ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ. Эміграцыя


Беларусь аддае сябе – такі сэнс Новага Запавету нашае гісторыі. Так фармулюецца і прычына масавае эміграцыі беларусаў у апошнія стагодзьдзі.

Звыш 4 мільёнаў беларусаў – трэць усяго этнасу! – расьсеяныя сёньня на аграмадных прасторах Эўропы, Амэрыкі й былога Савецкага Саюза. Найбольшыя арэалы беларускага расьсяленьня – Расея (1,2 мільёны чалавек), ЗША (500 тысячаў), Украіна (440 тысячаў), Польшча (350 тысячаў), Аўстралія (320 тысячаў), Ізраіль (140 тысячаў).

Эміграцыя – сусьветнае рэха беларускай гісторыі.

Хвалі эміграцыі, быццам порцыі крыві з рэзкімі скарачэньнямі сэрца, Беларусь выштурхоўвала з кожнай вайной, кожнай акупацыяй, кожным паўстаньнем. У XVII стагодзьдзі беларусаў палонам выводзілі ў Маскву, у XVIII ст яны самі імкнуліся ў багацейшую Эўропу, у ХІХ ст. пачалі выяжджаць у Амэрыку, у ХХ ст. дабраліся да Аргентыны, Канады й Аўстраліі.

Напрыканцы ХІХ – пачатку ХХ ст. зь Беларусі эмігравала каля 1,5 мільёнаў чалавек. Толькі ў Сібір перасялілася звыш 700 тысячаў чалавек, сотні тысячаў выбраліся на Захад. "У пошуках лепшае долі" – напішуць пра гэта нашаніўцы.

У гады І Сусьветнай, рэвалюцыі й грамадзянскай вайны сотні тысячаў беларусаў бежанцамі трапілі ў Эўропу ды Амэрыку. У міжваенны час з аднае толькі Заходняе Беларусі туды выехалі 180-250 тысячаў чалавек. Тымчасам Саветы з плянавым наборам рабочае сілы, дэпартацыяй, раскулачваньнем і палітычнымі рэпрэсіямі вывезьлі ў іншыя рэгіёны СССР больш за 600 тысячаў беларусаў. Беларусы падымалі цаліну, будавалі БАМ і гінулі на Беламорканале.

З 2-х мільёнаў, вырваных зь зямлі ІІ Сусьветнай, у БССР вярнуўся толькі кожны трэці. Чвэрць мільёна засталіся ў Нямеччыне, многія зноў эмігравалі на Захад.

І ўсё-такі не навечна. Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці ў пачатку 90-х ХХ стагодзьдзя больш за 150 тысячаў беларусаў вярнуліся на Радзіму.

Сучасная беларуская эміграцыя – гэта Сяржук Сокалаў-Воюш, Васіль Быкаў, Зянон Пазьняк, удзельнікі нацыянальнага руху, прадпрымальнікі і студэнты.

Беларускі эмігрант – асобная адзінка нацыянальнай ідэі, сутнасна хрысьціянскай і ўнутрана моцнай. Адзіны беларус у сьвеце можа стаць і кропкай апоры, і цэнтрам крышталізацыі фэномэну, і пунктам адліку эпохі.

Беларуская эміграцыя дала чалавецтву асобаў сусьветнае велічыні: прэзыдэнта Бэльгійскай Акадэміі Навук, нобэлеўскага ляўрэата па хіміі, Ільлю Прыгожына; пісьменьніка, нобэлеўскага ляўрэата па літаратуры, Чэслава Мілаша; авіяканструктара, стваральніка самалётаў "Су", Паўла Сухога; матэматыка, першую ў сьвеце жанчыну-прафэсара, Соф'ю Кавалеўскую; тэарэтыка тэрмаядзернага сынтэзу, Льва Арцімовіча й заснавальніка геліябіялёгіі Аляксандра Чыжэўскага, бацьку кібэрнэтыкі Норбэрта Вінэра і патрыярха сучаснай мэдыя-індустрыі Давіда Сарнова; падарожнікаў Мікалая Пржэвальскага й Яна Чэрскага; вялікага сьпевака Міхася Забэйду-Суміцкага і акадэміка Сусьветнае Акадэміі Астранаўтыкі, Барыса Кіта; прэзыдэнта Сэната Гавайскіх выспаў Мікалая Судзілоўскага, вядучага мастака Дыснэйлэнду Алію Клеч (Пашкевіч) і супэрзорку Нацыянальнае Хакейнае Лігі Уэйна Грэцкі.

Беларускі эмігрант на 100% аддае сябе новай зямлі. Ён часьцей распушчаецца ў ёй бяз знаку, або (радзей) ператвараецца ў больш беларускага беларуса, чым тыя, хто ў Беларусі застаўся.

Эміграцыя – гэта дыстыляцыя беларускасьці да чысьціні сьлязінкі. У чужым асяродзьдзі, без апірышча роднае зямлі, без матэрыяльных дамешкаў ідэал далёкае Беларусі робіцца выключна ўзьнёслым, сьветлым, і, у рэшце рэшт, духовым.

Характэрна, што нацыянальна сьвядомыя эмігранты на Захадзе, аб'яднаныя пад эгідай Рады БНР, традыцыйна ўтвараюць моцныя хрысьціянскія асяродкі. Так, як напісана: "І расьсялю іх паміж народаў, і ў далёкіх краінах яны будуць успамінаць пра Мяне..." (Захарыя 10:9)

2000 гадоў таму  інфраструктура Рымскае Імпэрыі й габрэйскае дыяспары дазволілі хрысьціянству за некалькі дзесяцігодзьдзяў ахапіць паўсьвету. Пры сёньнішняй ступені глябалізацыі й разьвіцьці інфармацыйных тэхналёгіяў эміграцыйныя асяродкі даюць бяспрыкладныя магчымасьці для прарыву культуры, палітыкі й духовасьці ў любых каардынатах на ўсім зямным шары. Дастаткова прыгадаць узоры паўсюдных расьсяленьняў армянаў, ірляндцаў ці тых жа габрэяў. Тым больш, што ўзоры ўласных шыкоўных замежных перамогаў у нас у наяўнасьці. Бліскучыя сусьветныя рэйды Адама Міцкевіча, Тадэвуша Касьцюшкі, Ігната Дамейкі даводзяць, што беларусы ўмеюць падымаць краіны нават адзінаасобна.

Беларусам патрэбная моцная, эфэктыўная й усеахопная дыяспара ўплыву, здольная зьдзейсьніць Адкрыцьцё Беларусі для ўсяго сьвету. Транснацыянальныя мэдыякарпарацыі, індустрыя экспарту беларушчыны й хрысьціянскае місіянерства ў кожным кутку плянэты – мэта Вялікай Беларусі, пашыранай да памераў плянэты.

З кнігі "Люблю Беларусь"

Працяг будзе

26.06.18 18:49

Павел Севярынец