Пра бюджэт і рэстаўрацыю

Учора затурбаваў мяне журналіст "Свабоды" Алесь Дашчынскі. Хацеў, каб я адкаментаваў скарачэнне фінансавання па праграме "Культура", і менавіта па рэстаўрацыі помнікаў архітэктуры. Я ніколі не люблю разважаць пра тое, колькі дзяржава выдаткоўвае грошай на рэстаўрацыю. Я лічу, што покуль не будзе грамадскага запратрабавання ў сферы аховы спадчыны, сацыяльнай адказнасці, а не чакання добрага дзядзькі ў асобе дзяржавы ці інвестара, то бюджэтныя асігнаванні праблему не вырашаць.

Ва ўсім свеце ўдзел дзяржавы ў рэстаўрацыі мінімальны, у асноўным яна адбываецца за інвестыцыйныя сродкі, альбо за дабрачынныя. Тая ж Літва свае апошнія рэстаўрацыйныя праекты менавіта так і рэалізоўвала. Узяць, напрыклад, сядзібу Тышкевічаў у Затроччы. Гэта прыватная інвестыцыя. Калі браць Медніцкі замак ці палац вялікіх князёў літоўскіх у Вільні - гэта субсыдыя па фундацыйных праграмах Еўразвяза.

У Беларусі праблема не ў тым, што грошы невялічкія вылучаюцца. У Беларусі праблема ў тым, што ў нас перастала існаваць цэлая галіна, і галіна гэтая - рэстаўрацыя. Асноўная праблема - рэанімацыя гэтай галіны, якая павінна паўстаць на грунце нарматыўна-прававых і нарматыўна-тэхнічных дакументаў, бо сучасныя гэтыя дакументы, якія зараз ва ўжытку, і знішчылі нашую беларускую рэстаўрацыю, якая хоць і не была супер у параўнанні са шматлікімі суседзямі, але ўжо моцна стаяла на нагах і магла мець добрыя перспектывы.

Менавіта пра гэта я і разважаў у сваім каментары для радыё "Свабода". Тым больш сказаў, што колькі ў сучаснай сітуацыі грошай не дай, праблему гэта не вырашыць. Але, мабыць, не той мэсыдж я агучыў, бо амаль суткі прайшлі пасля майго каментару, а матэрыяла на сайце няма. Тым больш "прайшоўся" у негатыўным ключы па так званай "народнай" рэстаўрацыі ў Любчы. Мабыць трэба было паплакацца на нежаданне вылучаць сродкі з бюджэту на нашую гаротную спадчыну, трэба было паразважаць пра антыбеларускую сутнасць нашай улады і г.д. Тады б матэрыял з'явіўся б адразу


19.12.17 13:20

Антон Астаповіч