АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Дзіяна Серадзюк: З чалавекам, які адмовіўся ілжэсведчыць, мы абняліся на развітанне

Дзіяна Серадзюк: З чалавекам, які адмовіўся ілжэсведчыць, мы абняліся на развітанне
19.03.2017
У судзе Першамайскага раёна Мінска была апраўданая журналістка сайта EuroBelarus.Info Дзіяна Серадзюк, якую абвінавачвалі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Дзіяне паводле арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў) “свяціў” штраф або адміністрацыйны арышт. Але раптам справа пайшла не праторанай каляінай: у працэсе сведкі заявілі пра фальсіфікацыі пратаколаў абвінавачвання. У выніку суд прызнаў Дзіяну Серадзюк невінаватай, справа была закрытая.

Для Беларусі гэта ўнікальны выпадак. Бо ў судовых справах, заведзеных супраць журналістаў і грамадскіх актывістаў, апраўдаўчыя вердыкты - вялікая рэдкасць. Напрыклад, год таму быў гучны працэс, калі філосафа і метадолага Уладзіміра Мацкевіча спрабавалі асудзіць за ўдзел у акцыі. Але праблема была ў тым, што ў дзень яе правядзення Мацкевіч знаходзіўся па-за межамі Беларусі, што пацьвярджалі штамп у пашпарце і авіяквіткі. Гэта было відавочнай ілюстрацыяй ілжэсведчанняў супрацоўнікаў  АМАП у судзе. Пазней МУС публічна заявіў, што супрацоўнікі міліцыі «памылкова прызналі» Мацкевіча ўдзельнікам вулічнай акцыі і іх дзеянням будзе «дадзена адпаведная ацэнка».

Якія адчуванні пасля першага ў жыцці суду і як словы праўды ўплываюць на іншых, Дзіяна Серадзюк распавяла Службе інфармацыі “ЕўраБеларусі”.

- Тое, што я не вінаватая, у нас, канешне, не падстава закрываць справу (усміхаецца - рэд.). Думаю, сышлося шмат фактараў. Сведкі адмовіліся гаварыць няпраўду, суддзя далучыла да справы запіс відэатрансляцыі партала Tut.by. І мы фактычна прагледзелі ўвесь гэты запіс, на якім было бачна, што абвіначванні беспадстаўныя. Але і гэта ў нашым жыцці, на жаль, не аргумент, каб закрываць справу. Я не магу лагічна патлумачыць сітуацыю. Я малілася, спадзяюся гэта было недарэмна.

- Раскажы, як выбудоўвалі ў судзе лінію абароны?

- У мяне была адвакатка Таццяна Лішанкова. Яна звяртала ўвагу на юрыдычныя недасканаласці аформленых рапартаў, пратаколаў. Мы не рабілі акцэнту на тым, што я журналістка, хаця гэта і прагучала ў судзе. Бо парушэнняў закона з майго боку не было ў прынцыпе.

- Важным момантам у справе стаў той факт, што сведкі адмовіліся ў судзе ад ранейшых паказанняў.

- Так, сведкамі былі не міліцыянты, як гэта звычайна бывае, а рабочыя з будоўлі - зваршчык і плітачнік-абліцоўшчык. У гэтым, відаць, вялікае адрозненні ад падобных спраў.

Першы сведка - зваршчык Уладзімір Каньшын - спрабаваў пайсці па хлуслівым шляху, імкнуўся трымацца пратакола. Але канкрэтна нічога распавесці не мог, увесь час гаварыў суддзі “а не маглі б вы мне нагадаць”, ён спасылаўся, што за гэты час не мог усіх запомніць. Яшчэ ён не здолеў патлумачыць, як так сталася, што міліцыянты да яго прыйшлі 27 лютага, а пратакол падпісаны 21 лютага.

Другі сведка Дзмітрый Хабалкін працуе муляром-абліцоўшчыкам. Калі ён зайшоў у залю, то на пытанне суддзі ці ведае падсудную, пачаў аглядацца па баках. І здзіўлена спытаў у мяне “Гэта вы?” Дзмітрый пачаў гаварыць рэчы абсалютна не адпаведныя пратаколу яго апытання. Ён прызнаў, як і папярэдні сведка, што пратакол прыносілі ўжо гатовы. І потым дапісалі ад рукі яго дадзеныя. Таксама Дзмітрый сказаў, што міліцыянты не зачытвалі прозвішчы з пратакола, толькі тэкст пра парушэнні.

Дзмітрый Хабалкін падчас паседжання гаварыў, што гэта фальсіфікацыя, не трэба сведчыць супраць людзей.

А калі абвесцілі апраўдаўчы прысуд, то ён нават кінуўся мяне адбымаць. Чалавек быў вельмі рады, што не трэба было ілжэсведчыць. Мы пажадалі адзін аднаму ўдачы. І разышліся, можна сказаць, сябрамі.

- Уладзімр Каньшын як рэагаваў на паказанні другога сведкі?

- Ён пачаў таксама згаджацца, што і пратаколы прынеслі на подпіс гатовыя. Апраўдваўся, што ўсё вельмі хутка адбывалася. Яшчэ міліцыянты казалі сведкам, што не трэба будзе хадзіць у суд, дастаткова толькі падпісаць пратаколы. І Дзмітрый Хабалкін скардзіўся, што за сёння вымушаны аб’язджаць суды ў якасці сведкі, і заўтра таксама трэба ехаць.

- Якія высновы зрабіла для сябе з гэтага дсведу?

- Гэта мой першы суд, я вагалася ці ісці на яго, бо ведаю статыстыку. Але мне хацелася даказаць праўду, я нават звярнулася да паслуг адваката. Мая выснова - трэба спрабаваць адстойваць праўду, калі ты ўпэўнены ў ёй. Яшчэ мне зразумела, што журналісты ў нас, на жаль, ніяк не абароненыя, грамадзяне таксама ніяк не абароненыя ад судова-міліцэйскай сістэмы. Таму трэба неяк працаваць у гэтым кірунку.

Што тычыцца працы падчас вулічных акцый, то ўсё банальна: выконваць свае прафесійныя абавязкі, ні ў чым не ўдзельнічаць, мець дакументы, не лезці на ражон з ахоўнікамі…

- Не з’явіўся страх да працы “у полі”?

- Прафесія такая… чаго баяцца. Справа ў тым, што ў нашай сітуацыі немагчыма рабіць ніякіх прагнозаў. Часам, як тое было ў Оршы, не дапамагае і акрэдытацыя МЗС. А бывае, што праваахоўнікі і нармальна ставяцца да журналістаў. Не ўгадаеш. Трэба проста рабіць сваю справу.

Яшчэ я хачу падязквааць усім, хто мяне падтрымліваў. На першую частку паседжання раніцай нават не ўсе змясціліся ў судовую залю. Разам з тым я засмучаная, што было вынесена шмат несправядлівых прысудаў людзям, якія 15 сакавіка ўдзельнічалі ў вулічнай акцыі супраць Дэкрэту аб дармаедах.

- Ці плануеш патрабаваць кампенсацыю за маральныя страты?

- Я не думала пакуль  пра гэта. Трэба ўсё асэнсаваць Я параюся з сябрамі, калегамі, магчыма, з праваабаронцамі. Ёсць сэнс прыцягнуць да адказнасці міліцыянтаў, якія фальсіфікавалі пратаколы.



Дата стварэння навіны 19.03.2017

Возврат к списку

cashback