АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

25 сакавіка – Дзень Волі

25 сакавіка – Дзень Волі
25.03.2017
Галоўная падзея дня адбудзецца ў Менску. Рыхтуюцца да акцый і ў іншых гарадах Беларусі.

Ва ўсіх буйных гарадах Беларусі cакавік вызначыўся мноствам пратэстных выступленняў супраць заканадаўчай і эканамічнай палітыкі ўладаў. Дзень Волі – не выключэнне з гэтага шэрагу.

Патрабаванне адмены Дэкрэту №3, правядзення свабодных сумленных выбараў, эканамічных рэформ – застаецца надзенным. Гэтак жа як і патрабаванне спыніць масавыя рэпрэсіі супраць удзельнікаў мірных пратэстаў, журналістаў, праваабаронцаў.

Галоўная акцыя, прысвечаная Дню Волі, традыцыйна адбудзецца ў Менску. Згодна заяве аркамітэта святкавання Дня Волі – 2017, збор удзельнікаў абвешчаны а 14-ай гадзіне на пляцоўцы каля Акадэміі навук, дзе пройдзе мітынг. Далей плануецца шэсце па праспекце Незалежнасці  да Кастрычніцкай плошчы, дзе таксама адбудзецца мітынг. (Менгарвыканкам не дазволіў прапанаваны маршрут і фармат акцыі, падмяніўшы яго іншым).

У Берасці акцыя дазволеная ўладамі. Збор удзельнікаў а 12-й гадзіне на скрыжаванні праспекта Машэрава і бульвара Касманаўтаў (побач з ЦУМам). Потым – шэсце да плошчы Свабоды, дзе адбудзецца мітынг.

У Гародні мясцовыя ўлады таксама дазволілі мітынг з нагоды Дня Волі. Акцыя пройдзе ад 12:00 да 14:30 у Каложскім парку.

У Гомелі абвешчаны «Марш Недармаедаў II». Паводле інфармацыі ў сацыяльных сетках, ён пачнецца а 12-ай гадзіне на плошчы Паўстання і закончыцца мітынгам на плошчы Леніна. Галоўныя патрабаванні да ўлады: 1. Адмена Дэкрэту №3;  2. Змена выбарчага заканадаўства, каб у краіне з’явіліся сапраўдныя выбары; 3. Прыняцце эканамічнай праграмы, якая забяспечыць інвестыцыі, стварэнне новых працоўных месцаў, развіццё ініцыятывы.

Віцебск мяркуе пачаць акцыю на плошчы Перамогі, паведамляе Белсат. Першапачаткова заяўка ў гарвыканкам складалася на 14:00, але час перанеслі на 12:00.

Беларускі Дзень Волі таксама будуць адзначаць урачыстымі мерапрыемствамі ва Украіне, Польшчы, Літве, ЗША, Канадзе, іншых краінах свету.



Дата стварэння навіны 25.03.2017

Возврат к списку

cashback