З годам сьвіньні, таварышы


Вечар 31 сьнежня 2018 года. Наведнікаў у кабаку "Бульбашхола" няма. На варце ў Курапатах - шэсьць чалавек. Як сумна сустракаць такі новы год Івану Ермакову, сталіністу з Расеі, які пераехаў жыць у Беларусь!
Іван Ермакоў садзіцца за стырно машыны, прыяжджае ў пусты рэстаран, разганяецца - і спрабуе тараніць варту на хуткасьці каля 60 кіламетраў у гадзіну. За Родіну, за Сталіна!
Варта расступаецца (бо інакш будуць трупы), але выехаць назад у Івана Ермакова не атрымліваецца. Сталінскага сокала ўсё-такі спыняе варта. Сокал у адказ звоніць у ворганы - і вось дужыя малойцы з бараўлянскай міліцыі прылятаюць на варанку, цягнуць па сьнезе ў машыну, па дарозе душаць Натальлю Ладуцьку, абяцаюць заўтра па гражданцы зьбіць Дзяніса Урбановіча - і  заадно бяруць у палон інваліда 2-й групы Валянціну Дзядок.
Усім афармляюць пратаколы за супраціў міліцыі. Іван Ермакоў выходзіць зь міліцыі з усьмешкай.
Абаронцы разам едуць назад на варту.
Беларускі народ перажыў Сталіна. І год сьвіньні перажыве.



31.12.18 20:38

Павел Севярынец