АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Выстаўка работ Уладзіміра Акулава працуе ў НЦСМ

10.02.2017
Асобу мастака-авангардыста Уладзіміра Акулава ў айчынным творчым асяроддзі ўспрымаюць з павагай. Выклікае цікавасць як шматгранная творчасць, так і сама асоба аўтара.

Пад філасофскія творы Уладзіміра Акулава ў Цэнтры сучасных мастацтваў адведзены ўвесь другі паверх. Тут экспануюцца работы, створаныя ў розныя перыяды творчасці за апошнія трыццаць гадоў. Большасць з іх прадстаўлены публіцы ўпершыню. У аснове экспазіцыі — партрэты сучаснікаў, гістарычных дзеячаў, пейзажы і нацюрморты. Калі пабачыш выстаўку майстра, яго індывідуальная стылістыка, мастацкі почырк моцна засядаюць у памяці. Пасля разглядання рэлігійных сюжэтаў Уладзіміра Акулава немагчыма застацца абыякавым, немагчыма не ўбачыць глыбіню яго ўспрымання адносін чалавека да Бога, свету, да самога сябе. Мастацтвазнаўцы кажуць: Уладзімір Акулаў валодае моцнай энергетыкай, здзіўляе працавітасцю. Ён вельмі хутка піша карціны, карыстаючыся адначасова натхненнем, імгненнай задумай і назапашаным досведам. — Праз творчасць Уладзіміра Акулава, безумоўна, можна прагледзець яго стаўленне да мастацтва і жыцця, — расказаў Яўген Ксяневіч. 



— Мастацтва і ўласнае жыццё ён не падзяляе, і ўсё яго існаванне змяшчаецца ў творчасці. Нейкага іншага жыцця, у тым ліку бытавога, сямейнага, за межамі мастацтва ў яго проста няма. Легендарнасць Уладзіміра Акулава выяўляецца ў мастацкай моцы таго, што ён напісаў. Яго творы вельмі маляўнічыя, пераканальныя, абсалютна пазнавальныя. Яны лёгка і надоўга запамінаюцца, захоўваюцца ў памяці. Акулава немагчыма з кімсьці зблытаць, ён упэўнена ідзе ўласным шляхам, выпрацаваў асаблівы мастацкі стыль. Уладзімір Іванавіч з удзячнасцю ставіцца да мастацтва, служыць яму. Яго не хвалююць узнагароды, званні і любыя іншыя знешнія праявы поспеху, а па-сапраўднаму турбуе толькі рэалізацыя самім сабой пастаўленых творчых задач. Яму важна паспець зрабіць тое, што ён задумаў і запланаваў у жыцці як мастак. І важна жыць у згодзе са светам, самім сабой і творчасцю.

Дата стварэння навіны 10.02.2017

Возврат к списку