Міжнародны дзень барацьбы супраць гвалту над жанчынамі (ФОТА)

Мяне ўразіла ідэя Джудыт Батлер (Judith Butler), што кожнае грамадскае сабранне ці месца характэрызуецца ня толькі тымі людзьмі, якія там прысутнічаюць, - але і тымі, якія адсутнічаюць, бо ня могуць туды дабрацца (да прыкладу, вязні турмаў, людзі з інваліднасцю і гэтак далей).


То асабліва актуальна для фемінісцкіх тэрыторый: жанчыны, якім фемінізм найболей патрэбны, часта не маюць магчымасці там прысутнічаць... І ўчора ў Брусэлі, падчас дэманстрацыі супраць гвалту над жанчынамі, мяне не пакідала думка, штожанчыны, у жыцці якіх пазначаная праблематыка стаіць найболей востра, збольшага ня мелі магчымасці ў ёй паўдзельнічаць, у сілу сямейных абставінаў (напрыклад, неразуменне з боку мужоў ці ўласна гвалт, фізічны, маральны ці эканамічны), адукацыйных (ня мелі магчымасці азнаёміцца з ідэямі фемінізму і таму маюць аб ім скажонае ўяўленне), прасторавых (а гэта ўжо безліч жанчынаў з розных краінаў, якія хацелі бы жыць у Бельгіі, але ў сілу эканамічных ці юрыдычных прычынаў ня могуць сюды іміграваць).


З іншага боку, у разважанні пра адсутных ёсць пазітыўны бок: бо адсутнічаюць ня толькі з-за нейкіх праблемаў, але і ў сілу нейтральных абставінаў, такіх як да прыкладу рэжым працы ці нараджэнне дзіцяці...


Але так ці інакш, мяркую, большасць з нас, удзельніцаў (і ўдзельнікаў!)) маніфестацыі, здолелі ў ёй паўдзельнічаць у сілу сваіх сітуатыўных прывілеяў. Што ж, учора мы правільна скарысталі са сваіх прывілеяў!


25 лістапада ёсць міжнародным днём змагання супраць гвалту над жанчынамі – у гонар гераінь Дамініканскай Рэспублікі сёстраў Мірабаль, Мінервы, Патрыі Марыі і Тэрэзы, забітых у гэты дзень паводле загаду дыктатара.


Удзельнічала калі двух тысячаў, пераважна жанчынаў.


Удзельніцы зрабілі супольнае палотнішча, з прынесеных з сабой шматкоў чырвонай тканіны.


“Я сама абіраю, калі атрымліваць сінякі!” – добры адказ тым, хто хоча забараніць жанчыне браць на сабе рызыку, адказ на сентэнцыі кшталту сумнавядомага “баршчу”...


Жанчыны нагадваць пра тое, што часта аб’ектам гвалту робяцца мігранткі.


Мастачка Caroline Huens дзеліцца сваімі анархафеміністычнымі досведамі.


На атрыбутах жаноцкасці і хатняй гаспадаркі напісана: “Пралетарыі ўсіх краінаў, хто мые вашыя шкарпэткі?”. “Анархізм ёсць філасофіяй апазіцыі да любых уладных стасункаў, так што ён унутрана феміністычны!!! (Сюзан Браўн)”, і інш.


Было нямала жанчынаў у мусульманскіх платках. Але іншыя жанчыны (як я зразумела, з мусульманскіх краінаў) пратэставалі супраць прымусовага нашэння платкоў. Трэба сказаць, “хіджабная” тэма – вельмі складаная.


Прадстаўніцы “Руху курдскіх жанчын Еўропы”. На адным з іх плакатаў былі словы: “Гвалт – гэта форма фашызму, абараняцца – нашае права”.


Асацыяцыя салідарнасці арабскіх жанчынаў у Бельгіі.


На плакаце: “Усе жанчыны”.


Прысутнічала і ЛГБТК-супольнасць (вясёлкавыя сцягі на заднім плане), што лагічна: гвалт у адносінах да ЛГБТК моцна звязаны з гвалтам над жанчынамі.



“Месца жанчыны – у рэвалюцыі”.


“Будучыня за фемінізмам”, - што ж, будзьма спадзявацца!


26.11.17 18:29

Маргарита Тарайкевич