АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

Валер Костка: Лукашэнка сам падлівае масла ў агонь

Валер Костка: Лукашэнка сам падлівае масла ў агонь
22.03.2017
Лукашэнка спрабуе не супакоіць народ, наадварот, нагнятае абстаноўку ў краіне яшчэ больш. Менавіта ў такім святле Валер Костка, у мінулым – падпалкоўнік КДБ, разглядае заявы беларускага кіраўніка пра прарыў узброеных баевікоў праз украінска-беларускую мяжу, пра тое, што ён не адмяняў і не нават не прыпыняў дзеянне дэкрэта №3. Задача ўладаў – збіць градус пратэстных настрояў.


Пра бунт нетунеядцаў, дзеянні апазіцыі, рэакцыю беларускага рэжыму і пра Дзень Волі Беларуская праўда пагутарыла з Валерам Косткам.

 

- Нагнятанне абстаўноўкі выкліканае тым, што трэба збіць градус народных пратэстаў. Улада спрабуе схаваць сапраўдную прычыну незадавальнення людзей: сацыяльна-эканамічныя ўмовы і дэкрэт №3. Апазіцыя не мае ніякага ўплыву на народны пратэст, бо ўся знаходзіцца пад каўпаком. А ўлада ў сваіх традыцыях спрабуе перавесці стрэлкі на “адмарозкаў”, “пятую калону” – стварае вобраз ворага.

 

Улады не прывялі ніякай канкрэтыкі: хто ляцей, куды імчаў, хто затрыманы, з якой зброяй. Дапускаю, што зроблена імітацыя прарыву, каб стварыць пагрозу “ўкраінскага сцэнару”. Аднак усе гэтыя словы і заявы – проста гульня.

 

У мяне такое ўражанне, што сам Лукашэнка не ведае, што адбываецца ў краіне. Выступаючы ў Магілёве, Лукашэнка выглядаў вельмі напружана, пачуваўся вельмі напалоханым. І ўночы нібыта не спаў, бо на мяжы ледзь не здарыліся пяць прарываў. Гэта прымітыў, разлічаны персанальна на Лукашэнку.

 

Апазіцыя ўвогуле не гатовая да народнага пратэсту, не ведае, што рабіць, бо не мае структураў. Апазіцыя вылучае толькі адзін лозунг: “Далоў Лукашэнку!”, які ў цяперашніх умовах гучыць вельмі прымітыўна. Больш за тое, гэты лозунг вельмі добра кладзецца на інтарэсы Крамля. Выходзіць, і псеўдаапазіцыя, і Крэмль гуляюць у адну гульню.

 

Грамадства не падрыхтаванае да рашучых дзеянняў. Маршы нетунеядцаў – толькі першыя ластаўкі: як вясновая трава, якая месцамі падсохла, у іншых месцах – сырая, то там палыхнула, то там. Уся краіна не пратэстуе. Таму, як выказаўся Лукашэнка, дзяржава імкнецца дзейнічаць на “дальніх подступах”. Але каб заглушыць народны пратэст, трэба ліквідаваць прычыну масавых выступленняў – дэкрэт №3. Лукашэнка ж зрабіў наадварот, заявіўшы, што не адмяняў дэкрэт і нават не прыпыняў. Нібыта Лукашэнка не разумее, што тым самым толькі падлівае масла ў агонь за тры дні да Дня Волі. З такімі заклікамі пратэстныя настроі не толькі зменшацца, нават павялічацца, – мяркую, 5-10 тысячаў чалавек выйдуць на Дзень Волі 25 сакавіка.

 

-“Маршы нетунеядцаў” выклікалі зваротную рэакцыю з боку дзяржавы: брутальныя затрыманні, суды, арышты, штрафы не спыняюцца дагэтуль. Пра што сведчаць дзеянні афіцыйнага Мінска?

 

-Мяркую, гэта прымітыўныя спробы “прыхапіць” новых актывістаў: кінуць за краты, а затым прымусіць або з’ехаць з краіны, або завербаваць. Міліцыя і АМАП спрабуюць нейтралізаваць нейкую частку пратэстоўцаў, аднак такія спробы не маюць шансаў на поспех: прычына народнага незадавальнення застаецца.

 

Зянон Пазьняк праўду сказаў: сітуацыя яшчэ не выспела для масавых пратэстаў; палітычныя сілы, якія прэтэндуюць на лідэрства, мусяць падрыхтаваццастварыць структуры ў рэгіёнах, падрыхтаваць людзей, якія будуць выяўляць правакатараў. Пакуль рэальнай палітычнай сілы я не бачу; думаю, хваля пратэстаў вынесе наверх новых лідараў, народзіць новыя аб’яднанні. Старое шалупінне настолькі заскарузла, што ўжо не здольнае даць грамадству нешта новае. Старая апазіцыя не можа выйсці за межы сваіх стэрэатыпаў, дзейнічае па шаблонах, якія становяцца відавочнымі не толькі для спецслужбаў.

 

Пазьняк мае рацыю: трэба паглядзець, якія сілы стаяць за кожным з палітыкаў, якія прэтэндуюць стаць лідарамі пратэстаў. Згадаем Плошчу-2010: дзевяць кандыдатаў заклікалі людзей на плошчу, а калі народ прыйшоў – плана дзеянняў ні ў аднаго з іх не аказалася. Людзей прывялі на бойню. Ніякай палітычнай барацьбы не было і быць не магло: да яе ўсе аказаліся не гатовыя. Народ бачыў фальсіфікацыі, выйшаў пратэставаць, але аказаўся не гатовы абараняць сваё права выбіраць і быць абраным. Ніводзін з кандыдатаў не рыхтаваў народ да абароны сваіх правоў. А Лукашэнка запужаў народ і праз тры месяцы правёў трохразовую дэвальвацыю рубля. І ўсе, напужаныя, прамаўчалі.

 

- На фоне апошніх падзей і заяў скалалася вельмі трывожная атмасфера напярэдадні 25 сакавіка. Якіх “сюпрызаў” трэба чакаць арганізатарам і ўдзельнікам Дня Волі?

 

- Цяжка прагназаваць.

 

Расія зацікаўленая ў тым, каб змяніць Лукашэнку, які, наадварот, не зацікаўлены, каб яго мянялі. Паміж Лукашэнкам і Крамлём адбываецца процістаянне. Паралельна Лукашэнка падлашчваецца да Захаду: то адна дэлегацыя едзе ў Мінск, то другая, у ліпені ў Мінску збярэцца Парламенцкая асамблея АБСЕ.

 

Першачарговая задача Крамля – сапсаваць адносіны Лукашэнкі з Захадам, пакінуўшы яго сам-насам з усімі праблемамі. І паказаць, што акрамя Крамля яму ніхто не дапаможа. Таму брутальныя дзеянні спецслужбаў і праваахоўнікаў па збіцці, затрыманнях, арыштах удзельнікаў пратэстаў іграюць найперш на руку Крамля.

 

Сам Лукашэнка таксама часткова зацікаўлены, каб запалохаць народ, але пры тым не сапсаваць адносіны з Захадам. Калі рэалізуюць сцэнар Лукашэнкі, то варта чакаць менш брутальнага біцця, кропачных захопаў.

 

У мяне ёсць сумненні, што 25 сакавіка пройдзе ціха, мірна і спакойна. Мне здаецца, улада не паступіцца сваімі “прынцыпамі” і прыменіць сілу, асабліва, калі на акцыю прыйдзе невялікая колькасць людзей – 2-5 тысячы. Калі ж на Дзень Волі выйдуць 20-30 тысяч, то акцыя можа прайсці і спакайней. Дзеянні ўладаў залежаць ад масавасці акцыі.

 

Касцяк пратэстнага электарату складаюць людзі, незадаволеныя эдкрэтам №3 і сацыяльна-эканамічнай сітуацыяй у краіне. Многія з іх не даспелі да палітычных лозунгаў, якія ўжо гучаць на акцыях пратэсту.

 

У цяперашніх пратэстах няма адзінства, як колісь: Пазьняк вылучаў палітычныя лозунгі, пад якія збіраў дзясяткі тысяч людзей на “Чарнобыльскі шлях”. Статкевіч спрабуе паказаць сябе лідарам мас, а масы выходзяць пратэставаць супраць дэкрэта №3, супраць сацыяльна-эканамічнага становішча ў краіне. Прычыны пратэсту не супадаюць з лозунгамі апазіцыі. Аднак у перспектыве пры належнай арганізацыйнай працы Статкевіч можа прыцягнуць у свае структуры частку людзей, якія ненавідзяць Лукашэнку і гатовыя ісці на барыкады.

 

Палітыкам зараз варта б падтрымаць сацыяльна-эканамічныя патрабаванні мас, увайсці ў давер да іх, паказаць, што эканамічныя змены могуць адбыцца толькі праз змену палітычнай сістэмы. І толькі тады станавіцца лідарам пратэсту.


Дата стварэння навіны 22.03.2017

Возврат к списку