АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

«Жывём у пастаянным страху, што заўтра застанемся без працы…»

«Жывём у пастаянным страху, што заўтра застанемся без працы…»
16.03.2017
Валожынскі філіял ААТ «Завод «Белпласт» на мяжы закрыцця. На вуліцы могуць апынуцца каля 60 чалавек. Для невялічкага райцэнтра такая колькасць новых беспрацоўных – лічба сур’ёзная.

З лютага прадпрыемства перайшло на трохдзёнку, да суботы і нядзелі дадаліся яшчэ два нерабочыя дні – чацвер і пятніца. А зарплату многія работнікі валожынскага «Белпласта» не бачылі са снежня. Народ у паніцы ад таго, што завод хутка ўвогуле могуць закрыць.

– Па 100 рублёў выплацілі 16 і 17 лютага толькі рабочым участка металавырабаў і ліцейшчыцам, – расказваюць на прадпрыемстве. – І толькі таму, што людзі вельмі прасілі даць хоць штосьці, бо трэба расплаціцца за камуналку. Сярод працуючых ёсць маці-адзіночкі, ёсць сем’і, і што рабіць, калі муж і жонка без зарплаты?! Астатнім не выдаюць заробленае ўжо другі месяц запар – за снежань не разлічыліся. Раней плацілі часткамі. Гэта, прабачце за асацыяцыю, як сабаку костку кінуць: хачу – дам, хачу – не. Мы думаем, што наша прадпрыемства хочуць закрыць і зрабіць гэта нашымі рукамі. Нас проста вымушаюць звальняцца. А куды ісці? Сёння ў Валожыне знайсці працу практычна немагчыма. А стаць беспрацоўным – значыць яшчэ і падатак на дармаедства плаціць. Таму народ трымаецца і за гэтыя месцы, за гэтую жабрацкую зарплату ў 300 рублёў. Жывём у пастаянным страху, што заўтра застанемся без працы. Пытаемся ў кіраўніцтва, што яно робіць, якія намаганні прадпрымае, каб знайсці заказы і забяспечыць нас працай, але падчас кожнага прыезду з Мінска намесніка генеральнага дырэктара чуюцца словы аб тым, што перспектывы ў прадпрыемства сумныя, што хутка мы можам застацца без працы, што грошай няма і не будзе...

 

АФІЦЫЙНА

“Падобна на тое, што нас проста выжываюць…”

Няўжо сітуацыя на прадпрыемстве такая крытычная, што яе ўжо не выправіць і валожынскі філіял ААТ “Завод “Белпласт» прыйдзецца ліквідаваць?

За каментарыем мы звярнуліся да начальніка філіяла Аляксандра ФУРСЕВІЧА.

– Вось і сёння прыязджаў з Мінска намеснік дырэктара па вытворчасці, пасядзелі, пагаварылі і разышліся: што рабіць, ніхто не ведае. Грошай няма, закупляць сыравіну няма за што, – у голасе Аляксандра Уладзіміравіча адчуваюцца сумныя ноткі. – Праблемы пачаліся пасля таго, як завод “Белпласт” увайшоў у склад холдынга “ПромЭнергаБаланс кансалт". Падобна на тое, што нас з рынку проста выжываюць. Вырабляем мы патрэбныя ў гаспадарцы рэчы: пластмасавы посуд, вёдры, тазы, ёмістасці для захоўвання прадуктаў, банкі для сыпучых прадуктаў, гаспадарчыя скрыні і г.д. Народ з задавальненнем гэта купляе, тавар хадавы. Робім яшчэ з пластмасы наборы для ванных пакояў, яны, праўда, горш рэалізуюцца. Раней нашы вырабы цэнтралізавана маркетынгавая служба развозіла па гандлёвых кропках усёй Беларусі, але раптам гэта спынілі. Чаму?! Адказу няма. Усе разводзяць рукамі, і ніхто нічога не робіць. І такая сітуацыя не толькі ў нас. У холдынг увайшла, напрыклад, фабрыка галаўных убораў «Людміла», і яна таксама цяпер на мяжы закрыцця.

– Дык навошта было ў гэты холдынг уваходзіць, працавалі б сабе спакойна?

– А хто ж у нас пытаўся? А цяпер вось патрабуюць людзей звальняць, скарачаць добраахвотна-прымусова. Калі б у Валожыне была праца, як мінімум палова прадпрыемства ўжо звольнілася б. Зарплата максімум 300 рублёў, ды яшчэ з такімі затрымкамі... Добра, калі за гэты месяц вырабім прадукцыі на 60 тысяч рублёў і нешта заробім. Хаця звычайна выраблялі больш чым на 200 тысяч.

– Аляксандр Уладзіміравіч, на ваш погляд, пры добрай арганізацыі прадпрыемства магло б выжыць?

– Безумоўна, магло б. І працоўныя месцы б захавалі: для маленькіх гарадоў гэта вельмі важна. Попыт на прадукцыю ёсць, з канкурэнтаў у нас толькі Барысаўскі завод пластмасавых вырабаў, кітайцы, але месца на рынку ўсім хапае, кожны займае сваю нішу. А сёння нашы склады пустыя. Мы гатовы працаваць – няма сыравіны. І, што самае сумнае, няма зацікаўленасці ў кіраўніцтва холдынгу ў нашай вытворчасці. Безвыходнасць нейкая штучная. І  нікому няма справы, што амаль 60 чалавек могуць стаць беспрацоўнымі…



Дата стварэння навіны 16.03.2017

Возврат к списку

cashback