АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Беларусы, якіх асудзілі за акцыю ў Асвенціме, пакуль на волі

У студзені 2018 года дваіх беларусаў — Мікіту Валадзько і Адама Бяляцкага — прысудзілі да турэмных тэрмінаў у Польшчы. Хлопцаў пакаралі за акцыю, якую яны правялі ў Асвенціме, тады яны распрануліся і забілі ягня.


Прайшло паўгода, але і Валадзько, і Бяляцкі пакуль што на волі. Яны чакаюць разгляду апеляцыі, якую падалі адразу пасля прысуду.

Акцыя ў Асвенціме прайшла яшчэ ў сакавіку 2017 года. Тады Бяляцкі, Валадзько і яшчэ некалькі чалавек (палякі, беларусы, грамадзянін Германіі) распрануліся дагала і завесілі лозунг «Arbeit Macht Frei» расцяжкай з надпісам «Love». Яны спрабавалі прыкаваць сябе адзін да аднаго кайданкамі. Падчас акцыі Бяляцкі і Валадзько зарэзалі ягня.

Удзельнікі акцыі назвалі яе антываеннай, накіраванай супраць узброеных канфліктаў. Праўда, па словах удзельнікаў, забойства ягня не было запланаваным, гэта была ідэя Бяляцкага і Валадзько.

Суд над удзельнікамі акцыі. Фота — Радыё Свабода

Валадзько і Бяляцкі падалі апеляцыю, сплацілі заклад (штосьці каля 500 даляраў), таму застаюцца на волі.

Як патлумачыў «Нашай Ніве» Мікіта Валадзько, вынік разгляду апеляцыі будзе вядомы прыкладна ў верасні. Да гэтага часу хлопцы пад падпіскай: не могуць выязджаць з Польшчы і тры разы на тыдзень мусяць наведваць аддзяленне паліцыі, каб адзначацца. Калі суд вырашыць адхіліць апеляцыю, то беларусаў адправяць за краты адбываць тэрміны.

Пакуль што хлопцы працуюць. Як кажа Валадзько, «калі атрымліваецца, то ў мастацтве, калі не, то на гастарбайтэрскіх працах». Але ён пра акцыю не шкадуе.

«Гэта ж крута было!», — кажа Валадзько. А забойства ягня ў межах акцыі хлопец тлумачыць так: «Акцыя мае падраздзелы, якія робяць яе крутой. Некаторыя прыгожыя, некаторыя важныя, а некаторыя — жахлівыя».

Адам Бяляцкі таксама паведаміў «Нашай Ніве», што не шкадуе пра акцыю. На яго думку, нават калі давядзецца правесці бліжэйшыя паўтара гады за кратамі, то акцыя была вартай гэтага.


21:19 11/07/2018


Загрузка...
Загрузка...