АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

Чаму палітыкі ігнаруюць пратэсты ў Курапатах?

Чаму палітыкі ігнаруюць пратэсты ў Курапатах?
25.02.2017
«Не запрашалі», «Не ўнікалі», «Там хапае сілаў»... Беларускія палітыкі распавялі "Радыё Свабода", чаму іх партыі і рухі застаюцца ўбаку канфлікту ля Курапатаў.

Першымі звярнулі ўвагу на будаўніцтва ля Курапатаў актывісты КХП-БНФ. Актывісты «Маладога фронту» на чале са Змітром Дашкевічам 20 лютага разбілі імправізаваны лагер на месцы будаўніцтва.

Актыўны ўдзел у пратэсце бяруць сустаршыня БХД Павал Севярынец і старшыня БНФ Аляксей Янукевіч. Дзяжурылі ў намётавым лагеры актывісты руху «За свабоду» і Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Гатоўнасць асабіста прыняць удзел у пратэстах выказваў Уладзімер Някляеў.

Але некаторыя палітыкі і палітычныя партыі дагэтуль не адзначыліся ні асабістым удзелам, ні нават заявамі наконт канфлікту ў Курапатах.

Кандыдат на выбарах прэзідэнта 2010 году Мікола Статкевіч раней прызнаўся, што пакуль «займаецца іншымі справамі».

 

Дзмітрыеў: «Там хапае сілаў»

Адзін з лідараў «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў кажа, што кампанія гатова далучыцца да абаронцаў Курапатаў, але пакуль ня бачыць у гэтым сэнсу.

“Гавары праўду”, безумоўна, на баку тых, хто разумее, што у Курапатах мусіць быць не офісны будынак і не казіно з лазняй, а мемарыял. Гэта пытанне беларускай памяці і беларускай годнасці. Нагадаю, што некалькі гадоў таму, калі паўстала пытанне з „Бульбаш-холам“, „Гавары праўду“ таксама ўдзельнічала ў абароне Курапатаў. Але цяпер мы бачым, што там хапае сілаў тых, хто гэтую абарону арганізаваў. Таму пакуль проста няма сэнсу ім дапамагаць. Але калі мы будзем бачыць, што нашыя сілы там патрэбныя, то мы падцягнемся», — падкрэсліў палітык.

Дзмітрыеў лічыць, што абараняць Курапаты трэба адначасова і праз пратэсты, і праз юрыдычныя захады. «Лепш за ўсё аб’яднанне абодвух шляхоў. Часам трэба, каб людзі выйшлі на мірны пратэст і візуальна паказалі, што яны супраць. Але такі шлях нікуды не прывядзе, калі ня будзе тых, хто займаецца зборам подпісаў, зваротамі ў дзяржаўныя органы, перамовамі з чыноўнікамі», — мяркуе ён.

Вештард: «Не запрашалі»

Лідарка Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі («Грамада») Ірына Вештард заявіла, што сацыял-дэмакратам проста не прапаноўвалі далучыцца да абаронцаў Курапатаў.

«На сённяшні дзень з такой прапановай да нас ніхто не звяртаўся. Вось з прапановай абароны правоў дармаедаў зваротаў было шмат, і мы праводзілі вялікую працу, ёсць намер ісці на акцыі і 15-га і 25-га. А тут ніякіх зваротаў не было. Але мы звычайна падтрымліваем усе ініцыятывы — сябрам партыі няма ніякая забароны прыняць удзел у той ці іншай ініцыятыве. У гэтую нядзелю ў нас будзе паседжанне прэзідыуму партыі, на якім, думаю, і гэтае пытанне абмяркуем. Сёння я нават ня ведаю, хто там у аргкамітэце абароны Курапатаў самы галоўны», — сказала Вештард.

Калякін: «Не ўдзельнічаем»

Старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін прызнаўся “Радыё Свабода”, што не ўнікаў у праблему будаўніцтва ля Курапатаў.

«Мы не ўдзельнічаем у гэтым канфлікце. Мы не падтрымліваем ніводнага з бакоў. Калі сур’ёзна, то мы проста не ўнікалі ў гэтую праблему. Таму я не хачу станавіцца ні на чый бок, не ведаючы сутнасці таго, што адбываецца», — кажа ён

Дата стварэння навіны 25.02.2017

Возврат к списку