Мой адказ на пытанне аб забароненых для жанчын прафесіях

Не люблю ніякіх ідэалогій. Яны робяць у людскіх галовах блытаніну. Вось напрыклад, камуніст з лёгкасцю заб’е капіталіста толькі за тое, што той бачыць некаторыя пытанні дзяржаўнага кіраўніцтва і сацыяльнага строю па-іншаму. Таксама і наадварот. І тут галоўную ролю граюць не ўчынкі канкрэтнага чалавека, а яго прыналежнасць да ідэалагічнай групы. Суадносна, у такім выпадку адказнасць за ўчынкі перакладаецца з асобы на абстракцыю.


Мужчына і жанчына адрозніваюцца ўжо ад самага пачатку свайго існавання. Нават у выпадках, калі пры выхаванні «адсутнічае» сацыяльная стэрэатыпізацыя (а яна апрыёры не можа адсутнічаць, бо гендарнае выхаванне таксама навязвае пэўныя стэрэатыпы мыслення і паводзінаў), мужчыны й жанчыны падсвядома выбіраюць розныя падыходы да вырашэння праблем і ўспрыняцця навакольнага асяроддзя. Болей за тое, патэрны паводзінаў у мужчын і патэрны паводзінаў у жанчын маюць абсалютнае падабенства ў сваёй гендэрнай групе. То бок можна з упэўненасцю казаць, што кожная жанчына бачыць асновы сусвету і дзейнічае такім жа чынам, як і ўсе астатнія жанчыны. Тое самае датычна і да мужчынаў. Напрыклад, для жанчын характэрна ўспрымаць свет праз эмоцыі, а для мужчынаў праз рацэаналізацыю. І нават калі наўмысна ператвараць гэта ў сабе (напрыклад, жанчына, якая робіць сябе моцнай (як бы маскуліннай) нават не знешне, а ўнутрана, духоўна, як тая леды-бос), то атрымаецца змяніць толькі вонкавыя прызнакі. А, напрыклад, спосаб дзеяння і стратэгіі застануцца жаночымі. Альбо, калі ўзяць глыбей, то жанчына нават рацыяналізуючы свае дзеянні, мэты, свой выбар усё адно будзе рабіць сыходзячы са сваіх пачуццяў.

Гэта не значыць, што цалкам немагчыма на ментальным узроўні перарабіць сябе з мужчыны ў жанчыну і наадварот. (А ў сучаснасці такое магчыма нават фізічна.) Уся справа ў тым, што такіх рэчаў не адбываецца ў масавым жыцці. То бок для абсалютна пераважнай большасці людзей характэрныя паводзіны ў адпаведнасці з іх эвалюцыйнымі мадэлямі.


Спіс жа забароненых для жанчын прафесій, на маю думку, трэба штогод пераглядаць, абапіраючыся пры гэтым на статыстыку. (Няхай чыноўнікі-дармаеды хоць папрацуюць крыху.) І я мяркую, што ён павінен насіць рэкамендацыйны характар. Гэта значыць, што калі жанчына мае падыходзячыя для дадзенай працы крытэрыі і сама мае жаданне ўладкоўвацца на такую працу, то яна павінна мець такую магчымасць. А калі жанчына не мае жадання выконваць падобную працу, то ніхто не павінен ствараць для адваротнага хоць якія ўмовы. Гэта выглядае так: хочаш, падыходзіш — працуй, не маеш жадання — тваё права адмовіцца, а калі пачнуць прымушаць, то падаваць у суд і перамагчы ў ім.

02.09.18 9:19

Яўген Васьковіч