АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

45 жыхароў вёскі Бабінічы падпісаліся супраць дэкрэту аб дармаедах

45 жыхароў вёскі Бабінічы падпісаліся супраць дэкрэту аб дармаедах
20.02.2017
Гарадзенскаму актывісту Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Сяргею Верамеенку заказным лістом даслалі 45 подпісаў супраць дэкрэту зь вёскі Бабінічы Аршанскага раёну, каб ён пераслаў іх у Адміністрацыю прэзыдэнта.

Подпісы ў вёсцы Бабінічы Аршанскага раёну зьбірала мясцовая жыхарка Алена Ягорава. Паводле яе, яна не змагла знайсьці ў Воршы нікога, хто б гэтым займаўся, а праз інтэрнэт натрапіла на Сяргея Верамеенку, які і пагадзіўся ёй дапамагчы.

Ягорава кажа, што сама цяпер у дэкрэтным адпачынку, і паводле яе, ня мела шмат часу, каб сабраць болей подпісаў, хоць перакананая, што подпісаў магло б быць і болей.

— У нас немалая вёска за 10 кілямэтраў ад Воршы, працы тут няма, у горадзе апошнім часам таксама знайсьці працу вельмі складана, — сказала Свабодзе спадарыня Ягорава.

Паводле яе, подпісы пераважна ставілі людзі сярэдняга веку.

— Павінна сказаць, што ў маіх вяскоўцаў такая пазыцыя адносна гэтага дэкрэту: мы лічым, што дармаеды ў нашым грамадзтве ёсьць — тыя, хто цэлымі днямі не прасыхае ад гарэлкі, хто ня плоціць алімэнтаў сваім жонкам. І да іх варта прымяняць нейкія меры. Але як у дармаеды залічваюць чалавека, які едзе працаваць у Расею, бо ў нас працы няма? Як залічваюць у дармаеды, калі чалавека скарацілі на працы і 182 дні ён ня мог знайсьці новае працы? А як яшчэ жыць на 200 рублёў, якія нам плоцяць на працы? Вось таму мае аднавяскоўцы і падпісваліся супраць такога дэкрэту, бо ён закрануў практычна кожную сям’ю ў нашай ваколіцы.

Сяргей Верамеенка паабяцаў, што абавязкова далучыць подпісы зь вёскі Бабінічы Аршанскага раёну да гарадзенскіх і дашле іх у Адміністрацыю прэзыдэнта, у Палату прадстаўнікоў, а таксама ў Саўмін.


Дата стварэння навіны 20.02.2017

Возврат к списку