АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Адам Глобус: Мой вітраж для касцёла ў Мсціславе знішчылі ў сценах інстытута

Адам Глобус: Мой вітраж для касцёла ў Мсціславе знішчылі ў сценах інстытута
04.03.2017
Мастак і пісьменнік Адам Глобус, апавядаючы, як студэнтам тэатральна-мастацкага інстытута па спецыяльнасці “Манументальнае мастацтва” у 1978 годзе праходзіў практыку ў мсціслаўскім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, кажа, што ў той час касцёл не выкарыстоўваўся ў якасці храма, – мясцовыя жыхары салілі ў ім гародніну.

«Нас прыехала тады сем чалавек. У касцёле замест вокнаў былі вялізныя дзіркі і як вынік – пастаянныя скразнякі, вільгаць і холад. Каб не захварэць, мы працавалі ў фуфайках. Нават летам тэмпература ў ім рэдка падымалася вышэй за 10 градусаў. Касцёл быў у жудасным стане: пры замене даху ў 1968-69 гг. дажджом у ім змыла палову фрэсак. У сутарэннях святыні ва ўсю ішла засолка памідораў і агуркоў – выселіць адтуль людзей, якія гэтым займаліся, было самым складаным. Каб захаваць фрэскі, якія там засталіся, у рэстаўрацыйных майстэрнях быў прыдуманы ход: касцёл – гэта музей манументальнага мастацтва”, – апавядае пісьменнік на сайце catholic.by.

“Гаварыць пра касцёл як хрысціянскую святыню тады было не прынята. Нашы майстэрні былі навукова-мастацкімі. Размоў пра веру ніхто не вёў. Калі ў каго такія адчуванні і былі, то іх стараліся хаваць. Пабачыўшы выставу нашых працаў – мы рабілі копіі, – усе вельмі здзівіліся, што ў гэтым касцёле ёсць нешта апрача тых салёных памідораў», – прыгадвае Адам Глобус, дадаючы, што ў гутарках паміж сабой маладыя мастакі казалі аб тым, што некалі такі стан справаў зменіцца, таму неабходна складаць дакладную дакументацыю.

“Напрыклад, трэба было скапіраваць усе фрэскі ў 10-разовым памеры. І мы гэта рабілі. Галоўнае было – зафіксаваць і закансервіраваць фрэскі, спыніўшы іх ад разбурэння”, – тлумачыць мастак сэнс гэтай працы.

“У горадзе ўсе ведалі нас у твар, ведалі, што начуем у касцёле. Прыходзіш на танцы, а вакол цябе людзі адыходзяць на метр, таму што ты для іх – зусім іншы чалавек”, – прыгадвае пісьменнік стаўленне мясцовых жахароў да мастакоў з Мінска.

“Мы спынілі на тэрыторыі касцёла крадзяжы і вандалізм, які за шмат гадоў зрабіўся там нормай. Калі злавілі першага чалавека, які скраў у нас вядро з вапнай, то сказалі: тут больш ніхто красці не будзе. Засолкі выселілі таксама”, – апавядае літаратар і мастак, дадаючы, што ў тагачасным Мсціславе панаваў “настрой вусцішнасці – туды ўжо не хадзілі цягнікі, побач знаходзіліся вольныя пасяленні, а жанчынаў некаторы час там тэрарызаваў маньяк-душыльнік”.

У XVII стагоддзі з 30 тысяч жыхароў у Мсціслаўі засталося толькі тры тысячы. Некаторыя фрэскі ў касцёле, між іншым, якраз і распавядаюць пра тыя падзеі: «Узяцце Мсціслаўя маскоўскімі войскамі ў 1654 г.» і «Забойства ксяндзоў».

Практыка ў Мсціславе натхніла Адама Глобуса на дыпломны праект – вітраж для мсціслаўскага касцёла, на якім выяўленая постаць Марыі, якая стаіць пры ўваходзе і ўсім бязбожнікам паказвае на ўваход праз бакавы неф. “Маўляў, раз прыйшоў у касцёл як у музей — навошта табе да алтара, ідзі праз неф. Такая была ідэя фрэскі. На абароне паставілі тройку”, – тлумачыць мастак, дадаючы, што гэтая праца са шкла была пасля знішчаная ў сценах інстытута.


Дата стварэння навіны 04.03.2017

Возврат к списку