АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Мастацтва як уласнае жыццё

Мастацтва як уласнае жыццё
05.02.2017
Легендарнасць Уладзіміра Акулава выяўляецца ў мастацкай моцы таго, што ён напісаў. Яго творы вельмі маляўнічыя, пераканаўчыя, пазнавальныя. Надоўга запамінаюцца. Акулава немагчыма з кімсьці зблытаць, ён упэўнена ідзе ўласным шляхам, выпрацаваў асаблівы мастацкі стыль.

«Здабыццё легенды» — так называцца новая выстаўка мастака, прадстаўніка другой хвалі беларускага авангарду Уладзіміра Акулава. У экспазіцыі ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў (вул. Някрасава, 3) прадстаўлены работы, створаныя аўтарам за трыццаць год творчай дзейнасці, многія з якіх дагэтуль не выстаўляліся.

Уладзімір Акулаў на працягу многіх гадоў застаецца загадкавай асобай: творцу зрэдку асабіста можна ўбачыць на публіцы, творы практычна ніколі сам не прэзентуе, шмат працуе і пазбягае вялікай увагі да сябе як чалавека. Яму важна, каб бачылі мастацтва. Гэтым разам госці выстаўкі, зыходзячы з назвы мастацкага праекта, былі ўпэўненыя: майстар сам адкрые экспазіцыю. Памыліліся. Прэзентаваў выстаўку сябар, прыхільнік творчасці і, як кажуць, менеджар Уладзіміра Іванавіча Яўген Ксяневіч, які займаецца вывучэннем і папулярызацыяй творчасці авангардыста.

«Я рады, што час Акулава прыйшоў», — адзначыў на адкрыцці Яўген Ксяневіч. Толькі за апошні год мастацтвазнаўца здолеў арганізаваць шэсць персанальных выставак майстра, кожная з якіх з розных бакоў характарызуе асобу Уладзіміра Акулава.

— Праз творчасць Уладзіміра Акулава, безумоўна, можна прасачыць яго стаўленне да мастацтва і жыцця, — расказаў Яўген Ксяневіч. — Мастацтва і ўласнае жыццё ён не падзяляе, і ўсё яго існаванне адлюстраванае ў творчасці. Нейкага іншага жыцця, у тым ліку бытавога, сямейнага, за межамі мастацтва ў яго проста няма.

Легендарнасць Уладзіміра Акулава выяўляецца ў мастацкай моцы таго, што ён напісаў. Яго творы вельмі маляўнічыя, пераканаўчыя, пазнавальныя. Надоўга запамінаюцца. Акулава немагчыма з кімсьці зблытаць, ён упэўнена ідзе ўласным шляхам, выпрацаваў асаблівы мастацкі стыль. Уладзімір Іванавіч з удзячнасцю ставіцца да мастацтва, служыць яму.

Яго не хвалююць узнагароды, званні і любыя іншыя знешнія праявы поспеху, а па-сапраўднаму турбуе толькі рэалізацыя творчых задач. Яму важна паспець зрабіць тое, што ён задумаў і запланаваў у жыцці як творца. І важна жыць у згодзе са светам, самім сабой і творчасцю. Уладзімір Акулаў — чалавек-энергія. Ён жыве ў своеасаблівай адасобленасці ад знешняга свету, ад так званай творчай тусоўкі, не імкнецца піярыць сябе і атрымліваць толькі станоўчыя водгукі.

Акрамя жывапісу, ён актыўна займаецца графікай, паэзіяй. Як куратар выставак і мастацтвазнаўца, больш за 30 гадоў займаюся сучасным беларускім мастацтвам і працую з творчасцю мастака. Сустрэча з Уладзімірам Акулавым — вялікі поспех майго куратарскага жыцця. Я лічу майстра велічынёй сусветнага ўзроўню. Думаю, што хутка Беларусь будзе ганарыцца Акулавым, як ганарыцца сёння Маркам Шагалам і Хаімам Суціным. Энергетычны запал мастака адчуваецца ў творах: ёсць пэўнае напружанне, якое не дазваляе быць разняволеным і абыякавым да мастацтва. Яно матывуе аналізаваць, параўноўваць перыяды. На творчым шляху Уладзімір Акулаў не спыняецца — шукае новыя тэмы, якія б змаглі зачапіць актуальнасцю, глыбінёй і нават вечнасцю. Напрыклад, рэлігійныя сюжэты, матывы заўсёды краналі, былі блізкімі мастаку. І адгукаюцца ў душах многіх гледачоў.

Уладзімір Акулаў — вядомы аўтар у айчыннай мастацкай прасторы, але ў яго яшчэ не было ніводнай выстаўкі ў Нацыянальным мастацкім музеі, а, між іншым, за ўсю творчую дзейнасць ён напісаў больш як тысячу твораў. Як адзначае мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн, творы Уладзіміра Акулава арганічна прыжыліся б у Францыі, былі б там запатрабаванымі. А ў нашай краіне, на жаль, існуюць пытанні з прыняццем і набыццём авангардных твораў.

Увесь час пра Уладзіміра Акулава хадзілі розныя чуткі, асабліва калі ён выпадаў з творчага асяроддзя на некалькі гадоў. Яго называлі нелюдзімым, прыпісвалі шмат непраўдзівых гісторый. Але ж кожны раз мастак нечакана вяртаўся ў мастацкую суполку з грандыёзнымі, маштабнымі праектамі: не заўсёды арганізоўваў іх сам, але ўсё роўна заставаўся на слыху. Ён сапраўды чалавек-легенда, пра якога хацелася б ведаць больш, а атрымліваецца ведаць столькі, колькі ён дазваляе.

Вікторыя АСКЕРА

zviazda.by

Дата стварэння навіны 05.02.2017

Возврат к списку