АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

«Інтэрвію, якога не было» – пуцінская Расея вачамі відавочцы

«Інтэрвію, якога не было» – пуцінская Расея вачамі відавочцы
03.03.2017
Карэспандэнтка Польскага тэлебачаньня ў Маскве напісала кнігу, у якой тлумачыць, што прывяло да анэксіі Крыму і за што расейцы любяць Пуціна.

 «Уладзімер Пуцін. Інтэрвію, якога не было» – так называецца кніга, напісаная польскай тэлежурналісткай Арлетай Бойкэ. Былая карэспандэнтка Польскага тэлебачаньня ў Маскве, яна была сьведкам найважнейшых падзеяў, якія адбываліся ва Ўсходняй Эўропе ў апошнія гады. Арлета Бойкэ асьвятляла пратэсты ў Маскве, падзеі Эўрамайдану ў Кіеве, анэксію Расеяй Крыму й вайну ў Данбасе. У чым заключаецца загадка папулярнасьці Ўладзімера Пуціна? Ці ёсьць расейскія войскі ў Данбасе? Ці магчыма сабе ўявіць расейскую палітыку без шматгадовага кіраўніка Крамля? На падставе ўласнага досьведу журналістка спрабуе даць польскаму чытачу адказы на гэтыя пытаньні. На прэзэнтацыі кнігі Арлеты Бойкэ ў Варшаве пабываў Аляксандар Папко.

Пасьля анэксіі Крыму цікавасьць да Расеі ва ўсім сьвеце рэзка ўзрасла. Кнігі, прысьвечаныя расейскай гісторыі, зьнешняй палітыцы, а таксама Ўладзімеру Пуціну, занялі бачанае месца на паліцах эўрапейскіх кніжных крамаў. Людзі многіх краінаў хочуць зразумець, чаму Расея пачала паводзіць сябе непрадказальна і ваяўніча. У сваёй кнізе Арлета Бойкэ спрабуе растлумачыць польскаму чытачу лёгіку расейскай зьнешняй і ўнутранай палітыкі.

Арлета Бойкэ: Асоба Ўладзімера Пуціна выклікае цікавасьць ня толькі ў Польшчы, але й ва ўсім сьвеце. Як бы мы да яго не адносіліся, але гэта чалавек, палітыка якога ўплывае на лёсы сьвету, у тым ліку на сытуацыю Польшчы. Мы непасрэдна мяжуем з Калінінградзкай вобласьцю Расеі. Ўладзімір Пуцін кіруе сваёй краінай ужо 17 гадоў – гэта вялікі адрэзак часу. Падавалася, усе павінныя былі яго добра вывучыць, але жыцьцё Пуціна ахутанае таямніцай, таму яно выклікае цікавасьць, часамі нават нездаровую.

Насуперак назьве, кніга Арлеты Бойкэ не пра Пуціна, а пра Расею. Напісаная яна ў не зусім звычайнай форме. Гэта інтэрвію з кіраўніком Расеі, на якім самога Ўладзімера Пуціна... няма. Пытаньні да прэзыдэнта павісаюць у паветры, і шукаць адказы на іх аўтарцы даводзіцца самой. Журналістка пытаецца ў Пуціна, ці не адчувае ён, што падмануў жыхароў Усходняй Украіны, хоць прадстаўляўся іх абаронцам; ці разьлічылася Расея з чорнымі старонкамі сваёй гісторыі, ці ўяўляе ён сабе расейскую палітыку без Уладзімера Пуціна.

Арлета Бойкэ: Мэтай гэтай кнігі не было растлумачыць, што адбываецца ў галаве ва Ўладзіміра Пуціна. Да такіх тлумачэньняў увогуле трэба адносіцца зь вялікай доляй скептыцызму. Тыя, хто сапраўды разумеюць і асабіста ведаюць Пуціна, кніг не пішуць. Мэта маёй кнігі – растлумачыць, чаму тое, што адбылося на Крыме, стала магчымым, чаму стала магчымай вайна ў Данбасе, чаму большасьць расейцаў надалей падтрымлівае Ўладзіміра Пуціна. Гэта аналіз расейскай палітыкі з пэрспэктывы звычайных людзей. Я б вельмі хацела задаць гэтыя пытаньні самому Ўладзімеру Пуціну, але пакуль што такой магчымасьці нам не прадставілася. Таму мае пытаньні – гэта, хутчэй, уступ да дыскусіі. Трэба зазначыць, што Ўладзімер Пуцін умее адказваць на любыя пытаньні. У яго вельмі вялікі досьвед. Ён адказвае так, каб нічога не адказаць. Інтэрвію з такім палітыкам патрабуе вялікай падрыхтоўкі, бо гэта дуэль з чалавекам, якія мае харызму й веды.

Папулярнасьць Уладзімера Пуціна падаецца непахіснай нават у часы глыбокага эканамічнага крызысу. Для расейцаў адчуваньне таго, што яны зьяўляюцца грамадзянамі звышдзяржавы пакуль важнейшае за эканамічныя цяжкасьці – тлумачыць Арлета Бойкэ.

Aрлета Бойкэ: Каб зразумець фэномэн папулярнасьці Пуціна, трэба спачатку зразумець, чым былі для большасьці расейцаў 90-я гады. Гэта была вялікая траўма, якую яны самі параўноўваюць з пасьляваеннымі часамі. Часы Ўладзіміра Пуціна асацыюецца ў многіх жыхароў Расеі, асабліва ў прадстаўнікоў старэйшага пакаленьня, з парадкам. Па-другое, Ўладзімер Пуцін падтрымлівае вобраз моцнага ўладара, зь якім лічацца на міжнароднай арэне. Канфліктаў ва Ўкраіне й Сірыі не ўдасца вырашыць без удзелу Расеі. Расейцы адчуваюць, што «сьвет нас шануе», і нават «сьвет нас троху баіцца» – а для іх гэта важна.

Ці рашэньне анэксаваць Крым і распаліць вайну ў Данбасе былі пэрсанальнымі рашэньнямі Ўладзімера Пуціна? Чаму трагічныя падзеі ва Ўкраіне, якія падаваліся поўнай фантастыкай яшчэ некалькі гадоў таму, сталі магчымымі? Украіна недаацаніла нацыянальныя ды эканамічныя праблемы Крыму й Данбасу, і гэтым скарысталася Расея – тлумачыць журналістка.

Арлета Бойкэ: Цяжка сказаць, ці анэксія Крыму й распальваньне вайны ў Данбасе былі асабістымі праектамі Пуціна. Ня думаю, што ён прымаў рашэньні адзінаасобна. Калі тлумачыць, чаму Крым і Данбас сталі магчымымі, трэба, хутчэй за ўсё, пачаць з таго, што ў апошнія дзесяцігодзьдзі Ўкраіна не зьвяртала належнай увагі на гэтыя праблемныя рэгіёны, недаацэньвала іх. І жыхары гэтых рэгіёнаў гэта запомнілі. Па-другое, яшчэ жыве пакаленьне, якое памятае СССР і лічыць, што ў савецкія часы гэтым людзям жылося лепей. Калі б яны маглі сабе дазволіць езьдзіць на канікулы ў Эўропу, а не лічылі грошы ад зарплаты да зарплаты, то іх было б цяжэй вывесьці на вуліцы. Жыхары Крыму і Данбасу жылі ў карумпаванай краіне з эканамічнымі праблемамі. Ім падавалася, што ў Расеі будзе лепш. Пры гэтым, у Расеі яны ніколі не жылі, а там таксама велізарная карупцыя ды эканамічныя праблемы. Расея падавалася ім мацнейшай дзяржавай, якая можа іх абараніць. Акрамя таго, вялікую ролю адыграла расейскае тэлебачаньне, якое ўмела навязвае свой пункт гледжаньня. Таму гэтымі людзьмі было лёгка маніпуляваць.

Крэмль не суцішае мілітарысцкай рыторыкі, таму ніхто ня можа даць 100% гарантыі, што такія трагедыяў, як ва Ўкраіне, не адбудзецца ў іншых краінах-суседках Расеі. З украінскай гіторыі трэба зрабіць высновы – лічыць Арлета Бойкэ. Улады дзяржаваў, дзе пражывае вялікая доля расейскамоўнага насельніцтва, павінныя больш увагі ўдзяляць вырашэньню сацыяльных і нацыянальныя праблемаў.

Ці магчыма Расея без Уладзімера Пуціна? «Расея бяз Пуціна павінна быць магчымай!» – падкрэсьлівае Арлета Бойкэ. Аднак якім чынам у Крамлі зьменіцца ўлада, пакуль прадказаць немагчыма.

Арлета Бойкэ: Уладзімер Пуцін зьяўляецца чалавекам, раней ці пазьней ён памрэ. Таму грамадзяне Расеі раней ці пазьней сутыкнуцца з рэальнасьцю Расеі без Пуціна. Мы пакуль ня ведаем, калі гэты гэты момант настане й як адбудзецца перадача ўлады. Мы ня ведаем, ці цяперашні кіраўнік Расеі падрыхтуе сабе «пераемніка», альбо ў Крамлі пачнецца барацьба за ўладу. Аднак нельга забывацца й пра расейскае грамадзтва. Зерне дэмакратыі ў Расеі ёсьць. Мы бачылі гэта і ў 90-я гады, і падчас шматтысячных дэманстрацыяў у 2011-2012 гадах. Тады пратэставаць выходзілі прадстаўнікі сярэдняга клясу, адукаваныя людзі, якія маюць доступ да розных крыніцаў інфармацыі. Цяпер гэтыя людзі сышлі з паверхні, яны менш бачныя. Але яны ёсьць. Зачаткі дэмакратыі ў Расеі існуюць, пытаньне ў тым, ці дадуць ім разьвіцца. Пакуль умоваў для іх разьвіцьця ў Расеі не назіраецца.

Арлета Бойкэ прызнаецца, што кніга «Уладзімер Пуцін. Інтэрвію, якога не было» адрасаваная перадусім польскаму чытачу. Таму перакладу на расейскую мову яна пакуль не плянуе. Аднак калі кніга выкліча цікавасьць шырокай аўдыторыі, журналістка задумаецца й над расейскамоўным выданьнем.


Дата стварэння навіны 03.03.2017

Возврат к списку