АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Севярынец і Кастусёў аднавілі падрыхтоўку да перамоваў з уладальнікамі рэстарана ў Курапатах

На думку абаронцаў Курапатаў, улады арыштамі паказалі, што яны на баку рэстарацыі «Поедем, поедим», але ўладальнікі нібыта гатовыя да перамоваў, піша Радыё Свабода.

Абаронцы Курапатаў і саўладальнік рэстарацыі «Поедем, поедим», што месціцца ў 50 метрах ад мемарыялу, мелі 4 ліпеня дамовіцца пра правядзенне круглага стала. Ды ў той дзень шэраг пратэстоўцаў быў за кратамі. Адзін з лідараў пратэстаў, сустаршыня БХД Павел Севярынец адбываў 10 сутак арышту, а яшчэ адзін, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, быў затрыманы і затым аштрафаваны на 735 рублёў.

Севярынец: «Калі справа ў бізнесе, то бізнесу самы час ужо здавацца»

Увечары 10 ліпеня Севярынец выйшаў на волю (вызвалілі са спазненнем на паўдня). Цяпер ён, як і Кастусёў, перакананы, што ўлады ўсталі на бок «Поедем, поедим». Севярынец кажа, «па факце так атрымліваецца», што ўлады або прынялі пазіцыю рэстарацыі, або «ад пачатку на ёй і знаходзіліся». Але ён адзначае, што пратэст усё адно працягваецца.

«Нічога з пратэстам не сталася, нават калі арыштавалі лідараў пратэсту, — кажа Севярынец. — Людзі прыходзяць і абарону Курапатаў трымаюць. Пакуль людзі ёсць, абарона будзе трываць».


Ён дапускае, што рашэнне можа быць знойдзена на перамовах з уладальнікамі рэстарацыі, хоць ёсць «шэраг іншых опцыяў». Але адзначае: на яго асабістую думку, «з гэтымі людзьмі павінны размаўляць не прадстаўнікі грамадства, а пракурор і следчыя», таму на перамовах «пазіцыя абаронцаў Курапатаў будзе досыць жорсткая».

«Грамадства аднадушнае ў сваім імкненні гэтую рэстарацыю з Курапатаў прыбраць, — заяўляе Севярынец. — Таму я думаю, тут каса на камень найшла. Усё будзе залежаць ад таго, наколькі хопіць у беларусаў моцы і трываласці падтрымліваць гэты пратэст.

На гэты момант такая моц і трываласць ёсьць: людзі штодня, пакуль працуе рэстарацыя, прыходзяць, беларусы байкатуюць гэты рэстаран, там літаральна некалькі наведнікаў на дзень... Пакуль сітуацыя відавочная: калі справа ў бізнесе, то бізнесу самы час ужо здавацца і выводзіць рэстарацыю з Курапатаў».

Кастусёў: «Зайдэс казаў, што пакуль людзі сядзяць, сустрэчу праводзіць не варта»

Кастусёў расказаў Свабодзе, што 12 ліпеня мае адбыцца круглы стол з удзелам абаронцаў Курапатаў, на якім яны будуць шукаць агульны падыход да ўладальнікаў «Поедем, поедим».
7 ліпеня Кастусёў размаўляў з саўладальнікам рэстарацыі Леанідам Зайдэсам. Паводле Кастусёва, той «праяўляе ініцыятыву» сустрэцца з абаронцамі Курапатаў і шукаць кампраміснае рашэнне. Сустрэча адклалася менавіта праз тое, што абаронцы Курапатаў былі пад арыштам — дамовіліся, што працягнуць перамовы аб даце сустрэчы пасля вызвалення Севярынца і іншых пратэстоўцаў.

«Тое, што былі арышты, затрыманні, штрафы абаронцаў Курапатаў, гэта адназначна сведчыць, што ўлады ўсталі на бок рэстарацыі, — кажа Кастусёў. — Але была такая размова з Зайдэсам, у якой ён выказаў заклапочанасць, што людзі знаходзяцца на сутках, аштрафаваныя.

Менавіта ён апярэдзіў мяне і сказаў, што пакуль людзі сядзяць, гэтую сустрэчу праводзіць не варта, а калі выйдуць, варта арганізоўваць. Я кажу па факту, што ён сказаў мне. Як гэта ўспрымаць... Я спадзяюся, ён выказаў гэта шчыра».


13:06 11/07/2018


Загрузка...
Загрузка...