Што трэба ведаць пра "ліберальны парадак"

Няма, бадай, такой канферэнцыі або такой дэбаты за Захадзе, дзе б не выскачыла канстатацыя пра "крызіс ліберальнага парадку". Нязгодзен з гэтай канстатацыяй. Тое, што зараз адбываецца - гэта крызіс не "ліберальнага" парадку, а крызіс "постмадэрнісцкага (бес)парадку" - набору інтэлектуальных і палітычных установак, якія тзв. акадэмічная лявіца навязала заходнім грамадствам у 90-ыя гады.

Што тычыцца ўласна ліберальнага парадку, то ён быў разбураны цягам 80-ых і 90-ых гадоў - спачатку ў сценах універсітэцкіх аўдыторый, пазней - у парламентах і міністэрскіх ведамасцях. Ліберальны парадак пачаў разбурацца тады, калі заходнія інтэлектуалы прамянялі Хаека на Леніна, а Поппера на Лукача. Палітыкі, з уласцівай ім кароткай памяццю, хутка забыліся пра Конрада Адэнаўэра і Робера Шумана і пачалі будаваць постмаастрыхцкую Еўропу пад дыктоўку "іранічных бунтаўнікоў" - інтэлектуалаў, якія начыталіся Ніцшэ і Лукача, умудрыліся іх аб'яднаць і пачалі прасоўваць свае геніяльныя ідэі ў палітыку.

Апошні канцэпцыйны трактат на тэму ліберальнага парадку - гэта энцыкліка Centesimus annus Яна Паўла ІІ (1991 г.). Гэта быў выдатны шанец для заходняга свету ўзнавіць і ўмацаваць ліберальны парадак, абаперці яго на моцных фундаментах і займець сур'ёзнага кааліцыянта ў выглядзе каталіцкай і шэрагу пратэстанцкіх цэркваў. Што ж, трэба прызнаць, што энцыкліка была прынята ў цэлым пазітыўна ў ліберальных колах, але ведаеце, што стала тады яблыкам нязгоды? Акцэнт энцыклікі на аб'ектыўную праўду. Якая праўда? Якая аб'ектыўнасць? - абураліся многія лібералы ў 90-ыя гады.

Праходзіць чвэрць стагоддзя. Адкрываем рапарты Мюнхенскіх канферэнцый - 2017-ага, 2018-ага гадоў. Што там бачым? Пост-праўда, адкідваннне ідэі аб'ектыўнай праўды з'яўляецца адной з асноўных прычын крызісу ліберальнага парадку - з занепакаеннем канстатуюць еўраатлантычныя эліты. І што сталася з колішняй догмай: "праўда - гэта інструмент гегемоніі"?

Якая выснова з усяго гэтага. Высновы ў мяне тры:

1) Геапалітычная. Ліберальны парадак распаўся ў заходняй Еўропе даўно, у 90-ыя гады. Постмадэрнісцкі трэнд, які з цягам часу пачалі называць (памылкова) "лібералізмам" не мог стаць доўгатэрміновай стратэгіяй па прычыне сваёй інтэлектуальнай галечы. Узнавіць кааліцыю з хрысціянствам Захад пакуль што негатовы і невядома, ці ў бліжэйшай будучыні будзе гатовы. У сітуацыі такога вакууму цягам бліжэйшага дзесяцігоддзя заходнія грамадствы будуць шукаць каштоўнасныя арыентыры ў дактрынах, якія найменш асацыююцца з трэндам апошніх 20 гадоў. Самая блізкая і самая даступная дактрына - еўразіяцтва. Так, адыёзная, глыбока антыліберальная ідэалогія Дугіна мае высокія шанцы запаланіць розумы і сэрцы многіх заходніх еўрапейцаў. Суадносна, мяккая сіла Расеі на Захадзе будзе ўрастаць.

2) Стратэгічная. Стратэгія палягае ў вызначэнні неабходных або дастатковых умоваў дасягнення пастаўленай мэты. Дастатковыя ўмовы ўзнаўлення ліберальнага парадку ўстанавіць крайне цяжка, але назваць неабходныя ўмовы можна даволі лёгка. Неабходнымі ўмовамі з'яўляюцца: а) культура крытычнага мыслення (увага: не блытаць з крытычнымі тэорыямі!); б) пашырэнне ведаў аб ліберальнай сістэме каштоўнасцяў (не блытаць з наборам постмадэрнісцкіх лозунгаў-аднадзёнак). Можна дадаць сюды яшчэ спрыяючую ўмову: в) павязанне ліберальнага парадку з агульнаеўрапейскай і нацыянальнай гісторыяй.

3) Датычна Беларусі. Прыхільнікі дэмакратызацыі (да якіх я таксама належу) павінны разумець, што часы сапраўды мяняюцца. Надыходзіць час, калі будучыня самой заходняй дэмакратыі знаходзіцца пад пытаннем. Не, я абсалютна не прыхільнік пазіцыі: давайце разлічваць толькі на саміх сябе. Гордая ізаляцыя - гэта крайне неразумны варыянт. Заходнія кааліцыянты нам зараз патрэбны больш чым калі-небудзь. Але мы павінны стаць больш пераборлівымі ў выбары партнёраў. Трэба вызваліцца ад магіі слова "заходні" і перастаць асацыяваць заходні мэйнстрым апошніх 20 гадоў са свабодай і прагрэсам. Заходні свет - гэта сапраўды вялікая скарбніца светлых ідэй і вызвольных практык, але яна не заўсёды знаходзіцца на першых старонках вядучых СМІ і ў гламурных аўдыторыях прэстыжных ВНУ. Трэба шукаць партнёраў з моцнай каштоўнаснай і інтэлектуальнай базай. Яны патрэбны нам, а мы патрэбны ім.

Выбірайма. Дзейнічайма.

06.10.18 14:18

Петр Рудковский