АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

Ганарару хапае на пляшку гарэлкі: пісьменнікі расказалі, колькі грошай можна зарабіць літаратурай

Ганарару хапае на пляшку гарэлкі: пісьменнікі расказалі, колькі грошай можна зарабіць літаратурай
10.03.2017
“Частую-частую сяброў за прэмію, а грошы ўсё не заканчваюцца”, – успамінаў Уладзімір Някляеў. Літаратурная прэмія Гедройця, якую ён атрымаў  за раман “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без”, склала 10 тысяч еўра.

Пэўныя матэрыяльныя выгоды ад літаратурнай творчасці мелі і папярэднікі Уладзіміра Пракопавіча. Напрыклад, Янка Купала ў пачатку 1940-х раз’язджаў па сталічных вуліцах на аўтамабілі “Шэўрале”.

Машыну падарыў паэту першы сакратар ЦК КП(б)Б Панцеляймон Панамарэнка ў 1939 годзе. Некалькі гадоў дагэтуль кіраўніцтва БССР ужо падарыла Янку Купалу іншы аўтамабіль ГАЗ-М-1 савецкай вытворчасці. Але менавіта на “Шэўрале” паэт разам з жонкай Уладзіславай Станкевіч з’язджаў у эвакуацыю у часы вайны.

У 1970-х гадах справы ў паэтаў таксама ішлі нядрэнна. За свае зборнікі яны атрымлівалі ганарары, роўныя заробку настаўніка за некалькі месяцаў.

А які прыбытак літаратурная творчасць прыносіць сёння? На гэтае пытанне адкажуць пісьменнікі рэгіёна.

Паэт Уладзімір Папковіч родам з Дварца, што ў Хаценчыцкім сельсавеце на Вілейшчыне. Закончыў інстытут замежных моў у Мінску.

Працаваць толькі пісьменнікам наш зямляк сабе дазволіць не мог. Некаторы час быў настаўнікам, потым выкладаў у тэхнікуме. Ад 1981 да 2016 года  працаваў  старшым выкладчыкам на кафедры нямецкай мовы ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце. Звольніўся ў 81 год.

– У мяне ніколі не было вялікіх акладаў ды ганарараў. Я і пісьменнікам стаў позна – прызнаецца Уладзімір Антонавіч.

Аднак, працягвае творца, у нейкай ступені дзякуючы статусу пісьменніка атрымаў у Віцебску кватэру, у якой жыве зараз. Тут ён мае нават свой асобны “кабінет” з кніжкамі і камп’ютарам.

Уладзімір Папковіч піша вершы і займаецца перакладамі празаічных твораў з нямецкай мовы на беларускую. З часоў “перабудовы” творы ў асноўным аўтар і перакладчык выдае за свой кошт.

Пенсія ў пісьменніка і выкладчыка крышку большая за чатырыста рублёў. Хаця Уладзімір Антонавіч па-ранейшаму лічыць мільёнамі.

– Ніяк не прывыкну да новых грошай, – прызнаецца ён.

Пісьменнік з Маладзечна, аўтар зомбі-хорара “1813”, Уладзімір Садоўскі пасля размеркавання энергетычнага факультэта БНТУ працаваў у нашых Маладзечанскіх электрасетках інжынерам. Рабіў праекты рэканструкцыі электрычных сетак да дажынак.

Затым у 2013 годзе перабраўся ў мінскую праектную фірму, дзе працуе інжынерам-праектантам дагэтуль.

Па словах пісьменніка, ад творчасці прыбытак быў невялікі. Літаральна некалькі ганарараў ад публікацый у літаратурных выданнях. А вось зараз пасля выхаду першай кнігі ў электронным і папяровым фармаце яго чакаюць выплаты ад рэалізацыі кніг.

Ды на гэтыя грошы не пражывеш, упэўнены Уладзімір Садоўскі. Яны толькі прыемны дадатак да творчасці.

 Больш грошай пісьменніку прыносіць зараз іншае маё хобі – краязнаўства і даследаванні ў галіне гісторыі беларускай архітэктуры.

–  Я працую як пазаштатны журналіст аднаго інфармацыйнага партала, – распавядае Уладзімір. –  І публікую ў месяц па некалькі артыкулаў на цікавыя для мяне тэмы.

Акрамя ганарараў пісьменніку ў гэтай працы падабаецца тое, што ён можа данесці вынікі сваіх краязнаўчых даследаванняў да шырокай аўдыторыі.

Па словах Уладзіміра, праца інжынера творчасці не замінае, хутчэй творчасць і іншыя хобі – гэта спосаб адпачыць ад працы і наадварот.

Паэт ураджэнец Мядзельшчыны Мікола Шабовіч працуе выкладчыкам сучаснай беларускай мовы ў педагагічным універсітэце імя Максіма Танка ў Мінску.  Асноўная крыніца заробку, па яго словах, гэта выкладчыцкая дзейнасць.

Выдавецтвы маюць практыку разлічвацца... кніжкамі, расказвае Мікола Шабовіч. А кніжкі на сустрэчах з чытачамі паэт можа прадаць.

За ганарары ў літаратурных часопісах і газетах таксама не пражывеш. 

Некалькі гадоў таму, успамінае паэт,  у “Полымі” на 10 старонках выйшлі 22 вершы ў яго перакладзе на беларускую мову.

– Ганарар я атрымаў 53 тысячы рублёў на старыя грошы, – успамінае Мікола Шабовіч, –  Прыкладна столькі (калі не больш) каштавала ў той час пляшка гарэлкі...


Дата стварэння навіны 10.03.2017

Возврат к списку