АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

У каго праўда, той і мацнейшы

У каго праўда, той і мацнейшы
25.03.2017
Улада нічога не баіцца, пераконваў нас тры дні запар Аляксандр Лукашэнка. Дзень Волі ў Мінску звёў ягоныя заявы на нішто. Супраць дэманстрантаў з кветкамі паўсталі міліцыянты з помпавымі ружжамі, шчытамі, дубінкамі і вадамётамі.

Кадрамі брутальных затрыманняў людзей, якія нават не дайшлі да заяўленага месца збору, ужо поўны інтэрнэт. Праваабаронцы паведамляюць пра сотні затрыманых за спробу адзначыць 99-годдзе з дня стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Дарэчы, «чаша тая» не абмінула і саміх праваабаронцаў — больш паўсотні з іх, у тым ліку міжнародныя, былі затрыманыя на офісе за гадзіну да пачатку акцыі. Але, дзякуй богу, усе адпушчаныя.

Супраць дэманстрантаў з кветкамі паўсталі міліцыянты з помпавымі ружжамі, шчытамі, дубінкамі і вадамётамі. Падыходы да меркаванага месца акцыі — пляцоўкі ля кінатэатра «Кастрычнік» — былі перакрытыя кардонамі «касманаўтаў» (АМАПаўцамі ў шаломах) за кіламетр да яе — у абодва бакі. Людзей не пускалі дайсці дадому — тых, хто выйшаў у нязручны час «за хлебушкам». А тых, хто спрабаваў абурацца, адразу «пакавалі» ў аўтазакі.

На вуліцы зноў дэманстратыўна выкацілі вадамёты, з’явіліся нейкія незразумелыя спецмашыны. Можна было падумаць, што ўлады назнарок наладзілі парад паліцэйскай тэхнікі, каб прадэманстраваць грамадзянам, на што ідзе «падатак на дармаедства», і не толькі ён.

Падавалася, што ў цэнтры Мінска на некаторы час увялі вайсковае становішча. А ўсе, хто апынуўся ў гэты час на вуліцы, парушылі «каменданцкую гадзіну». За людзьмі літаральна палявалі. Падаецца, ну навошта хапаць тых, хто яўна сыходзіць з месца акцыі дадому. Але не: пад’язджае «аўтазак», з яго вывальваюцца тыя ж «касманаўты» і пачынаюць хапаць усіх, хто трапіць у поле зроку.

"На мітынгу былі? — Не. — Хутка на мітынг, і ў машыну!"

Можа быць, гэта і называецца: «мы нічога і нікога не баімся», як казаў Лукашэнка? Наўрад ці.

Ужо зараз некаторыя каментатары кажуць, што «ўлада прадэманстравала моц». Я не лічу, што яна «прадэманстравала моц». Пра паводзіны ўлады сёння можна казаць як заўгодна — яна «пайграла мускуламі», яна «паспрабавала запалохаць народ», яна «ў чарговы раз паказала свой твар». Але «прадэманстравала моц»? Прабачце, гэта — не моц. Гэта слабасць. Калі супраць людзей з кветкамі і сцягамі кідаюць узброеныя атрады спецпрызначэння — гэта не сіла.

Моц якраз паказалі дэманстранты. Тыя, каго апошнімі тыднямі запалохвалі крымінальнай справай па «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў». Тыя, каму па тэлебачанні круцілі ролікі са зброяй і гранатамі. Тыя, хто ведаў пра больш за тры сотні прэвентыўна затрыманых і арыштаваных напярэдадні Дня Волі. Тыя, каго запалохвалі аўтаматчыкамі на Кастрычніцкай плошчы.

Гэтыя людзі проста не збаяліся. Усімі папярэднімі дзеяннямі напрацягу тыдня ўлада ім даводзіла, тлумачыла, і нават па тэлевізары паказвала, што будзе, калі яны прыйдуць святкаваць Дзень Волі. І ўсё адно тых, хто «не зразумеў» гэтых тлумачэнняў, назбіралася багата. Канешне, калі людзей «заварочвалі» і хапалі з абедзвюх бакоў ад месца збору, цяжка палічыць, колькі народу прыняло б удзел у акцыі, калі б яна адбылася. Але тое, што іх былі б тысячы — дакладна. Прынамсі, калона сыходзячых з плошчы Якуба Коласа расцягнулася ад самой той плошчы да скрыжавання з вуліцай Казлова па абодва бакі праспекту. Хто ведае Мінск, той разумее — гэта даволі шмат.

А яны ж ведалі, што за сцяг будуць хапаць!

Так, народ хапалі. Некага спрабавалі адбіць, нехта ўцёк. Але не было пануючага страху: людзі разбягаліся, зноў сыходзіліся і крочылі далей. Здавалася б, ужо «рассеяныя» дэманстранты зноў збіраліся ў новай кропцы.

«Я думаю, што моц у праўдзе. У каго праўда, той і мацней», — казаў герой Бадрова-малодшага у культавым баевіку «Брат-2». Відавочна, улада, якая «моцная» і «нікога не баіцца», сёння прайграла па ўсіх франтах. Яна паказала, што яе «моц» і «не боязь» хаваецца за шчытамі АМАПу. А вось дэманстранты якраз паказалі, што «з кім праўда, той і мацнейшы».

А як людзі зразумелі, што з імі праўда, — адразу знік страх.

«А што яны могуць мне зрабіць? Арыштаваць, пасадзіць, з працы выгнаць?» — рытарычна пытаецца адзін удзельнік «пешага паходу» ў іншага, з агідай гледзячы на АМАПаўцаў? Сапраўды, што? Нават пасадзіць ужо не могуць: «узорна» затрыманых падчас на вуліцах Мінска ў асноўным адпускаюць з РУУСаў пасля прафілактычнай гутаркі. Прынамсі, зараз ідзе такая інфармацыя.

«Мы сёння мірна выйшлі, — кажа адзін з ўдзельнікаў гэтых падзеяў іншаму, стоячы на прыпынку і гледзячы на кардоны «касманаўтаў», што перакрылі ходнікі на мосце праз Свіслач. — А калі мы выйдзем не мірна, то гэтыя нас не стрымаюць».

Народ адчувае не толькі сваю праўду, але і пачынае адчуваць сваю моц. А вось гэта ўжо для ўлады небяспечна. Вельмі небяспечна.

І яшчэ раз паўтаруся — на вуліцах былі людзі. Былі грамадзяне. Быў народ. Гэта не «пятая калона», бо «пятая калона» была перасаджаная прэвентыўна.

Адзіна шкада (а можа і не шкада ўвогуле), гэта дзяржаўных прапагандыстаў. За тры гадзіны да планаванага пачатку акцыі ля Акадэміі Навук яны выгрузілі з машыны і знялі на відэа нейкія «доказы». А на Акадэмію, дзякуючы міліцыі, так ніхто і не дайшоў. Як яны зараз злепяць з гэтых кадраў прапагандысцкі фільмец — незразумела, піша novychas.by.



Дата стварэння навіны 25.03.2017

Возврат к списку