ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ. Магнаты


Магнаты? Спадарове, ВКЛ выкладвае тузы.

Беларускі магнат – гэта амэрыканскі мультымільянэр, арабскі нафтавы шэйх і ангельскі лорд у адной асобе. Магнаты, быццам магніты, былі пунктамі прыцягненьня й цэнтрамі сілы ў палітычнай, гаспадарчай ды грамадзкай сфэрах Вялікага Княства Літоўскага.

Магнаты – глыбокая, спадчынная, дынастычная эліта. Магнацкія роды разьмяркоўвалі галоўныя пасады ў дзяржаве й валодалі большасьцю земляў, складаючы наш нацыянальны вобраз арыстакратыі. Высокародны й уплывовы фэадал – абавязковая постаць будучых беларускіх кінаэпапеяў і гістарычных раманаў.

Магнатэрыя, моцная стоеная сіла зь вялізным дыяпазонам узьдзеяньня, аказалася фэномэнам надзіва беларускім. Нават тады, калі вялікія князі й каралі мелі балцкае, швэдзкае ці вугорскае паходжаньне ды цягнулі за сабой сюды сьвіту сваякоў ды суайчыньнікаў, рэальную уладу ў ВКЛ захоўвала ядро з найбуйнейшых беларускіх родаў. Радзівілы, Сапегі, Астроскія, Пацы, Кішкі, Ільлінічы, Глябовічы, Агінскія, Хадкевічы, Алелькавічы, Гальшанскія, Гарнастаі, між іншага Абрамовічы... Канцэнтруючы ў сваіх руках найбольшыя багацьці й займаючы ключавыя дзяржаўныя пасады канцлераў, гетманаў, падскарбіяў, маршалаў, ваяводаў і кашталянаў, магнаты фармавалі вырашальны балянс паміж выканаўчай улады манархіі й заканадаўчай шляхецкай дэмакратыяй – і рабілі ўсё па-свойму. Менавіта магнаты некалькі стагодзьдзяў былі галоўнымі беларускімі патрыётамі й пасьлядоўна адстойвалі нацыянальныя інтарэсы ў вуніях з Польшчай, вайсковых блёках і эўрапейскіх дыпляматычных гульнях.

Магнаты – магутныя рухавікі беларускай гісторыі. Мікалай Радзівіл Чорны за 12 гадоў літаральна перавярнуў ВКЛ Рэфармацыяй; Леў Сапега збудаваў на груньце Статуту дзяржаву закону; Міхал Клеафас Агінскі ў XIX ст. адзінаасобна спрабаваў вярнуць ВКЛ на арэну геапалітыкі. Апошнім з магутных магнатаў быў спонсар нацыянальнага руху пачатку XX ст. Рыгор Скірмунт.

Магнат – самая ўдалая рыфма да слова "мэцэнат". Беларускія магнаты фундавалі кнігадрукаваньне, музыку, жывапіс, тэатар, навуку. Адныя Радзівілы былі вартыя цэлага міністэрства культуры. Яўхім Храптовіч заснаваў Адукацыйную камісію РП і сабраў у Шчорсах знакамітую бібліятэку, Тышкевічы ахвяравалі большасьць сваіх багацьцяў на ўнікальны музэйны збор, Агінскія спансавалі тэатар і опэру... І ўсё гэта праз акупантаў дасталося лепшым скарбніцам сьвету ў Маскве, Бэрліне, Піцеры, Варшаве, Нью-Ёрку.

Магнаты былі фактычнымі лідэрамі канфэсійных партыяў. Мікалай Радзівіл Чорны застаўся ў нашай гісторыі ў першую чаргу як правадыр кальвінскага руху, Канстаньцін Астроскі – як галоўны апякун і абаронца праваслаўя, фундатар цэркваў і брацтваў, Хадкевічы – як заснавальнікі дзесяткаў касьцёлаў і кляштараў.

Магнаты – сіла й слабасьць гісторыі ВКЛ. Нямногім магнатам Госпад Бог даў многае, і многа зь іх спытаў. Магнацкая пыха, самадурства й разбэшчанасьць, выкарыстаныя захопнікамі, урэшце рэшт і давялі Беларусь да міжсобных войнаў ды здачы. Большасьць магнацкіх родаў разарыліся, здрабнелі, вырадзіліся.

Але беларускія магнаты залатога веку і пасёньня – шыкоўны ідэал для нацыянальнага бізнэсу. "Магнат" па-беларуску значыць ня "мафія", не "наменклатура" й не "алігарх". Магнат для беларускага пэрсаналісцкага мэнталітэту – гэта нешта сярэдняе паміж патрыярхам і супэрмэнам.

І калі чуеш чарговы раз па тэлевізіі пра Абрамовіча – ну, таго самага Абрамовіча, 25-га ў сьпісе найбагацейшых людзей сьвету, які нядаўна набыў футбольны клуб "Чэлсі" – узгадваеш, што ў Варнянах, Астравецкі раён, ад сядзібы магнатаў Абрамовічаў застаўся адно вялізны, зь лёнданскі стадыён памерам, выпусташаны парк; падлічваеш, што адзіны мільярдэр беларускага паходжаньня ў стане зафундаваць аднаўленьне чыста ўсіх родавых гнёздаў вялікалітоўскае магнатэрыі – і міжволі адчуваеш гонар за Радзіму.

Трэба жыць у Беларусі XXI стагодзьдзя, каб зразумець, як нам не стае сёньня Радзівілаў, Сапегаў і Хадкевічаў. Уплывовых гаспадароў. Прыроджаных лідэраў. Проста буйных асобаў.

Усё шасьцёркі ды валеты?.. Туз, панове! Беларусы, нацыя кнігадрукаваньня й міжмоўя, слова й вобразу, яшчэ ўразяць сьвет топ-пэрсонамі са сьпісу часопісу "Форбс" – сузор'ем бліскучых мэдыя-магнатаў.


З кнігі "Люблю Беларусь"

Працяг будзе

02.03.18 18:15

Павел Севярынец