Вось такое “Нашае жыццё”


Прайшло на АНТ ток-шоў “Наша жыццё”, прысвечанае праблеме незаконных археалагічных вышуканняў, ці як у народзе называюць, праблеме чорных капальнікаў. Вельмі сумнае ўражанне. Па-першае, каб мы мелі нармальнае, празрыстае, структураванае заканадаўства ў сферы аховы спадчыны, у тым ліку і археалагічнай, і механізмы правапрымянення, то патрэбы ў публічных дыскусіях на гэтую тэму не было б.

Па-другое, засмуціла пазіцыя начальніка аддзела аховы помнікаў, намесніка начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры, Наталлі Хвір, якая некалькі разоў на працягу перадачы заяўляла аб тым, што ў Кодэксе аб культуры ўсё дакладна сфармулявана. І гэта ў той час, калі раздзел па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ў Кодэксе - гэта да максімума выхалашчаны былы Закон “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны”.

Ужо неаднаразова, не толькі спецыялістамі Таварыства, але і іншымі спецыялістамі і экспертамі, агучвалася, што сучасныя палажэнні Кодэкса з раздзелу аб ахове помнікаў, у тым ліку археалагічных, напісанны так, быццам бы ставілася звышзадача - гісторыка-культурную спадчыну пакінуць без аховы. Гэта амаль немагчыма ўявіць, што Міністэрства культуры зараз у адпаведнасці з Кодэксам аніякім чынам нават мінімальна не ўплывае на сітуацыю вакол помнікаў, не мае элементарных рычагоў уздзеяння на парушальнікаў.

І ўявіце, у той час, калі трэба ставіць пытанне аб удасканаленні, унясенні зменаў і дапаўненняў у заканадаўчы акт аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, калі ўжо прыйшоў усталяваны прававымі нормамі час, калі гэты працэс можна ўжо пачынаць ініцыяваць, адказны супрацоўнік Міністэрства культуры, усведамляючы ўсе недахопы Кодэкса, ні словам не абмовіўся аб вялікай праблеме на такой публічнай пляцоўцы, як тэлебачанне, у тэматычнай перадачы.

Ну а наш самы вядомы і медыйны законатворца - Марзалюк, зноўку парадаваў сваёй чарговай заявай. У гэты раз пра неабходнасць стварэння ў абласных цэнтрах экспертных археалагічных саветаў. Гэта ў той час, калі абласныя археалагічныя камісіі, якія надзелены менавіта экспертнымі функцыямі і паўнамоцтвамі, створаны ў выкананне археалагічнага Ўказу № 485, норма гэта далей была прапісана ў Кодэксе аб культуры.

З такімі падыходамі мы можам з адказнасцю заявіць - Беларусь упэўнена крочыць шляхам лібералізацыі. З помнікамі зараз можна рабіць што заўгодна і нічога за гэта, акрамя размоваў у прэсе, інтэрнэце і па тэлебачанні не будзе. І, такое ўражанне, прымаючы пад увагу пазіцыю і заявы нашых чыноўнікаў і законатворцаў, працэс лібералізацыі, хаця б толькі ў адной асобна ўзятай сферы, будзе незваротны.

06.02.18 0:07

Антон Астаповіч