АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

«Экспэрты ў абарону Курапатаў» вядуць 4 суды супраць звужэньня ахоўнай зоны мэмарыялу

«Экспэрты ў абарону Курапатаў» вядуць 4 суды супраць звужэньня ахоўнай зоны мэмарыялу
21.02.2017
Сябра грамадзкай ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» ужо некалькі гадоў вядуць суды, змагаючыся за тое, каб закон у дачыненьні да ахоўнай зоны Курапатаў выконваўся. Пакуль усе суды безвыніковыя, і актывісты плянуюць зьвяртацца ў міжнародныя структуры.

Прадстаўнік ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў», гісторык і журналіст Марат Гаравы адказаў на пытаньні Свабоды пра новае будаўніцтва каля ўрочышча Курапаты, якое прыцягнула ўвагу як палітычных актывістаў, так і грамадзкіх ініцыятыў.

 

— Ці дакладна, што пляцоўка, на якой разгарнулася будаўніцтва, уваходзіць у ахоўную зону? Увогуле, наколькі празрыстая сытуацыя з ахоўнымі зонамі?

 

— Я дакладна магу сказаць, што тэрыторыя, дзе цяпер будуецца пяціпавярховік, раней, да 2014 году, уваходзіла ў ахоўную зону, там было забаронена ўсялякае будаўніцтва. Але праект зонаў аховы быў зацьверджаны Міністэрствам культуры ў канцы 2014 году ў зьмененым выглядзе, межы іх скарацілі. Пры новым будаўніцтве дакладна парушаная старая ахоўная зона. Ці парушаныя «чырвоныя лініі» так званых новых ахоўных зонаў, дакладна могуць сказаць толькі спэцыялісты — геадэзісты, праектанты і архітэктары. Прычым яны павінны прыехаць на месца і зьверыць тэрыторыю забудовы з плянам. Спэцыялісты, праваахоўныя органы, незалежныя юрысты, грамадзкасьць павінны высьветліць, ці пасьля гісторыі з «Бульбаш-холам» забудоўнікі насьмеліліся пайсьці на такі крок, разумеючы, што гэта спрэчная тэрыторыя, што закранаюцца пачуцьці людзей і будзе супраціў грамадзтва.

 

— Шмат хто параўноўвае новую будоўлю з «Бульбаш-холам», які быў пабудаваны некалькі гадоў таму, але так і ня быў уведзены ў эксплюатацыю...

 

— У выпадку з «Бульбаш-холам» была іншая пасьлядоўнасьць дзеяньняў. Там забудоўнікі спачатку парушылі ахоўную зону, пабудавалі будынак, а потым пад іх Міністэрства культуры скараціла ахоўную зону, каб тэрыторыя «Бульбаш-холу» апынулася па-за ёю. Цяпер сытуацыя адваротная — спачатку звузілі ахоўную зону (калі зацьвярджалі новы праект ахоўнай зоны ў канцы 2014 году), а пасьля пачалі будаваць. Трэба адзначыць, што каля ахоўнай зоны знаходзіцца яшчэ зона аховы ляндшафтаў. Цяпер паступае розная інфармацыя, але ёсьць імавернасьць, што там таксама ёсьць парушэньне. Але зноў жа трэба спэцыялістам гэта дакладна высьветліць.

 

— Атрымліваецца, што ў 2014 годзе адбылося звужэньне ахоўнай зоны, тады на гэта грамадзкасьць увагі не зьвярнула, а цяпер Міністэрства культуры нібыта нічога і не парушае, калі дазваляе будаўніцтва?

 

— Звужэньне ахоўнай зоны было ў кожным разе. Якраз тая тэрыторыя, дзе цяпер разгортваецца новае будаўніцтва, дакладна ўваходзіла ў «старую» ахоўную зону. І гэтае звужэньне — наступства палітыкі Міністэрства культуры ў дачыненьні да Курапатаў. Гэта палітыка саступак. Замест таго, каб бараніць Курапаты, як гэта прапаноўвала грамадзкасьць у пачатку 2000-х гадоў, і вызначыць там згодна зь міжнародным стандартам для помнікаў такога ўзроўню ахоўную зону шырынёй 300 мэтраў, Міністэрства культуры ўжо некалькі разоў крэсьліла вызначаную ахоўную зону, звужала яе дзеля выгады забудоўнікаў. А пасьля Міністэрства культуры ўвогуле зрабіла схему ахоўнай зоны «часоваю». Гэта нябачаны выпадак у гісторыі беларускай аховы помнікаў — «часовая ахоўная зона» для помніка, пагатоў для такога, як Курапаты. Такім чынам трымалі «часовую» схему на працягу дзесяцігодзьдзя, а пасьля прынялі, але з улікам інтарэсаў забудоўнікаў — «Бульбаш-холу», пасёлку «Сонечны» і ўрэшце таго, які цяпер пачаў будаваць бізнэс-цэнтар. Я лічу, што ў нармальнай цывілізаванай прававой дзяржаве гэтае Міністэрства культуры вельмі моцна пацярпела б з праўнага гледзішча за такія дзеяньні.

 

— Сябры ініцыятывы «Экспэрты ў абарону Курапатаў» ужо некалькі гадоў вядуць суды, змагаючыся за належную ахову мэмарыялу. Ці ёсьць нейкі вынік?

 

— Так, мы вядзём чатыры суды супраць будаўніцтва каля Курапатаў. Дзякуючы ў тым ліку і нашым захадам, напрыклад, так і не пачаў працаваць «Бульбаш-хол». Мы дамагаемся, каб закон у дачыненьні да ахоўнай зоны Курапатаў выконваўся. Суды мы вядзём супраць Генэральнай пракуратуры, Міністэрства культуры і пэрсанальна супраць Ігара Чарняўскага, які ўзначальваў у Міністэрстве навукова-мэтадычную раду аховы гісторыка-культурнай спадчыны і быў адказны за ахоўныя зоны Курапатаў, а таксама супраць Менгарвыканкаму, які забараніў правесьці пікет у абарону Курапатаў каля «Бульбаш-холу» і «Экспабелу». Мы ўжо выйшлі на ўзровень Вярхоўнага Суду, праходзім там усе неабходныя працэдуры. Пасьля будзем зьвяртацца ў міжнародныя структуры.

 

У грамадзкую ініцыятыву «Экспэрты ў абарону Курапатаў» уваходзяць Марат Гаравы, Вацлаў Арэшка, Валянціна Вяргей, Вінцук Вячорка, Аляксей Марачкін, Генадзь Драздоў, Тамара Сяргей, Зінаіда Тарасевіч, а таксама шэраг іншых дзеячоў.


Дата стварэння навіны 21.02.2017

Возврат к списку