З дазволу Лукашэнкі

Журналісцкае расследванне Дзяніса Івашына «Хто яшчэ забудоўваў Курапаты?», надрукаванае ў штотыднёвіку «Новы час», - прыклад таго, як мусяць працаваць журналісты незалежных СМІ ва ўмовах несвабоды. На жаль, такой практыкі ў нас амаль што няма - і я віншую аўтара і газету з публікацыяй.

З расследвання вынікае, што за дазволам на будаўніцтва рэстаранна-забаўляльнага комплекса «Паедзем паядзім» («Бульбаш-хол») у ахоўнай зоне Нацыянальнага мемарыялу «Курапаты» стаіць кіраўнік краіны. Гэта з ягонай згоды на магілы, у якіх ляжаць дзесяткі (калі не сотні) тысяч беларусаў, ахвяраў бальшавіцкага рэжыму, прыйшлі вандалы. Як калісьці ў гэтае месца прыйшлі карнікі.

Цяперашняе кіраўніцтва Беларусі адпрэчвае факт вандалізму, як некалі беларускае савецкае кіраўніцтва адпрэчвала факт генацыду - і гэта вяртае нас у адпраўную кропку найноўшай беларускай гісторыі, якая пачалася з публікацыя Пазьняка і Шмыгалёва "Курапаты ‒ дарога сьмерці". І ў гэтым цяперашняя публікацыя ў «Новым часе» параўнальная з той, што з'явілася 30 гадоў таму ў газеце «Літаратура і мастацтва».

Як аспрэчвалі, абвяргалі ўлады тую публікацыю, так будуць аспрэчваць, абвяргаць і гэтую. Могуць нават учыніць ціск, пераслед аўтара і газеты (што будзе толькі доказам таго, што расследванне - у дзесятку!) Але найпершае, што вынікае з публікацыі, бясспрэчнае: мы 30 гадоў ходзім па крузе! Сённяшняя, нібыта незалежная Беларусь знаходзіцца там жа, дзе знаходзілася Беларусь савецкая. На дарозе, якая калі й вядзе куды-небудзь нашу краіну, дык хіба на могілкі гісторыі.

Колькі нам па дарозе гэтай ісці?..

Калі як габрэям па пустэчы - дык яшчэ гадоў дзесяць. Можа, і не згібеем. І ўсё ж збудуем наш Беларусалім, які прарочыць у сваёй кнізе адзін з абаронцаў Курапатаў Павел Севярынец.

19.07.18 20:26

Уладзiмiр Някляеў