Чарговы помнік пад пагрозай


Павел Каралёў у ФБ ужо агучыў праблему з будынкам былой абласной дзіцячай лякарні 30-х гг. 20 ст. па вул. П.Броўкі, 5 у Мінску, якога хочуць пазбавіць статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці, каб расчысціць пляцоўку перспектыўнаму інвестару.

Я даведаўся пра праблему ўчора позна вечарам, сёння наводзіў даведкі, інфармацыя падцвердзілася. Падцвердзілася, што змова супраць помніка выспела на самым высокім узроўні. Ужо ёсць даручэнне саўміна, ужо міністр культуры, Бондар, даў даручэнне для навукова-метадычнай рады, каб не трапыхаліся і прагаласавалі за пазбаўленне статуса.

Вось Вам прыклад, як адной рукой у нас змагаюцца з карупцыяй, а другой ствараюць па-за межамі заканадаўства спрыяльныя ўмовы для прыватнага інвестара. На ўсе 100% парушэнне арт. 20 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб барацьбе з карупцыяй". Мабыць абяцаная рэвалюцыя па навядзенню парадку ў Сінявокай, якая была дэкларавана ў Воршы, ужо задушана ў сваёй калысцы.

Хаця мы ўжо прывыклі , што абяцанкі-цацанкі, а нам дурням радасць. Што ж рабіць? Сядзець і чакаць не выпадае. Трэба дзейнічаць. Таму ад імя Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры пачынаюць рыхтавацца запыты на імя кіраўніка дзяржавы, у генпракуратуру, каб была праверана законнасць памкненняў нашага ўжо абноўленага саўміна і міністра, прабачце, міністранта ад культуры.

Але адзін у полі не воін. Таму заклікаю ўсіх зацікаўленых, пішыце ў кантрольныя і наглядныя органы аб незаконнасці памкненняў шэрагу прадстаўнікоў выканаўчай улады знішчыць чарговы помнік ва ўгоду інтарэсам інвестараў. Заклікаю журналістаў не ганяцца за гарачымі сенсацыямі, а падтрымаць сапраўдныя памкненні грамадства захаваць гісторыка-культурныя каштоўнасці нашай Беларусі.


06.09.18 20:29

Антон Астаповіч