Тэрыторыя Курапатаў павялічылася на 3,3 гектара

Месяц таму Мінкульт даў адказ на наш калектыўны зварот наконт павелічэння ахоўнай зоны Курапат. Апрача ўсяго, там значыцца, што «тэрыторыя гісторыка-культурнай каштоўнасці <…> павялічана больш чым на тры гектары». Таму ўзніае лагічнае пытанне: што далей?

Яшчэ ў чэрвені маладафронтаўцы саббралі крыху подпісаў для калектыўнага звароту ва Упраўленне па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Беларусі. Мы прасілі «павялічыць тэрыторыю ахоўнай зоны <…> з 50-ці да 120 метраў». Тады ж мы свой зварот адправілі па адрасе.



У сярэдзіне ліпеня мы атрымалі адказ. Яго даў намеснік міністра сп. Яцко. Аляксандр Анатольевіч пазначыў, што праект зон аховы быў распрацаваны АП Гліннікам В. В. Па замове «Мінскграда». І далей сп. Аляксандр падкрэслівае:

«…з улікам вынікаў археалагічных даследаванняў, якія былі праведзены ў 2013 годзе ДНУ „Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі“ на тэрыторыі паміж лясным масівам Курапаты і межамі ахоўнай зоны, архіўных і бібліяграфічных звестак і існуючай горадабудаўнічай сітуацыі».

Таксама ў адказе зазначана, што згодна з пастановай Мінкульта ад 12 траўня 2004 года тэрыторыя ўсёй гісторыка-культурнай каштоўнасці складала 23 гектары. А цяпер, у адпаведнасці з іх новай пастановай ад 1 снежня 2014 года тэрыторыя Курапат складае 26,3 гектары.

І яшчэ:

«Праектам зон аховы 2014 года таксама ўдакладнена неадпаведнасць разыходжання меж, апісаных у тлумачальнай запісцы, і пазначаных на схеме праекта зон аховы 2004 года».

Такі адказ, шчыра кажучы, паставіў нас ў тупік. Бо чакалі такога кшталту выслоўяў, маўляў, усё паводле закону. Карацей, чакалася, што згодна з адказам мы зможам распачаць збор подпісаў ужо больш масавы. І была мэта сабраць 100 тысяч плюс 1 подпіс — не меней. Задача звышскладаная для Маладога Фронта. Але пад гэты збор мы мусілі папрасіць дапамогі у іншых арганізацый і асабліва — партый.


а вось і сам наш зварот перад адпраўкай у Мінкульт

Чакалі нядоўга. Праз пару тыдняў прыйшоў адказ ад намесніка міністра культуры. Мы трохі задумаліся. Ну як трохі? — на месяц. Аднак у галаву нічога талковага не ідзе. Хоць ты лопні, хоць ты трэсні… абыграў і тут намеснік.

Карацей, у сувязі з тым, што рашэння па далейшых дзеяннях у адпаведнасці з адказам Міністэрства культуры ў нас няма, мы просім дапамагчы. Падкіньце калі ласка пару думак, якім чынам можна далей дзейнічаць. Галоўнае, каб прапановы былі прывязаныя да адказу сп. Яцко.

12.08.18 17:19

Яўген Васьковіч