АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Украінская кампанія ўклала $20 мільёнаў у аршанскі завод, які Лукашэнка хоча нацыяналізаваць

На запароскім прадпрыемстве «Мотор Січ», якое належыць украінскаму бізнэсоўцу Вячаславу Багуслаеву і валодае 60 адсоткамі акцый Аршанскага авіярамонтнага заводу, пакуль не камэнтуюць заяву Аляксандра Лукашэнкі пра нацыяналізацыю гэтага беларускага прадпрыемства, піша Радыё Свабода.


Украінская кампанія ўклала $20 мільёнаў у аршанскі завод, які Лукашэнка хоча нацыяналізаваць
У той жа час стала вядома, што цяпер на прадпрыемстве адбываецца нарада.

Сёлета ў траўні прэзыдэнт «Мотор Січ» Вячаслаў Багуслаеў лётаў у Менск на перамовы пра зьмену беларускага акцыянэра аршанскага заводу. Паводле дэпутата, які ўваходзіць у топ-25 найбольш заможных бізнэсоўцаў Украіны, менавіта «мясцовы інвэстар» адмовіўся выконваць сваю частку інвэстыцыйных абавязаньняў.

«Таму ўвесь «сыр-бор». Сваю частку інвэстыцыйных абавязаньняў «Мотор Січ» выканаў на 110%», — казаў Вячаслаў Багуслаеў украінскім журналістам, камэнтуючы ў траўні паведамленьні пра магчымую перадачу кантрольнага пакету акцый Аршанскага авіярамонтнага заводу дзяржаўнаму прадпрыемству «Белспэцзьнештэхніка».

«Не разумею, адкуль гэта: узяць і забраць. На рынку можна толькі купіць або выкупіць. Так працуе ўся Эўропа. Трэба разьлічыцца з акцыянэрамі», — сказаў у траўні Вячаслаў Багуслаеў. Паводле яго, Аршанскі авіярамонтны завод завяршыў 2017 год з прыбыткам.
І тады ж прэзыдэнт «Мотор Січ» удакладніў, што з моманту набыцьця ў 2012 годзе кантрольнага пакета акцый Аршанскага заводу, на той момант праблемнага і выстаўленага ўладамі Беларусі на прыватызацыю, украінскае прадпрыемства ўклала ў разьвіцьцё авіярамонтнага заводу прыкладна 20 мільёнаў даляраў.

Украінскія СМІ паведамлялі, што Вячаслаў Багуслаеў пасьля апошняга раўнду перамоў вымушаны быў вярнуцца зь Менску ў Кіеў рэйсавым самалётам, бо ягоны «Як-40» арыштавалі на аэрадроме ў Воршы ў якасьці закладу, каб прымусіць яго адмовіцца ад фінансавых прэтэнзій да беларускага заводу і да таго ж выплаціць «няўстойку» за нібыта невыкананьне інвэстыцыйных абавязаньняў. Пазьней, як сьцьвярджаюць некаторыя крыніцы, украінскі бізнэсовец не паехаў на сустрэчу ў адміністрацыю беларускага прэзыдэнта абмяркоўваць умовы перадачы акцый Беларусі, хоць і пацьвердзіў сваю гатоўнасьць адмовіцца ад акцый.

Ва Ўкраіне шэраг экспэртаў рынку не выключаюць, што беларускія ўлады вырашылі нацыяналізаваць Аршанскі авіярамонтны завод, бо падазравалі, што ён можа перайсьці ва ўласнасьць Расеі з прычыны продажу 56% акцый украінскага «Мотор Січ» кітайскай карпарацыі Beijing Skyrizon Aviation Industry Investment Co.

Тая ўгода летась стала прадметам крымінальнай справы, якую распачала Служба бясьпекі Ўкраіны. Паводле сьледчых, тое, што акцыі ўкраінскага прадпрыемства прадаваліся замежнікам пакетамі па 10% праз афшоры, выклікала падазрэньні, што новым рэальным уласьнікам найважнейшага для абароны Ўкраіны прадпрыемства можа аказацца зусім ня тая кампанія, што была заяўлена.

У той жа час украінскія экспэрты выключаюць, што беларускія ўлады нацыяналізуюць беларускія актывы Вячаслава Багуслаева на заказ свайго ўкраінскага калегі Пятра Парашэнкі. Хутчэй справа ў тым, што на магутнасьцях Аршанскага авіярамонтнага заводу рыхтаваліся выпускаць мадыфікацыю верталёта «Мі-8», які дзякуючы новаму ўкраінскаму рухавіку значна пераўзыходзіў бы расейскага канкурэнта «Мі-17». І гэта ўжо не магло спадабацца Расеі.

Паводле асобных інфармацыйных крыніц, Аршанскі авіярамонтны завод пасьля банкруцтва будзе аб’яднаны ў холдынг з аналягічным прадпрыемствам у Баранавічах і перададзены ў склад дзяржпрадпрыемства «Белспецзнештэхніка». Выказваецца і такая вэрсія, што Аршанскі авіярамонтны завод, дакладней, яго ўзьлётна-пасадачная паласа вельмі спадабаўся беларускай кампаніі «Брэміна груп», якая будуе побач мультымадальны лягістычны цэнтар.


09:00 12/07/2018


Загрузка...
Загрузка...