АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

«Віктар Данілаў – ніякі не нацыст, а сюжэт БТ – маніпуляцыя»

«Віктар Данілаў – ніякі не нацыст, а сюжэт БТ – маніпуляцыя»
23.03.2017
У арыштаваным па справе «Белага легіёну» маладым чалавеку журналіст Польскага радыё пазнаў свайго армейскага таварыша.

22 сакавіка тэлеканал «Беларусь 1» паказаў відэа затрыманьня аднаго з фігурантаў справы «Белага легіёну» – жыхара Менску Віктара Данілава. У відэасюжэце паказана, як дзьверы ў памяшканьне, дзе знаходзіцца малады чалавек, выламвае спэцназ, а ў самім памяшканьні, як сьцьвярджае дыктар, знаходзіцца «арсэнал зброі». 29-гадовага Віктара Данілава паказваюць як небясьпечнага ультраправага экстрэміста, які рыхтаваў узброеную правакацыю 25 сакавіка.

«Я знаёмы з гэтым чалавекам, і ён не зьяўляецца ніякім нацыстам», – заяўляе журналіст польскага радыё Аляксандар Папко. У арыштаваным хлопцу ён пазнаў свайго саслужыўца Віктара Данілава. Сем гадоў таму яны разам праходзілі службу ў роце рэзэрву 114 Школы падрыхтоўкі прапаршчыкаў у Печах.

Аляксандар Папко: Віця быў адным з найлепшых жаўнераў у роце. Фактычна, ідэальны вайсковец: адукаваны, моцны фізычна, з веданьнем замежных моваў. Яго паважалі як байцы, так і камандзіры. Наколькі я ведаю, Віктар арганізоўваў ваенна-патрыятычныя летнікі для моладзі, а таксама ўдзельнічаў у добраўпарадкаваньні Курапатаў. Мы часамі перазвоньваліся пасьля арміі, віталі адзін аднаго са сьвятамі, некалькі разоў сустракаліся, абмяркоўвалі сытуацыю ў Беларусі, расейска-ўкраінскі канфлікт. Відэа арышту стала для мяне шокам.

Як вядома, «Белы легіён» спыніў сваю дзейнасьць яшчэ на пачатку 2000-х, аднак журналісты Беларускагадзяржаўнага тэлебачаньня заявілі, што арганізацыя рыхтавала ў Беларусі паўстаньне ці, як мінімум, узброеныя правакацыі 25 сакавіка.

Сюжэт «Беларусь 1» – гэта выразная маніпуляцыя, кажа журналіст.

Аляксандар Папко: Шмат увагі ў сюжэце надаецца малюнку, на якім узброеныя байцы ў масках трымаюць сьцяг «Белага легіёну» і вывешваюць бела-чырвона-белы сьцяг на Доме ўраду ў Менску. Пры гэтым дыктар не кажа, што байцы на гэтым малюнку топчуць нагамі чорны сьцяг РНЕ – нацысцкай расейскай арганізацыі. Патроны, якія паказаныя на відэа – вучэбныя, з характэрнымі адціскамі на баках. Страляць яны ня могуць, а служаць для таго, каб трэніраваць байцоў снараджаць магазыны. Моцна памятыя й пацёртыя гранаты й запалы – таксама муляжы без выбуховага рэчыва. Відавочна, яны служылі для трэніровак у гэтых самых летніках для моладзі. Наконт зброі – сказаць цяжка. Аднак вельмі магчыма, што аўтамат Калашнікава – страйкбольны. А карабін «Сайга» (калі ён сапраўдны) можа мець любы паляўнічы. Наколькі я памятаю, Віця займаўся паляваньнем.

Справа «Белага легіёну» прыдуманая дзеля таго, каб запалохаць грамадзтва, прадухіліць пратэсты 25 сакавіка й зьбіць любую пратэстную актыўнасьць пазьней. Таму паказанаму ў відэа я абсалютна не давяраю – заяўляе Аляксандар Папко.


radyjo.net


Дата стварэння навіны 23.03.2017

Возврат к списку