АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

У Дзень роднай мовы беларуса затрымалі на мяжы за кнігі на беларускай мове

У Дзень роднай мовы беларуса затрымалі на мяжы за кнігі на беларускай мове
22.02.2017
21 лютага прыкладна а 15 гадзіне на памежным пераходзе Дамачава памежнікі затрымалі Аляксандра, сябра гісторыка Віктара Корбута, які, сярод іншага, вёз кнігі з сэрыі «Бібліятэка Свабоды»: тры кнігі Сяргея Навумчыка, «Майстроўня» Сяргея Дубаўца, «Жывая мова» Юрася Бушлякова, «Вяртаньне нацыяналіста» Аляксандра Лукашука.


Памежнікі сказалі Аляксандру, што ў іхнім сьпісе такіх кніг няма.

— Але памежнікі сказалі: гэта не азначае, што гэты сьпіс поўны. Каб вызначыць, ці ёсьць у іх экстрэмізм, гэтыя кнігі забіраюць для экспэртызы. Потым гэтая экспэртыза прачытае гэтыя кнігі і зробіць заключэньне. На мяжы склалі пратакол і затрымалі сябра на 24 гадзіны для высьвятленьня, ці маюць кнігі экстрэмісцкі зьмест. Сябру яшчэ як мінімум 6 гадзін трэба знаходзіцца на мяжы. Яго машыну паставілі на агароджаную стаянку, — сказаў Віктар Корбут.

Паводле яго, у Аляксандра было каля 15 розных кніг: падручнік беларускай мовы, кнігі па гісторыі Беларусі, выданьні «Arche», кнігі Сяргея Навумчыка і Сяргея Дубаўца зь «Бібліятэкі Свабоды».

— Кожная кніга ў адным экзэмпляры. На кожнай зь іх пячатка «Кнігазбор Віктара Корбута». Гэтыя кнігі належаць мне. Я часта прашу прывезьці мне зь Беларусі кнігі ў Варшаву і перадаю штосьці ў Беларусь: беларускія, польскія, літоўскія, расейскія кнігі. Я дактарант Варшаўскага ўнівэрсытэту. Я перадаў сябру гэтыя кнігі, ведаючы, што ён іх ня згубіць і перадасьць маім сваякам. У кнігах няма экстрэмізму: гэта навуковыя выданьні, мэмуарная літаратура.

Віктар Корбут сказаў, што яму як навукоўцу такая сытуацыя стварае непераадольныя цяжкасьці для працы:

— Бо фактычна я мушу асьцерагацца, што любая кніга, якую я перадам у Беларусь або папрашу прывезьці зь Беларусі, будзе падпадаць пад падазрэньне ў экстрэмізьме. Цікава, што на мяжы сказалі, што кніг няма ў сьпісе экстрэмісцкай літаратуры, але іх будуць правяраць. Такім чынам, фармальна кнігі павінны былі вярнуць і папрасіць прабачэньня за затрыманьне.


Дата стварэння навіны 22.02.2017

Возврат к списку