалася б за адзін дзень.

Такім чынам, улада пралічыла ўсё, акрамя фактара грамадзянскай свядомасці. Паводле ўладнай логікі, “каляровыя” рэвалюцыі робяцца лідарамі апазіцыі, якія ствараюць “падпольныя сеткі” на заходнія грошы, каб “злоумышлять” супраць існуючага ладу. Яны ж “плоцяць пратэстоўцам па 8-10 долараў на гадзіну, каб тыя выходзілі на акцыі”. “Прыбяры лідараў — нічога не адбудзецца…”

Але гэта толькі тэорыя. Пратэст нельга прыдумаць і праплаціць на пустым месцы. Масавы пратэст — гэта заўжды аб’ектыўны фактар. Апазіцыя можа далучыцца, дапамагчы, узначаліць, застацца ў баку, на свой выбар. Але незадаволенасць масаў усё адно выльецца, тым ці іншым чынам.

Героямі сёлетняга 25 сакавіка сталі не палітыкі ў дарагіх пінжаках, а мужчына, які падняў з зямлі сцяг, ведаючы, што яго затрымаюць, жанчына, якая стаяла на каленях перад шыхтом АМАПу, дзядуля з кійком, якога цягнулі ажно трое “масак”…

Улада пралічылася. Замест вядомых лідараў, якіх нескладана нейтралізаваць, заўжды будуць паўставаць новыя асобы, якія выйдуць наўпрост з натоўпу. Гэта, мабыць, і ёсць азнакай нараджэння грамадзянскай супольнасці, якую складаюць свабодныя самастойныя людзі.

“Усіх не перасадзіш!” — вядомы лозунг, які зараз набірае новы змест. Улады гатовыя падаўляць “мецяжы”, арыштоўаваць апанентаў у ціхай падваротні альбо ў прамым эфіры, штурмаваць офісы праваабаронцаў… Але знішчыць пратэст у прынцыпе — немагчыма. Бо гэта аб’ектыўны вынік волі, мужнасці і самастойнага мыслення тысяч і тысяч людзей. І на іх усіх, як не старайся, месца ані ў Акрэсціна, ані на Курапатах не хопіць, піша

novychas.by


Дата стварэння навіны 26.03.2017

Возврат к списку