СВАЯ ДЗЯРЖАВА - СВАЯ ЦАРКВА

“Раскол сусветнага праваслаўя!.. Подласць!.. Вераломства!..” Такое адчуванне, нібы Канстанцінопаль адмяняе Бога, а не пачынае імплементацыю пастановы Сінода Усяленскага Патрыярхату аб аўтакефаліі Украінскай Праваслаўнай Царквы. Што папросту азначае, што незалежная ўкраінская дзяржава будзе мець незалежную ад Масквы ўкраінскую царкву.


«Так не можа быць! Мы больш за 1000 гадоў у адным лоне!..» - лемантуюць маскоўскія іерархі. Дык вось можа быць. Больш за тое: так быць павінна і так будзе! Бо тое лона падобнае да загона. Бо без сваёй царквы немагчыма збудаваць сваю дзяржаву. І істэрычнасць рэакцыі РПЦ (што можна прачытаць як Рускай Праваслаўнай Царквы, так і рускага праваслаўнага цара) на дзеянні Кіева і Канстанцінопаля толькі сцвярджае гістарычнасць падзеі. А заявы кшталту: “Мы аддзелемся! Мы разарвем адносіны з Канстынцінопалем! Мы створым свае епархіі ў Турцыі!..” – толькі паскараюць даволі складаны працэс надання аўтакефаліі, робяць яго незваротным.

Раней ці пазней, калі мы насамрэч хочам мець суверэнную краіну, ступіць на гэты шлях Беларусь. Без сваёй царквы, без беларускага Бога нам незалежнай беларускай дзяржавы не стварыць. Без гэтага марнымі будуць усе нашы высілкі, усе прынесеныя ахвяры. “Что не довершил русский штык, довершит русский поп”. І Украіна, якая праз усю гісторыю ідзе на крок паперадзе нас, зноў дае прыклад, паказвае, якім шляхам ісці, каб не быў ён марным.


А Расія зноў пагражае Украіне караю. Але пасля істэрычных заяў, да якіх змусіў Крэмль кіраўніцтва РПЦ, любыя крокі, якія б ні зрабіла Масква, ці ўчыніць яна “сусветны” раскол, ці, адумаўшыся, забудзецца на свае пагрозы, будуць памылковымі. І прычына гэтаму адна: звычка дзейнічаць нахрапам, ламаць праз калена. Маўляў: “Хто такі той патрыярх Варфаламей? Колькі ў яго дывізій?..”

Часы такіх падыходаў, такога разумення светаўладкавання скончыліся. Але людзі, якія адсочваюць час па гадзінніку на Спаскай вежы Крамля, гэтага не заўважылі. І ў тым бяда, у тым драма сённяшняй Расіі.


10.09.18 22:17

Уладзiмiр Някляеў