АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Ваеннае становішча ва Украіне Выбары-2019 Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Забойства Паўла Шарамета

100 герояў 13.10.2016

Не зусім вытрымоўваючы расклад, але выставілі сёньня пяць пікетаў па зборы подпісаў за #нашсцяг і пад артыкулам Jhon Silver5 прычын, па якіх Украіна пераможа РФ”. Мною за пяць гадзін збораў сабрана 210 подпісаў, зь якіх 45 – пад артыкулам Джона. Гэта пры тым, што я кожнаму падпісанту выразна тлумачыў, што сваім подпісам кожны сьведчыць айчыннаму судзілішчу: “Судзіце Эдуарда Пальчыса, судзіце і ўсіх нас”. Агулам сёньня пад артыкулам “5 прычын…” сабрана ля 100 подпісаў. Беларусы, калі іх папрасіць, гэта героі! Такім чынам, сёньня маем 100 герояў, якія гатовы разам з Эдуардам Пальчысам сесьці на лаву падсудных.

Дзякуй незалежным СМІ і сацыяльным сеткам за распасюд інфармацыі аб ініцыятыве – многія прыходзілі падпісацца менавіта за Эдуарда Пальчыса, бо прачыталі пра гэта ў адкрытых крыніцах. Хто жадае падтрымаць Эдуарда і паставіць свой подпіс пад артыкулам “5 прычын…”, можаце зрабіць гэта заўтра а 9 ранку ля Менскага гарадзкога суда (вул. Дуніна-Марцінкевіча, 1). А 10-ай гадзіне пачынаецца сам “суд” над Эдуардам, на якім адвакат будзе прасіць далучыць да матэрыялаў крымінальнай справы нашы попісы.

Таксама збор подпісаў за бел-чырвона-белы сьцяг і пад Эдуардавым артыкулам будзе адбывацца з 12:00 да 20:00 на двух пікетах: выхад з метро Якуба Коласа ў бок “Камароўкі” і выхад з метро Купалаўская/Кастрычніцкая ў бок універсама “Цэнтральны”. Хто ня можа выйсьці з дому, падпісваем электронную петыцыю за сьцяг тут https://petitions.by/petitions/312

Судзіце і ўсіх нас! 13.10.2016 3

Працягваецца збор подпісаў за бел-чырвона-белы сьцяг, але з сёньняшняга дня на кожным пікеце пачынаецца збор подпісаў пад артыкулам Джона Сільвера “5 прычын, па якіх Украіна пераможа РФ”. Дадзены артыкул – адзін з 9, якія беларскі “суд” прызнаў экстрэмісцкімі, што і інкрымінуецца Эдуарду Пальчысу ў віну.Мы абралі гэты артыкул для падпісаньня, бо, па-першае, ён самы лаканічны, а па-другое, менавіта за супрацьстаяньне расейскай агрэсіі ва Ўкраіне Эдуард Пальчыс і быў заманены ў Расею і там арыштаваны.

Плянуецца, што перад пачаткам суда адвакат Эдуарда будзе хадатайнічаць да “суда” далучыць падпісаны іншымі людзьмі артыкул “5 прычын…” да матэрыялаў крымінальнай справы. Прапануем усім жадаючым паставіць свой подпіс пад гэтым тэкстам, каб тым самым засьведчыць беларуска-расейскаму судзілішчу: сёньня кожны з нас – Jhon Silver, калі судзіце за гэты артыкул Эдуарда Пальчыса – судзіце ўсіх нас.

Вашай увазе пералік пікетаў 13 кастрычніка, на якіх вы можаце паставіць свой подпіс за #нашсцяг і адначасна пад артыкулам Джона Сільвера “5 прычын, па якіх Україна пераможа РФ”.

1. Выхад з метро Купалаўская/Кастрычніцкая ў бок універсама “Цэнтральны” (з 14:00 да 21:00).

2. Выхад з метро пл. Якуба Коласа ў бок Камароўскага рынка (з 14:00 да 20:00).

3. Выхад з метро пл. Незалежнасьці ў бок вакзала і ст. Дружная (з 14:00 да 20:00).

4. Выхад з метро Інстытут Культуры ў бок дома быта і чыгуначнай станцыі (з 15:00 да 20:00).

5. Выхад з метро Каменная горка ў бок крамы “Мацерык” (з 17:00 да 21:00).


Пры неабходнасьці ,час працы пікетаў удакладняйце па нумары +375 44 755 69 90

Шоу будзе 06.10.2016 1

А 10 ранку 14 кастрычніка ў Менскім гарадзкім судзе над Эдуардам Пальчысам пачнецца ілжывы закрыты працэс, пра які ягоная жонка Вікторыя напісала: “Шоу ня будзе”. Хаця я мяркую, што беларускае дзяржава робіць усё мажлівае, каб шоу было – мы толькі павінны ініцыятыву гэтую падтрымаць.

Закрытым судом мяне судзілі ў 2006-ым годзе. Гэта быў суд ці не па адзіным палітычным артыкуле ў нашай краіне – 193.1 альбо “дзейнасьць ад імя незарэгістраванай у Беларусі арганізацыі”. Суд, як цяпер памятаю, быў вясёлы – пад вокнамі скандавала дэманстрацыя, а судзьдзя з пракурорам з вока на вока пераконвалі мяне, які я небясьпечны для Бацькаўшчыны індывідум. Я шчэ ня быў такі дасьведчаны ў крымінальных разборках і на паседжаньні нешта спрабаваў судзьдзі даказваць: у апошнім слове зачытваў Біблію, заклікаў да сумленьня і розуму. Пракурор “учитывая социальную опасность преступника” з двух мажлівых гадоў прасіў даць мне два.

І пастанова суда, памятаецца, была ня менш фіерычная. Так у адным абзацы пералічвалася віна: “дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі “Малады Фронт”, якая ставіць за мэту выхаваньне маладога пакаленьня беларусаў на падмурку нацыянальнай ідэі і хрысьціянскіх прынцыпаў”, а ў другім абзацы робіцца выснова: “учитывая социальную опасность преступника и личность абвиняемого – полтора года”. Хоць ніхто і не задумаўся, што “лічнасьць” у мяне да 2006 года была вельмі нават прыстойная – я па 12 гадзін працаваў на рынку і ў вольны ад працы час арганізоўваў мірныя акцыі, пасьля якіх мяне мірна насілі ў аўтазак. Але, якое гэта было шоу – нічога не ўлічылі!

Жарты жартамі, але калі разважаць лагічна, то і цяпер цяжка разабрацца, для чаго тады рэжым спрабаваў учыніць такую зачыстку з ганебнымі судзілішчамі па ўсёй краіне. Але лагічна ў карнай сыстэме ніхто не разважае. Разважаюць адной адзінай сваёй рэпрэсіўнай зьвілінай: задушыць, зьнішчыць, спыніць любое іншадумства. Яны думалі, што закрыюць мяне і дзейнасьць Маладога Фронту тут жа пасыплецца.

І хоць мяне закрылі ў самай праверанай зоне – шклоўскай, рэжым паймеў адваротны вынік – Малады Фронт быў на адным са сваіх уздымаў. Нягледзячы на дзясяткі крымінальных справаў “за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі” моладзь працягвала працу, а цягам суду нада мною і іншымі маладафронтаўцамі паўтары тысячы чалавек паставілі свой подпіс пад заявай: “Я – маладафронтавец”, чым кожны падпісант сьведчыў: судзіце гэтых – судзіце і ўсіх нас.

Гледзячы на ўсё гэта карная сыстэма задумалася і назаўжды спыніла прымяненьне ў дачыненьні да грамадзка-палітычных актывістаў артыкула 193.1, які, дэ-факта, знаходзіцца цяпер пад негалосным мараторыем. І ўсё гэта дзякуючы самаахвярнасьці маладафронтаўцаў і тых, хто праявіў салідарнасьць пад час судоў.

Сёньня ж рэжым спрабуе спыніць тых, хто на галоўным фронце барацьбы – інфармацыйным. І гэта ня дзіва, бо ня намі ж, а самім жыцьцём даказана: “хто валодае інфармацыяй, той валодае сьветам”. Эдуард Пальчыс вельмі добра валодаў інфармацыяй, так добра, што форумныя боты пераконвалі адзін аднаго, што 1863х.com – гэта праект дзярждэпа, а на імя Джон Сільвер працуе адмысловы адзьдзел ЦРУ. Калі я запытваў Эдуарда, як той усё гэта пасьпявае, той адказваў: “Жонка варыць есьці, а я пішу”. Я быў перакананы, што гэта жарт і далей не распытваў. Цяпер жа я сапраўды ведаю, што так і было – Эдуард пісаў па вечарох, калі Вікторыя гатавала вячэру. І вось на аднаго чалавека, які прымусіў трымцець усе спэцслужбы цэлай “пятай імпэрыі, што падымаецца з кален”, уся імпэрыя і абрынулася. Да расправы над таленавітым публіцыстам далучылі правераную на адсутнасьць праўды карную судовую сыстэму Беларусі.

Мясцовая рэжым і шызеючая імпэрыя перакананы, што раздушаць Эдуарда, не пакінуўшы ад ягонай дзейнасьці і сьледу. Але ўсе мы, тыя, хто застаўся на волі павінны дамагчыся адваротнага выніку – Эдуардава слова павінна загучаць яшчэ галосьней, ягоныя артыкулы павінны перачытваць мільёны ва ўсіх кутках былой імпэрыі зла, ягоны сайт 1863х.com павінен трашчаць ад наплыву ахвочых напіцца праўды!

Давайце 14 кастрычніка а 10 ранку падыдзем да Менскага гарадзкога судзілішча (вул. Дуніна-Марцінкевіча, 1) і дапаможам рэжыму зрабіць шоу, якое яны так доўга рыхтавалі, але паказаць, чамусьці, хочуць аднаму толькі Эдуарду. Мы ж павінны паказаць яго ўсяму сьвету. На шоу мы пачнем збор подпісаў пад адным з артыкулаў Джона Сільвера, пад якім кожны ахвочы зможа паставіць сваё імя і прозьвішча, тым самым засьведчыўшы: кожны з нас – Джон Сільвер, хочаце пасадзіць – садзіце ўсіх. Яны захацелі шоу? Шоу будзе!


http://1863x.com/must-go-on/

чытаць іншыя навіны