АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Сьцяг 14.05.2017 3

Пры арышце па г.зв. “справе патрыётаў” мяне прывезьлі да хаты рабіць ператрус. Трэба было бачыць, зь якой варожай радасьцю гэбэшныя апера даставалі з шуфляды бел-чырвона-белыя сьцягі. “О, дык столькі сьцягоў ў цябе!” Перапісалі ўсе – 16 штук і дадалі да іх раздрукаваны банэр “Пагоні”. Тое ж адбывалася па месцы жыхарства і Арцёма Леўчанкі, у якога радасна канфіскавалі 15 сьцягоў.

“Во, – кажу я ім, седзячы ў кайданах у крэсьле, – бандыта знайшлі, дык да!” КДБэшнікі не разумелі маёй іроніі і патрасалі балаклавамі ў знак згоды – бандытызм быў навідавоку. Пачалі нават апісваць кавалкі нарэзанай чырвонай і белай тканіны, але потым вырашылі, што для доказнай базы па крыміналцы хопіць і 16-ці нашытых сьцягоў. Але я не зьдзівіўся б, каб і тканіну дапісалі ў злачынства, вунё ў Сяргея Пальчэўскагаканфіскоўвалі тканіну – і дагэтуль ніводнай скаргай адбіць яе ня можа, бо крымінал гэта – захоўваць чырвоную і белую тканіну разам.

14 траўня спаўняецца 22 гады з таго жахлівага, дзікунскага рэфэрэндуму, калі Лукашэнка чыніў свой першы антыканстытуцыйны пераварот. Быццам бы як праз туман, але я памятаю той дзень. Мне тады было 13 год. І я ніяк ня мог зразумець, чаму нацыя выракаецца свайго сьцяга і герба. Мне ніхто нічога не тлумачыў пра зьбіцьцё дэпутатаў парламента, пра незаконнасьць самога галасаваньня і нават пра тое, што сьцяг мяняецца на іншы. А можа нешта і тлумачылі, але гэта не адбілася ў памяці. Мне тады здавалася, што нацыя проста выракаецца сваіх самых сьвятых сымбаляў – сьцяга і герба. І калі ўлічыць тое, што народ не паўстаў супраць чырвона-зялёнага гвалту і беззаконьня, то мо і ня так ужо памылялася дзіцячае сэрца – нацыя выракалася…

Я памятаю, як я, 13-гадовы падлетак, тады плакаў – 14 траўня 1995 года. І менавіта тая крыўда за зьдзек з нацыянальных сымбаляў прывялі мяне праз 5-6 год у Малады Фронт. Мяркую, каб не ганебны рэфэрэндым 1995 года, я ніколі не прыйшоў бы ў апазыцыйны рух. За што ахвяраваць сабою? За ліберальныя ідэі? За заробкі? За ўладу? На ўсё гэта было проста начхаць тады, калі мы, 13 – 18-гадовыя дзеці далучаліся да Маладога Фронту. Я заўсёды і з многімі размаўляў маладафронтаўцамі: што вас прывяло ў МФ? Амаль заўсёды адказ зводзіўся да аднаго – рэфэрэндум 1995 года. Я перакананы, каб не ганебны травень 1995 года, у Лукашэнкі і сёньня не было б апазыцыі.

Таму, можа быць, хлус і разважае пра першы рэфэрэндум, як пра самую сваю пераможную бітву над іншадумствам, але я пэўны – гэта самая вялікая ягоная параза. Ілгун, па-злачынску апрануўшыся ў злачынную чырвона-зялёную кашулю, сам абазначыў сябе. Сёньня ніхто ня можа сказаць: я за праўду і за чырвона-зялёны сьцяг. Ці: я за бел-чырвона-белы сьцяг і БРСМ/КДБ/Адмінісмтрацыю.

І няхай сёньня за бел-чырвона-белы сьцяг затрымоўваюць, б’юць, садзяць – гэта не на доўга. Бо 22 гады таму сьцяг быў толькі ў нашых сэрцах, а сёньня ён і ў сэрцах нашых дзяцей. Бо як сьцяг уваскрос пасьля 70 год савецкага забыцьця, так ён уваскрэсьне і праз 22 ці колькі б там ні было год забыцьця лукашэнкаўскага.

Адзін ёсьць сродак толькі, каб ня фоткалі выканкамы Матолькі! #бчб2017 27.12.2016 7

#бчб2017

Ёсьць толькі адзін сродак зрабіць так, каб над выканкамі нашых гарадоў правільна лунаў правільны сьцяг – мы мусім уздымаць яго паўсюдна і на ўсіх мерапрыемтсвах! Бліжэйшае мерапрыемства – сьвяточныя навагоднія гуляньні. Прапануем усім патрыётам у навагоднюю ноч выходзіць на вуліцы сваіх гарадоў пад бел-чырвона-белым сьцягам – віншаваць грамаду, фатаграфавацца – і выкладаць фотаздымкі ў сацсеткі з хэштэгам #бчб2017

У Менску сьвяточнае бел-чырвонае-белае гуляньне пачнецца а 23:45 на пл. Кастуся Каліноўскага. Маладафронтаўскія швеі-матарысты (фэмэністкі нэрвова паляць збоку) абяцаюць забясьпечыць кожнага ахвочага бел-чырвона-белым сьцягам і нават з тронкаю. Але за ахвяраваньні #наколыісьцягі

Змагар і змагарка, калі ты ўжо ахвяроўва-ў/-ла грошы на сьцягі, прыходзь – бяры свой сьцяг і ўздымай яго над народам! Калі не, то ахвяруй – і ўздымай сьвяты наш сьцяг таксама! Бо адзін ёсьць сродак толькі, каб ня фоткалі выканкамы Матолькі! – узьняць над Беларусьсю нябесны, вольны, сьмелы – сьцяг родны бел-чырвона-белы!

чытаць іншыя навіны

Зьміцер Дашкевіч