АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Беларусь і Грузія: жангляванне выгодамі

Беларусь і Грузія: жангляванне выгодамі
03.03.2017
У Мінску з візітам знаходзіцца прэзідэнт Грузіі Георгій Маргвелашвілі. Ужо прайшлі яго перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам і ў фармаце "адзін на адзін", і ў фармаце перамоў дэлегацый.

У самім па сабе дзяржаўным візіце аднаго кіраўніка да іншага не было б нічога незвычайнага, калі б ён не наклаўся на чарговую перабудову адносін на постсавецкай прасторы.

Мінск для Тбілісі, Тбілісі для Мінска

Папярэдні раз кіраўнікі дзвюх краін сустракаліся, калі Аляксандр Лукашэнка наведваў Грузію ў красавіку 2015 года. З тых часоў адносіны практычна не развіваліся — тым больш што вектары развіцця Беларусі і Грузіі моцна адрозніваліся. Беларусь увесь мінулы час змагалася з крызісам, Грузія, у сваю чаргу, інтэгравалася ў ЕС. Аб'ём гандлю паміж двума краінамі быў зусім не вялікі — 100 мільёнаў долараў, але затое і "стратэгічнымі партнёрамі" Грузія і Беларусь адзін аднаго не называлі.

Сітуацыя змянілася ў 2016 годзе. Беларусь страціла статус галоўнага геапалітычнага партнёра Расіі і пачала шукаць іншыя кантакты ў рэгіёне. Гэта наклалася на "нафтагазавы канфлікт" паміж Мінскам і Масквой — і беларускаму кіраўніцтву давялося шукаць яшчэ і новыя крыніцы энерганосьбітаў.

Пры гэтым на працягу ўсяго 2016 года афіцыйны Мінск працягваў шукаць сабе "адвакатаў" для наладжвання адносін з Еўропай. Роля "афіцыйнага адваката" больш-менш паспяхова была ўскладзеная на Польшчу, а вось роля "адваката" неафіцыйнага заставалася вакантнай з таго моманту, як са сцэны сышоў Міхаіл Саакашвілі. Менавіта ён у апошнія гады выступаў у якасці свайго роду лабіста інтарэсаў Беларусі ў Брусэлі і Вашынгтоне. Мяркуючы па ўсім, зараз гэтую ролю ў Мінску хацелі б ускласці на Маргвелашвілі.

"Цяпер афіцыйнаму Мінску патрэбны нават не прамоўтар яго інтарэсаў у Еўропе, а "паручальнік", які зможа дапамагчы з наладжваннем гандлёвых адносін з ЕС. Прасцей кажучы, хто б паручыўся за беларускую прадукцыю ў Брусэлі, — кажа палітолаг Андрэй Аксёнаў. — Таму што традыцыйна наладжванне экспарту — галоўнае пытанне для Мінска, які ўвесь час мае недахоп грошай. Падобна, зараз такім "паручальнікам" павінен стаць Тбілісі і асабіста Георгій Маргвелашвілі".

Па словах палітолага, у дадзеным выпадку інтарэсы Мінска і Тбілісі люстэркава адпавядаюць адзін аднаму. Калі беларускаму кіраўніцтву важна выйсці на рынкі ЕС, то Грузіі важна вярнуцца ў эканамічную прастору, якая зараз акрэслена межамі ЕАЭС.

"Пасля вайны 2008 года Расія дэ-факта не пускае грузінскія тавары на свой рынак, — кажа Андрэй Аксёнаў. — І зараз у Тбілісі разлічваюць на беларускае пасярэдніцтва ў гэтым пытанні, паколькі Беларусь — сузаснавальнік Еўразійскага эканамічнага саюза".

Ускосна пра сваю ролю пасярэдніка ў кантактах Мінска і Брусэля напярэдадні візіту ў Мінск сказаў сам Маргвелашвілі: "Тое, што Грузія актыўна інтэгруецца ў Еўрасаюз, ніяк не супярэчыць таму, каб мець добрасуседскія адносіны з Беларуссю, якія заснаваныя на шматлікіх перадумовах. І Грузія, і Беларусь паважаюць тэрытарыяльную цэласнасць, незалежнасць і суверэнітэт адзін аднаго і, зыходзячы з гэтага, думаюць аб тым, як пабудаваць двухбаковыя адносіны".

Георгій Маргвелашвілі прывёў у якасці прыкладу сферы эканомікі і бізнэсу, дзе, па ягоным меркаванні, бакі могуць быць карысныя адзін аднаму. А менавіта:  у спрыянні прасоўванню прадукцыі на рынкі трэціх краін. "Мы глядзім на адрозненні як на магчымасці, якія мы павінны і адкрываць адзін аднаму, і памнажаць дабрабыт нашых народаў. У гэтым аспекце мы сінергічна працуем на ўсіх кірунках. Як у палітыцы, так і па кірунках эканомікі, культуры, збліжэння народаў", — заявіў ён.

Ужо ў першы дзень перамоваў кіраўнікоў двух краін — 1 сакавіка — стала ясна, як Грузія жадае выкарыстаць Беларусь для выхаду на рынак ЕАЭС.

"Наша краіна зацікаўленая ў нарошчванні імпарту традыцыйных паўднёвых тавараў: садавіны, гародніны, вінаў. Абмяркоўваліся таксама магчымасці стварэння сумесных прадпрыемстваў па перапрацоўцы грузінскай сельгаспрадукцыі на беларускай тэрыторыі", — распавёў Аляксандр Лукашэнка па выніках перамоў з прэзідэнтам Грузіі Георгіем Маргвелашвілі.

Пагаварыць пра нафту

У 2016 годзе беларускі бок разлічваў атрымаць з Расіі 24 мільёна тон нафты. Але ў другім паўгоддзі Расія зрэзала пастаўкі нафты па трубаправодах амаль на траціну — у адказ на не сплачаны доўг за спажыты газ. Як вынік, перапрацоўка на Мазырскім НПЗ і "Нафтане" звалілася амаль удвая: замест двух мільёнаў тон нафты ў месяц перапрацоўваюць толькі па мільёну. Таму ўжо ўвосень канцэрн "Белнафтахім" пачаткаў шукаць альтэрнатыўных пастаўшчыкоў нафты ў Беларусь.

Першая альтэрнатыўная партыя нафты прыйшла з Азербайджана. 19 кастрычніка ў нафтавай гавані Адэскага порта ашвартаваўся танкер ALHANI (даўжыня макс. — 249 м, сцяг — Лівія) з 84,7 тыс. тон азербайджанскай нафты прызначаных для Беларусі. Пасля адпампоўкі ў берагавыя ёмістасці адной з адэскіх баз нафта была адпраўленая чыгуначнымі цыстэрнамі на Мазырскі НПЗ. Выгрузка завяршылася 22 кастрычніка.

Як адзначылі адмыслоўцы порта, транзітная нафта ў Беларусь праходзіць праз магутнасці нафтараёна Адэскага порта ўжо не ў першы раз. Так, у 2010–2011 гадах праз адэскую нафтагавань было перапраўлена 1455,1 тыс. тон нафты венесуэльскага і азербайджанскага паходжання, у тым ліку 156,3 тыс. тон азербайджанскай нафты па схеме swap шляхам замяшчэння венесуэльскай нафты па кантрактах паміж Беларускай нафтавай кампаніяй, азербайджанскай SOCAR і венесуэльскай PDVSA.

Паводле дадзеных Reuters, Беларусь у 2016 годзе імпартавала агулам 560 тысяч тон сырой нафты гатункаў Azeri Light і CPC Blend. Але гэтыя пастаўкі спыніліся ў студзені 2017-га, бо Беларусь шукала іншыя варыянты замены расійскай нафты Urals.

Але ёсць і іншая схема. Яшчэ ў мінулым годзе Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь вядзе перамовы з Іранам аб пастаўках нафты.

І вось 18 лютага 2017 года стала вядома, што даччыная кампанія "Беларуснафты" Beloil Polska падпісала кантракт з Нацыянальнай іранскай нафтавай кампаніяй (NIOC) на пастаўку 600 тысяч барэляў (84 тысяч тон) нафты. Прычым нафта была адгружаная ўжо ў лютым. "Гэта першы закуп Беларуссю іранскай нафты пасля зняцця з Тэгерана міжнародных санкцый летась", — паведамляе прэс-служба нафтавай кампаніі.

Чакаецца, што Beloil Polska транспартуе сырую нафту ў порт Адэсы (Украіна) або Вентспілса (Латвія), а затым даставіць яе ў Беларусь па чыгунцы. "Пра лагістыку яшчэ трэба будзе дамовіцца", — сказана ў прэс-рэлізе.

Што агульнага ў гэтых схем? Справа ў тым, што і азербайджанская, і іранская нафта могуць ісці ў Беларусь толькі адным шляхам — праз Грузію. Там маецца порт Супса, у якім размешчаны Супсінскі нафтавы тэрмінал. Які, у сваю чаргу, прымае нафту з Азербайджана па нафтаправодзе Баку—Супса з наступнай загрузкай на нафтаналіўныя судны пры дапамозе беспрычальнай загрузкі.

Зразумела, што перавалка нафты ў порце — гэта даволі значны складнік кошту яе транзіту да беларускіх НПЗ. Нескладана здагадацца, што кіраўнікі Беларусі і Грузіі ў Мінску цяпер абмяркоўваюць у тым ліку і пытанні нафтавага транзіту. Гандлююцца, прасцей кажучы.


Дата стварэння навіны 03.03.2017

Возврат к списку