АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа ЧС-2018 Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Ці знойдуцца 300 аматараў беларускай паэзіі, каб вярнуць Беларусі Уладзіміра Дубоўку?

Ці знойдуцца 300 аматараў беларускай паэзіі, каб вярнуць Беларусі Уладзіміра Дубоўку?
06.02.2017
30 год яго творчасць была забаронена, а яго вершы і праз сорак год пасля смерці друкуюцца з купюрамі. У творах паэта адлюстраваны літаратурны працэс 20-х гадоў Беларусі, а таксама зашыфраваны і цяжкі лёс самога Дубоўкі: арышты, лагеры, вымушанае маўчанне...

Дырэктарка выдавецтва «Лімарыус» Марына Шыбко запусціла на пляцоўцы Талака збор сродкаў на выданне твораў"бяспрэчнага лідара літаратурнага працэсу 20-х гадоў" Уладзіміра Дубоўкі. Дарэчы, ён увёў у мову слова "талака", “адлюстраваць”, “дойлід”, “ашчаперыць” і яшчэ з дзясятак.

Як адзначае Марына Шыбко, ва ўсім свеце няма ніводнага чалавека, які бачыў бы ўсе вартыя друку творы Уладзіміра Дубоўкі надрукаванымі. Не бачыў іх і ён сам. 

- Няма ніводнага паэта ў свеце, які праз трыццаць год вымушанага маўчання вяртаўся б у літаратуру – не помнікам, не ценем, не прывідам, а актыўным удзельнікам літаратурнага працэсу. Ніводнага, акрамя Уладзіміра Дубоўкі. Чатыры прыгаворы па палітычных працэсах, высылка, лагер, вечнае паселішча – ён павінен быў змоўкнуць назаўсёды, але ён вытрываў, вярнуўся і зноў пачаў пісаць. Так, яго друкавалі з цяжкасцямі і агаворкамі. Так, яго вымушалі рэдагаваць і перапісваць старыя вершы на новы лад. Але ён вяртаўся тады – і працягвае вяртацца па сёння. Тыя вершы, якія не маглі пабачыць друку сорак год таму, нарэшце стала можна апрылюдніваць, - піша каардынатарка збору сродкаў.

Уладзімір Дубоўка нарадзіўся ў 1900 годзе на Вілейшчыне. Бежанец падчас першай сусветнай, чырвонаармеец у Грамадзянскую, вясковы настаўнік напачатку дваццатых, рэдактар беларускага тэксту Збору Законаў СНК з працоўным месцы ў Крамлі з 1922-га,  кіраўнік “Маладняка” і “Узвышша”, навуковец, які першым расчытваў недрукаваныя рукапісы Максіма Багдановіча, любімы вучань Валера Брусава, паэтычны спадчыннік Янкі Купалы (“Ты – Пушкін, я перад табой толькі Дзяржавін” – так казаў пра Дубоўку Купала). 

Не пазбегнуў паэт арышт, следства, этап, высылку і лагер. Ён быў адным з нямногіх, у чыіх паказаннях па справе неіснуючага “Саюза вызвалення Беларусі” няма ніводнага даносу, ніводнага неасцярожна названага прозвішча, ніводнага подпісу пад прызнаннем сваёй віны.  

Пасля вяртання Дубоўка не мог пісаць тое, што хацеў. 

Марына Шыбко адзначае, што ўжо тры гады ляжыць звярстаны Збор Твораў Дубоўкі ў 2 тамах, але ж дагэтуль не знайшліся грошы на тое, каб надрукаваць яго. 

- Праект будзе ажыццяўлёны нават у выпадку, калі знойдзе толькі 100 ахвярадаўцаў. Яго робіць выдавецтва "Лімарыус". Збор твораў Дубоўкі выйдзе ў серыі "Галасы Айчыны", дзе ўжо выйшлі кнігі Алеся Салаўя і Янкі Юхнаўца, дзе выходзіў збор твораў Ларысы Геніюш у 2 тамах. Спадзяемся, што ў хуткім часе з вашай дапамогай творы самага нязломнага з беларускіх паэтаў-мужчын стануць побач з творамі самай нязломнай з беларускіх паэтак, - адзначае дырэктарка выдавецтва.

На выданне кнігі патрэбна сабраць 18.600 рублёў, але ж у друк выданне пойдзе нават калі арганізатары збяруць 13.000 рублёў.

Ахвяраваць на кнігі Уладзіміра Дубоўкі можна па спасылцы

Вершы


***

О Беларусь, мая шыпшына,
зялёны ліст, чырвоны цвет!
У ветры дзікім не загінеш,
чарнобылем не зарасцеш.

Пялёсткамі тваімі стану,
на дзіды сэрца накалю.
Тваіх вачэй — пад колер сталі —
праменне яснае люблю.

Ніколі пройме з дзікім ветрам
не развіваць дзявочых кос.
Імкнешся да Камуны Свету,
каб радасць красавала скрозь.

Варожасць шляху не зачыніць:
у перашкодах дух расце.
О Беларусь, мая шыпшына,
зялёны ліст, чырвоны цвет!

***

Родная мова, цудоўная мова!
Ты нашых думак уток і аснова!
Матчын дарунак ад самай калыскі, −
Ты самацветаў яскравая нізка.
Кожны з іх барвы дзівосныя мае,
Вечным агнём зіхаціць – не згарае.
Ты мне заўсёды была дапамогай,
Дзе б і якой не хадзіў я дарогай.

Чую ў табе перазвоны крыніцы,
Чую ў табе і раскат навальніцы,
Чую павевы зялёнага бору,
Водгулле працы ў родным прасторы.
Кожнай драбнічкай ты варта пашаны,
Кожнае слова вякамі стварана.
І на вякі яно жыць застанецца,
Вечнае так, як народнае сэрца.

***

Маладое пакаленне,
Прачынайся час прыйшоў.
Залатое Адраджэнне
Кліча ўсіх пад родны схоў…





Дата стварэння навіны 06.02.2017

Возврат к списку

cashback