Забарона на мірны пратэст

Арыгінальную адмову на заяву аб правядзенні пікета атрымалі жыхары вуліцы Талбухіна, якія доўгі час ужо змагаюцца супраць будоўлі ў сваім двары бізнес-цэнтра.

На думку гарадскіх ўладаў гэтае мерапрыемства «негативно отразится на пропускной способности улично-дорожной сети в центральной части города».
Напэўна за такой адмовай хаваюцца планы выканкама пусціць транспартныя патокі праз сквер на бульвары Талбухіна, дзе ў дакладна вызначаным месцы і збіраліся праводзіць пікет. Мала ім ушчыльнення паркоўкамі і высечкі дрэваў у двары побач, супраць чаго, уласна кажучы, і планавалі пратэставаць жыхары Мінска.

Уся гэта гісторыя таксама яскрава сведчыць пра тое, што заканадаўства аб масавых мерапрыемствах мае выразны забаронны характар. Дазвол на мірны пратэст ад гэтай улады ніколі не атрымае не тое, што прадстаўнік апазіцыі, але і звычайны, “законапаслухмяны” грамадзянін.

Выйсце з'яўляецца толькі ў час выбарчай кампаніі. Мы з жыхарамі вуліцы Талбухіна ўжо выходзілі да Першамайскай адміністрацыі ў лютым, калі ішлі выбары мясцовых дэпутатаў, і прымусілі чыноўнікаў прынамсі прыняць дэлегацыю пратэстоўцаў.

Пры патрэбе мы паўторым гэты крок і на наступных выбарах. Але хацелася б нагадаць чыноўнікам, што чым даўжэй назапашваецца незадаволенасць, тым складаней потым стрымаць пратэст.

***
Жыхары вуліцы Талбухіна ўжо каля 8 месяцаў змагаюцца супраць будоўлі ў сваіх дварах бізнес-цэнтра з аўтамабільнай стаянкай. Яны звярталіся ў розныя інстанцыі і суд, але, неглядзячы на тое, што былі выяўленыя парушэнні, суд заняў пазіцыю забудоўшчыка. У працэсе будоўлі запланавана таксама высечы 273 дрэвы.

25.08.18 22:48

Юрий Губаревич