Віфлеем на захадзе Менску


На захадзе Менску, у евангельскай царкве "Віфлеем" штовечар на свята нараджэння Хрыста ладзіцца грандыёзны праект "Дарога ў Віфлеем".
Спярша вы трапляеце на шыкоўны канцэрт, дзе даведваецеся, што знакамітая музыка з "В мире животных" - гэта іспанскі паломніцкі спеў( і яго тут жа спяваюць пад скрыпку на мове арыгінала), а затым уся заля (дзеці - матулі - таты) стварае тры хоры. Затым вы атрымліваеце асабістыя дакуманты жыхара Юдэі, выходзіце на мароз - і трапляеце на дзьве тысячы гадоў таму.
Не буду апісваць "Дарогу", бо гэта трэба бачыць.
Ты рэальна акунаесься ў дух таго часу - на холадзе, у паўзмроку, сярод вагнёў і рымскіх цэнтурыёнаў, на вуліцах Ерусаліма і Віфлеема дзве тысячы гадоў таму... Праз увесь шлях ваша сэрца пастаянна будзе задаваць пытанне: няўжо тады сапраўды было вось так?...
Прысутнасць Божая тут адчуваецца часам мацней, чым на набажэнстве.
Рай для дзяцей. Цудоўныя валанцёры. Гарачая гарбата. Файны кірмаш.
І - неверагодная ласка Божая.
РАЮ ЎСІМ! На выходных пасля 17.00 - усе ў Віфлеем!

08.01.19 20:46

Павел Севярынец