АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

“Майсей Коля". У Расіі запусцілі ў вытворчасць мастацкі фільм пра партызана Мікалая Кісялёва, які выратаваў 218 яўрэяў з Даўгінава

“Майсей Коля". У Расіі запусцілі ў вытворчасць мастацкі фільм пра партызана Мікалая Кісялёва, які выратаваў 218 яўрэяў з Даўгінава
27.02.2017
Прадзюсар і рэжысёр праекта Сяргей Белошнікаў расказвае, што яго зачапіла ў гісторыі Кісялёва, як працавалі над сцэнарыем і ці будуць здымаць каля Даўгінава.

Да лета 1942 года з пяці тысяч яўрэяў з даўгінаўскага гета ў жывых засталося толькі 278. Гэта былі ў асноўным старыя, жанчыны і дзеці. Выратаваў 218 з іх партызан Мікалай Кісялёў, які вывеў яўрэяў за лінію фронту. Ад канца жніўня па кастрычнік па акупаванай тэрыторыі людзі прайшлі каля 1500 кіламетраў.

“Я часта Вас ўспамінаю, як Вы пераносілі мяне на мыліцах, бо ў мяне не было адной нагі” (з ліста Якава Рубіна Мікалаю Кісялёву).

“Памятаю, як Кісялёў выратаваў яшчэ адну дзяўчынку з сям’і Крэмераў, якой было 3-4 гады. Яна ўвесь час плакала і прасіла есці. Мы баяліся, што з-за яе нас знойдуць немцы... Аднойчы дарослыя вырашылі, што яе трэба забіць, інакш загінуць усе. Маці завяла яе ў рэчку, каб утапіць. Дзяўчынка, напэўна, штосьці зразумела і сказала маме, што больш не будзе плакаць і стане слухацца дарослых. Людзі стаялі ля іх і плакалі  разам з бацькамі. У гэты час падышоў Кісялёў. Зразумеўшы ўсё, узяў дзяўчынку на рукі і ўсю астатнюю дарогу нёс. Ён аддаваў ёй свой хлеб. І на руках у партызана дзіця не плакала” (з успамінаў Шымона Хеўліна).

Усё пачалося з нататкі ў інтэрнэце

У 2011 годзе Сяргей Белошнікаў наткнуўся ў інтэрнэце на невялікую нататку пра Мікалая Кісялёва.

 – Там толкам нічога не было напісана, акрамя самога факту аб яго подзвігу–  выратаванні 218-ці беларускіх яўрэяў у 1942 годзе. Пачаў шукаць далей і натрапіў на дакументальны фільм “Спіс Кісялёва”. Потым знайшоў яшчэ трохі матэрыялаў пра яго: разрозненых і не вельмі інфарматыўных. Усё гэта і стала штуршком да стварэння кінапраекта.

– Што вас зачапіла ў гісторыі Кісялёва?

– Больш за ўсё зачапіла адна простая рэч – гэта галівудская гісторыя са шчаслівым канцом. Як правіла, гісторыі невядомага подзвігу ў час Вялікай Айчыннай вайны заканчваліся сумна: героі гінулі. А тут ёсць драма, ёсць герой і шчаслівы фінал. Гэта самае галоўнае. У мяне пытаюцца: “Пра што твой будучы фільм?”. Я адказваю: “Гэта гераічны міф пра чалавека-героя і натоўп”. Таму што ў нашым сюжэце (падазраю, што і на самай справе было так): ад самага пачатку яўрэі не верылі, што Кісялёў іх выведзе і ўратуе. Гэта былі адносіны героя і натоўпу, больш за тое, гэта такія адносіны строгага, але справядлівага бацькі і дзяцей. Таму фільм “Майсей Коля” – гэта гераічны міф пра Галакост, але не проста пра Галакост, а пра героя і Галакост. Фільм прысвечаны ўнікальнай чалавечай гісторыі, гэта ж цуд, што здарылася з імі.

Сцэнарый пісаўся доўга і няпроста

Над сцэнарыем працавалі расійскія сцэнарысты Мікалай Велігжанін, Аляксей Дэкельбаум і Артур Офенгейм. Сцэнарый пісаўся доўга і няпроста.

– З чым гэта звязана?

– Па-першае, практычна не захавалася дакументаў таго часу пра подзвіг Кісялёва. Толькі ў мінулым годзе выдалі кнігу Іны Герасімавай “Марш жыцця. Як ратавалі даўгінаўскіх яўрэяў”. Там дакументы пачалі ўсплываць. Таму, калі няма падрабязных дакументаў, ты павінен зразумець, як ты распавядзеш гэтую гісторыю. Другое: пра Халакост знялі вельмі шмат фільмаў, але падобнага яшчэ не было. І нам трэба было вельмі сур'ёзна паглыбіцца ў гістарычны матэрыял: мы чыталі кніжкі, глядзелі фільмы, пералапацілі велізарную колькасць дакументаў, фатаграфій... Гэта – сур'ёзны матэрыял, і мы сур'ёзна да яго падышлі.

Цяпер сцэнарый ужо скончаны, толькі ўносяцца дробныя карэктывы.

– Ці ўдалося сустрэцца з кім-небудзь з жывых удзельнікаў паходу?

– Не. Таму што мы прынцыпова не хацелі гэтага рабіць. Справа ў тым, што тыя, хто дажыў да нашых дзён, яны былі зусім маленькімі дзецьмі падчас гэтага паходу. Яны, увогуле, практычна нічога не памятаюць, і тое, што яны расказваюць, ім распавялі бацькі. Мы хацелі пісаць сцэнарый з чыстым незамутнёным падыходам. Думаю, нічога новага яны нам бы не расказалі, тым больш ужо зняты дакументальны фільм “Спіс Кісялёва”, дзе гэтыя людзі ўсім падзяліліся. І ў нас мастацкі фільм. Мы не здымаем дакументальнае кіно, кропля ў кроплю, як усё было.

Здымкі плануюць пачаць у жніўні

Над праектам пачалі працаваць у 2011 годзе. Доўга ішлі пошукі фінансавання. У 2014 годзе з праектам выйшлі на пітчынг* у Фонд кіно Расійскай Федэрацыі. Але тады грошай не далі, і адаслалі ў Міністэрства культуры. Атрымалася ўсё толькі летась: праекту выдзелілі дзяржаўнае фінансаванне.

–  Рэдкі выпадак: ў мінулым годзе годзе на пітчынг  ў Міністэрстве культуры прадстаўлялі адразу два фільмы пра Мікалая Кісялёва  – ваш і праект “Праведнік”. Як лічаце, чым выкліканая такі цікавасць да яго асобы?

–  Таму што гісторыя Кісялёва – гэта грамадскі здабытак. Гэта як пра Сталінград – хочаце, вы здымайце, хачу, я здымаю. Самае галоўнае, чаму з'явілася цікавасць да гэтай гісторыі: гэта кіно не проста пра Халакост, такіх фільмаў вельмі шмат, гэта фільм пра рускага чалавека, які выратаваў яўрэяў. А такога фільма яшчэ не было. І мы былі першыя. За намі следам пайшлі іншыя.

Фільм запусцілі ў вытворчасць у кастрычніку мінулага года. Працуе над ім кінакампанія “Альба Фільм”. Зараз ідзе падрыхтоўчы перыяд, які ўключае падбор артыстаў, складанне каштарысаў і гэтак далей. Ёсць ужо прэтэндэнт на ролю Кісялёва, і не адзін. Хто будзе іграць галоўнага героя – пакуль сакрэт.

Здымкі збіраюцца пачаць сёлета, у жніўні.

– Ці плануеце што-небудзь здымаць каля Даўгінава або наогул у Беларусі?

– Думаю, каля Даўгінава здымаць не будзем. Таму што ад таго Даўгінава, што было ў час вайны, нічога не засталося. А ці будзем мы здымаць у Беларусі, гэта залежыць ад вытворчых і фінансавых планаў. Альбо мы едзем у Беларусь і будзем карыстацца паслугамі мясцовых артыстаў і арганізацый альбо здымаем у Расіі бліжэй да Беларусі, дзе прырода амаль такая ж. Дарэчы, мая мама нарадзілася ў Лукомлі, дзядуля-доктар там лячыў людзей. Для мяне Беларусь – таксама малая Радзіма.

“Гэта наш абавязак памяці”

“Майсей Коля” – вельмі сур'ёзны праект для ўсіх яго ўдзельнікаў, запэўнівае Сяргей Белошнікаў:

 – Гэта не серыял, гэта – гульнявы фільм. І калі працую з аўтарамі, сустракаюся з артыстамі і членамі групы, кажу: “Хлопцы, зразумела, што здымаем кіно. Зразумела, што акрамя ўсяго іншага зарабляем грошы. Але гэты фільм, калі ўжо казаць высокім стылем, гэта наш абавязак памяці тым, хто выратаваў нашу краіну і ўсіх нас –  рускіх, беларусаў, яўрэяў, украінцаў і гэтак далей. Калі б фашысты перамаглі, то нас з вамі ўсіх папросту не было б. Таму мы павінны аддаць доўг нашым дзядулям і бабулям, прадзедам i прабабкам, якія выжылі ў гэтай вайне”.

  – У самым канцы фільма будуць цітры: “Прысвячаецца памяці ўсіх савецкіх грамадзян, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны”. Падкрэсліваю, памяці не салдат, а ўсіх грамадзян, якія загінулі ў гэтай страшнай вайне – усіх без выключэння.

 

Даведка

Прадзюсар і рэжысёр праекта Сяргей Белошнікаў. Фота забяспечана Сяргеем Белошнікавым.Прадзюсар і рэжысёр праекта Сяргей Белошнікаў. Фота забяспечана Сяргеем Белошнікавым.

Сяргей Белошнікаў  – расійскі сцэнарыст, прадзюсар, рэжысёр. Нарадзіўся ў 1952 годзе. Скончыў Ленінградскае мастацкае вучылішча імя В. Сярова, рэжысёрскі факультэт ВГІКа. Аўтар сцэнарыяў да фільмаў: “І ніхто на свеце ...”, “У знак пратэсту”, “Чаротавы рай”, “Ай лав ю, Пятровіч”, “Кат”, “След дажджу”, “Поўня”, “Бедная Саша” ды іншых. Рэжысёр і аўтар сцэнарыя фільмаў “Шчасліва заставацца!”, “Спрытнюга і Хіппоза”, серыялаў “Клетка”, “Поўня”  і іншых. Аўтар чатырох раманаў, выдадзеных у Расіі і за мяжой.

 * Пітчынг – прэзентацыя кінапраекта з мэтай знаходжання інвестараў, гатовых яго фінансаваць.


Дата стварэння навіны 27.02.2017

Возврат к списку