Ахова ці імітацыя?

Для аматараў пісаць саплівыя шматслоўныя і ні пра што петыцыі ў Мінкульт і пракуратуру аб тым, што ў нас "что-то не так" з гісторыка-культурнай спадчынай. Маю на ўвазе тую петыцыю, пра якую напісана на сайце "Радыё "Свабода". https://www.svaboda.org/a/petycyja-suprac-cyb…/29203875.html.

Да прыкладу. Вось Вам адказ Мінкульта на зварот Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры аб правядзенні няўзгодненых прац, прац без археалагічнага нагляду, у зоне аховы Капыльскага замчышча. Тут нават па атрыбуцыі помніка размова асобная. Калі па дакументах Мінкульта замчышча эпохі Старажытнай Русі праходзіць, як гарадзішча жалезнага веку, то гэта ўжо дыягназ, згодна якому нашая культура афіцыйная падлягае не санацыі, а толькі эўтаназіі.

У звароце Таварыства па пунктах былі сфармуляваны са спасылкамі на нормы заканадаўства ўсе парушэнні, дапушчаныя пры правядзенні прац у Капылі http://pomniki.budzma.org/…/buldozyeram-pa-kulturnamu-plastu. Але са спасылкамі на Кодэкс аб культуры наш даражэнькі Мінкульт, а канкрэтна намесніца начальніка упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Наталля Хвір за подпісам намесніка міністра Аляксандра Яцко, адказвае, што ўсё ў норме, усё можна.

А той жа артыкул 115, на які спасылаецца Мінкульт забараняе любыя працы ў зонах аховы, калі яны не ўзгоднены Мінкультам. Дадзеныя працы не ўзгоднены, але той жа Мінкульт у сваім адказе фактычна легітымізуе парушэнне заканадаўства. Пра іншае не пішу, занадта доўга пісаць, тлумачыць, хто хоча, зварот Таварыства па вышэйпрыведзенай спасылцы прачытае.

Два тыдня таму атрымалі адказ з Мінаблвыканкама, у якім таксама незаконныя дзеянні называліся працай у рэчышчы прававога поля. Вырашыў адразу яго не абскарджваць, дачакацца адказаў з Мінкульта і пракуратуры. Мяркуючы па адказу з Мінкульта, і чакаць далей не варта, варта пісаць у Следчы камітэт с просьбай разабрацца з карупцыйнымі схемамі, бо акрамя прыкмет карупцыі, што ў пазіцыі Мінкульта, што ў пазіцыі аблвыканкама, не назіраецца. Бо з той жа пракуратуры таксама прагназуецца адказ у стылі - узбудзілі, але адмовілі.

Тут варта сказаць пра петыцыю наконт антырэстаўрацыі цэркваў. Нашыя органы кіравання культурай ды і так званыя праваахоўныя органы глухія да мовы права. Трэба зрабіць неймаверныя высілкі, каб з боку таго ж Мінкульта дачакацца хаця б мінімальнага адэкватнага рэагавання, а тут нехта разлічвае, што нечага можна дамагчыся звычайным плачам Яраслаўны. Не губляйце часу, не рабіце халастых стрэлаў, шаноўнае панства. Калі нечага хочацца, то вывучыце спачатку праблему і тыя шляхі, па якіх для вырашэння праблемы трэба рухацца.

А наконт адказу Мінкульта. Я яго сёння атрымаў у электронным выглядзе і на папяровым носбіце. Нават мае каты, Шлёмка і Марцік, настолькі былі абураны зместам ліста, што папяровы варыянт амаль адразу ўшчэнт падралі.


02.05.18 23:24

Антон Астаповіч