АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

Паглядзець Божымі вачыма 14.02.2017 1

Што ж, пасьля жартаў можна пагаварыць і сур’ёзна. Таму прапаную без уступаў – стартуем з месца ў кар’ер. Чаму патрыёты ўвесь час шукаюць, на каго абаперціся?

Дзе толькі і аб каго толькі не спрабавалі прыхінуцца. Езьдзілі да апошняга ў Маскву – думалі, там дапамогуць, аж пакуль пакуль зьвярыны аскал Арды не адпужнуў самых апошніх нават русафілаў. Іншыя да апошняга спадзяваліся на Захад, аж пакуль той не выявіў усю сваю індыфэрэнтнасьць цягам крывавай разьні на Данбасе. Што рабіць цяпер? Правільна, узяцца за новую трысьціну, бо нам так хочацца хоць неяк умацаваць сваю веру ў сьветлае заўтра.

Вось пасьля 7-гадзіннай балбатні пустабрэха вельмішаноўны рэдактар Нашай Нівы Андрэй Дынько піша, што галоўны пасыл прэсухі, маўляў, незалежнасьць. Асабіста я ніяк не магу зразумець, як гэта сьветлыя розумы могуць зрабіць аналіз тэксту, у якім наццаць разоў адзін сказ супярэчыць другому? Бо трэба ж набалбатаць так, каб пасьля Наша Ніва напісала «Галоўны пасыл прамовы Лукашэнкі – незалежнасьць», а Лентару выйшла з артыкулам «Лукашенко прізвал разговарівать на родном, русском языке».

Вось змагар і мой сябар Алесь Кіркевіч выпісвае пра тое, які ў нас галоўнакамандуючы ня горш за Балаховіча і як пад ягоным кіраўніцтвам мы пойдзем ваяваць. Як па мне, дыскусія высмактана з пальца – любы патрыёт (і можа быць, нават, любой краіны, а ня толькі аўтарытарнай) у выпадку вайны ідзе ваяваць найперш за Радзіму сваю, за сваю сям’ю, за любімых. За каго ішоў ваяваць Васіль Быкаў, за Сталіна ці за Радзіму і сям’ю? Таму ня трэба лішняй агітацыі і ўзьвялічваньня таго, хто ня варты нават узгадкі ў прыстойнай кампаніі, – патрыёты і так будуць бараніць сваю зямлю.

Вось Іосіф Сярэдзіч пасьля выпрашанай аўдыенцыі піша «Але змена ўлады павінна адбыцца не праз крывавы майдан, не праз грамадзянскую калатнечу і не праз страту нашага самага найвялікшага здабытку – Незалежнасці». Хаця, падавалася б, для чаго рэдактарскімі калонкамі нас у гэтым пераконваць, усе і так за Незалежнасьць, за перамены без крыві. Калі Лукашэнка ня хоча крывавы майдан – няхай правядзе свабодныя выбары, калі ён ня хоча страты Незалежнасьці – няхай дасьць Вольскаму з Вайцюшкевічам выступаць на арэнах ды плошчах і няхай легалізуе бел-чырвона-белы сьцяг, каб людзі яго вольна на гэтых канцэртах уздымалі.

Але што аб’ядноўвае ўсе гэтыя пасылы, якія прамаўляюцца рознымі людзьмі і з розных нагодаў? Аб’ядноўвае іх чалавечы погляд на гісторыю, а ня Божы. Тут нават гаворка не пра веру, а пра Божы погляд. Бо ёсьць такія веруючыя (не як у гэтым сьвеце лічаць, а сапраўды праведныя людзі), якія пры наяўнай магчымасьці спакойна сабе едуць у ЗША. Чаму так адбываецца? Усё па той жа прычыне – чалавек не імкнецца нават, каб Божымі вачыма зірнуць на свой народ і ягоную місію на гэтай зямлі.

Я з чаго сыходжу? Я сыходжу з таго, што існуе добры Бог, Які стварыў як чалавека, так і народы. Калі Ён любячы і добры, то Ён ня можа хацець, каб народамі кіравалі ўзурпатары ці акупанты. І таму Сам Бог зацікаўлены ў тым, каб Беларусь (як і іншыя Ягоныя народы) была свабоднаю і Незалежнаю. Гэта Ісус Хрыстос – Той, Хто любіць Беларусь і беларускую мову ў мільён разоў болей і дасканалей за маю любоў. І калі ты прыходзіш да гэтай простай і натуральнай высновы, табе вельмі лёгка становіцца на душы.

Чаму лёгка? Таму, што ты пачынаеш Божымі вачыма глядзець на свой народ і ягоныя пэрспэктывы. Таму, што тады табе ня трэба гандляваць сумленьнем і круціць пятаю кропкаю, шукаючы за што б учапіцца ў ратунку краіны: ня трэба табе ні злачынная Расея, ні індыфэрэнтны Захад, ні абмыты крывёю палітычных апанэнтаў самазванец – ніхто табе ня трэба. Табе трэба толькі пастарацца быць верным і спакойна рабіць сваю працу, як і кажа Біблія: “Каня рыхтуй на дзень бітвы, але перамога ад Госпада” (Высл. 21:31).

Хто цікавіцца гісторыя, раю пачытаць Стары Запавет і шматлікія гісторыі таго, як Бог Сам ваяваў за Незалежнасьць габрэйскага народа. І ў крытычных сітуацыях, калі Ізраіль рыхтаваў каня да вайны, Бог казаў ім: рыхтуйцеся, будзьце сьмелымі – і Я абараню вас. Але часта Ізраілю не хапала мудрасьці паглядзець Божымі вачыма на на сваю гісторыю – і яны ішлі прасіць дапамогі ў злачынных саюзьнікаў ці цароў. Тады “надламаная трысьціна” з трэскам ламалася – і народ прайграваў ці трапляў у няволю.

Нікога ня трэба пераконваць, што існы стан рэчаў у нашай краіне ня вечны і, напэўна, набліжаецца да сваёй лягічнай разьвязкі. Беларусь на ростанях – і толькі ад нас з вамі залежыць, які далягляд адкрыецца за імі – хаос ці акупацыя, калі мы будзем шукаць у чыімсьці абліччы надламаную трысьціну, альбо свабода і незалежнасьць, калі мы паспрабуем паглядзець на народ наш, ягоную гісторыю і пэрспэктывы Божымі вачыма.

Маскаль прыехаў у калонію 16.01.2017 3

На ўваходзе ў ст. метро Купалаўскую/Кастрычніцкую працуе чорнавалосая пані з Ташкента. Пераехаўшы шмат год таму ў Беларусь, яна неяк зацікавілася беларускай гісторыяй і мовай. У той час, калі самі беларусы кажуць "мне проще по-русски", пані з Ташкента перайшла на мову Скарыны і Купалы ды ў пераходах вітае пасажыраў па-беларуску. І вось сёньня нейкі маскаль, які прыехаў па сваіх справах у калонію Расеі, напісаў на яе скаргу за зварот да яго па-беларуску.

Заклікаю ўсіх неабыякавых прыходзіць у пераход, што вядзе да ст. метро Купалаўская і Кастрычніцкая, прасіць кнігу скаргаў і прапановаў і пісаць падзяку супрацоўнікам метрапалітэна за выкарыстаньне беларускае мовы. Як высьветліла Наша Ніва, імя пані Людміла Майстрэнка, калі спаткаеце яе - падзякуйце асабіста. Зробім гэта, калі мы, усё ж, не калонія.


PS Наша Ніва паразмаўляла з гэтай Людмілай Майстрэнка і высьветліла некаторыя акалічнасьці http://nn.by/?c=ar&i=183796



Партызаны на варце 14.01.2017 3

Партызаны Беларусі на варце межаў Бацькаўшчыны!


Вайскова-патрыятычны клюб "Ваяр" запрашае далучацца патрыётаў дзеля абароны Бацькаўшчыны! http://vajar.club/

Радуецца той, хто радуецца апошні 11.01.2017 1

Ватныя шаўкі кшталту Арцёма Агафонава і Вячаслава Дзіянава самі сабе стварылі фэйкавую нагоду для радасці і самі сабе шалеюць. Але рэальнасць гэткая, што кіроўцу аўтобуса, які вазіў актывістаў МФ і іншых патрыётаў на Слуцкі збройны чын ніхто не штрафаваў за бел-чырвона-белы сцяг.

Гэта трагічная навіна для «ватнікаў», але ніхто не будзе замаўлёўваць бел-чырвона-белы аўтобус. Паводле закона, калі іншы колер не перавышае 50%, аўтобус лічыцца аднаго колеру. Як мы ведаем, прапорцыі бел-чырвона-белага сцяга ёсць 1 да 2 - і таму аўтобус застанецца бел-чырвона-белы. Кіроўца ж аўтобуса Віктар Бразоўскі быў аштрафаваны на паўбазавай за несанкцыянаваную рэкламу на аўтобусе (на борце быў напісаны ягоны нумар тэлефона), але цяпер рэклама ўжо ўзгодненая.

Бел-чырвона-белая стужка ў салоне аўтобуса прымацавана да люстэрка, а не шкла і таму кіроўца яе не здымаў і здымаць ніколі не будзе. У адрозненні ад усіх тых «каларадаў-рускамірцаў», якія пры першым званку здзіраюць са сваёй машыны ўсё, што можна садраць.

Як бы ватнікі не захлыналіся пенай, але Маскоўскі Бабілён непазбежна рушыць да свайго калапсу. Як бы вы не беснаваліся, але Беларусь няўмольна набліжаецца да свайго бел-чырвона-белага адраджэння. Усе прычыны вашай шавіністычнай радасці - у мінулым. Усе прычыны нашай радасці патрыятычнай - ужо сёння, а ў будучыні - яшчэ болей. Шаўкі, радуецца той, хто радуецца апошні.

Фота by Уладзь Грыдзін, Слуцкі збройны чын - 2016 - Прадвесьце бел-чырвона-белага адраджэньня

Гэты пост у ФБ быў выдалены па замове ватанскіх шавак, але ўсіх не заблякуеш і не павыдаляеш! Жыве!

Адзін ёсьць сродак толькі, каб ня фоткалі выканкамы Матолькі! #бчб2017 27.12.2016 7

#бчб2017

Ёсьць толькі адзін сродак зрабіць так, каб над выканкамі нашых гарадоў правільна лунаў правільны сьцяг – мы мусім уздымаць яго паўсюдна і на ўсіх мерапрыемтсвах! Бліжэйшае мерапрыемства – сьвяточныя навагоднія гуляньні. Прапануем усім патрыётам у навагоднюю ноч выходзіць на вуліцы сваіх гарадоў пад бел-чырвона-белым сьцягам – віншаваць грамаду, фатаграфавацца – і выкладаць фотаздымкі ў сацсеткі з хэштэгам #бчб2017

У Менску сьвяточнае бел-чырвонае-белае гуляньне пачнецца а 23:45 на пл. Кастуся Каліноўскага. Маладафронтаўскія швеі-матарысты (фэмэністкі нэрвова паляць збоку) абяцаюць забясьпечыць кожнага ахвочага бел-чырвона-белым сьцягам і нават з тронкаю. Але за ахвяраваньні #наколыісьцягі

Змагар і змагарка, калі ты ўжо ахвяроўва-ў/-ла грошы на сьцягі, прыходзь – бяры свой сьцяг і ўздымай яго над народам! Калі не, то ахвяруй – і ўздымай сьвяты наш сьцяг таксама! Бо адзін ёсьць сродак толькі, каб ня фоткалі выканкамы Матолькі! – узьняць над Беларусьсю нябесны, вольны, сьмелы – сьцяг родны бел-чырвона-белы!

Дапаможам акадэмікам і вучоным! 24.12.2016

Пасьля паўмесяца чаканьня нарэшце пайшлі з Марай у Мінкульт і вырвалі ў іх адказ на зварот 10,5 тысяч грамадзянаў з настойваньнем надаць бел-чырвона-беламу сьцягу статус гістарычнай каштоўнасьці.

Мара ля помніка Скарыну, што стаіць унутры будынка Мінкульта

З аднаго боку, зьдзіўляе глупасьць фармулёвак. Так Мінкульт піша: "У прадстаўленай у міністэрства культуры прапанове не ўтрымліваецца дакумантальнага абгрунтаваньня і поўнай, дакладнай і якаснай фіксацыі графічнымі сродкамі элемента, якому прапануецца надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці". Гэта выходзіць што, я павінен падняць з архіваў дакуманталную фіксацыю сьцяга, які з 91-га па 95-ты гады быў дзяржаўным, ці гэта павінен зрабіць Мінкульт? Бо інакш для чаго мы з падаткаў фінансуем гэту структуру дармаедаў?

 Адказ Мінкульта на зварот 10,5 тысяч грамадзянаў

Далей утрымліваецца цытата з ліста Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, згодна зь якім "для падрыхтоўкі навуковага абгрунтаваньня адзначанай калектыўнай прапановы грамадзян неабходна правесьці грунтоўнае навуковае дасьледаваньне з мэтай выяўленьня арыгінальных архіўных дакумантаў і матэрыялаў, што патрабуе працяглай працы вучоных і адпаведных фінансавых выдаткаў". Цікава, ім самім ня сьмешна? Для таго, каб знайсьці фотку Лукашэнкі, дзе ён прысягаў пад бел-чырвона-белым сьцягам, акадэмікам трэба правесьці "грунтоўнае навуковае дасьледаваньне"! Што ж, мы ім дапаможам, вышлю ім тую самую фотку - няхай зьбіраюць вучоных і дасьледуюць.

Прысяга Лукашэнкі пад бел-чырвона-белым сьцягам

З другога боку, апроч бздуры ёсьць і станоўчы момант: "Па зьвестках прадстаўнікоў акадэміі выкананьне гэтай работы будзе ажыцьцяўляцца з улікам выдаткаваньня сродкаў на навуковыя дасьледаваньні ў новым фінансавым годзе".

 Адказ Мінкульта на зварот 10,5 тысяч грамадзянаў

Сябры, у 2016 годзе мы ўсе разам добра папрацавалі на тое, каб пашырыць грамаду патрыётаў нашага сапраўднага сьцяга. Дык дапаможам акадэмікам і вучоным зрабіць 2017 год - год 500-годзьдзя беларускай Бібліі Скарыны, таксама і годам бел-чырвона-белага сьцяга!

Заклікаем усіх патрыётаў у навагоднюю ноч выходзіць пад бел-чырвона-белым сьцягам на галоўныя вуліцы нашых гарадоў! У Менску чакаем усіх змагароў і змагарак а 23:45 на пл. Кастуся Каліноўскага! Зробім разам Беларусь бел-чырвона-белай!


Дзякуй гэб’ю за новую гуму! 16.12.2016 7


Ад імя РПГ Малады Фронт і Сяргея Пальчэўскага хачу падзякаваць гэбэшным правакатарам за чатыры прарэзаныя колы на машыне Сярогавых бацькоў. Гэта барбарская выхадка гэб’я натхніла мяне зьвярнуцца да беларускага народа па дапамогу, хаця Сярога мяне і адгаворваў: “Кінь, - гаварыў, - што мы там зьберамо?” Але неабходныя сродкі на гуму мы сабралі за першыя суткі. Агулам жа пад час кампаніі “На колы і сьцягі!” нам, нават без ніякіх краўндфандынгавых пляцовак, ахвяравалі больш 700 даляраў! Зь іх 200уа пайшло на новую гуму і за 500 РПГ МФ ажыцьцяўляе сваю сьцяганосную барацьбу далей!

Дык дзякуй гэбэшным правакатарам за тое, што Шэры нарэшце замяніў лысую гуму на навюсенькую! Дзякуй гэб’ю за тое натхненьне, пасродкам якога патрыёты  ахвяравалі за паўтысячы наверх патрэбнага на гуму – сьцягоў цяпер будзе мора!

Гума набыта са страхоўкаў ад праколаў і парэзаў, а ў дадатак Сяргей выстаўляе ў вакно камеру назіраньня. Ласкава запрашаем чэкістых пад па’езды нашых дамоў – і гуму можна новую паставіць, і сотні сьцягоў нашыць!


Усіх тых, хто яшчэ не пасьпеў ахвяраваць свае кроўныя на сьвятую справу сьцяга, сьпяшаюся супакоіць: кампанія “На колы і сьцягі” будзе працягвацца да самага вяртаньня бел-чырвона-белага сьцяга на дзяржаўны пасад! Вы можаце ахвяраваць #наколыісьцягі наступным чынам:

1. На нумар Вэлкам +375447556990

2. На картку Беларусбанка 4255 2005 7898 5517  (дзейсна да 05.19)

3. На Арт-сядзібу (пр-т Незалежнасці, д. 58, оф. 430) ў скрынку “На колы і сьцягі!”


Бо нагадваем вам, што дзейнасьць Маладога Фронту ажыцьцяўляецца толькі за кошт складак чальцоў арганізацыі і ахвяраваньняў прыхільнікаў. Нашу працу вы заўсёды можаце назіраць на праспэктах, у метрапалітэнаўскіх пераходах, на галоўных старонках незалежных і залежных СМІ. Будзьма разам: хто справай, хто грашыма, хто рэпостам – і мы пераможам! Жыве!


ЗаЖыве Беларусь! 13.12.2016

Ты хочаш каб праспекты нашых гарадоў патаналі ў бел-чырвона-белых сьцягах?

Ты хочаш, каб Сярога Пальчэўскі (Siarhei Palcheuski) памяняў лысую парэзаную гуму?

Ты хочаш, каб пятая калона ў Беларусі грызла свае локці?

Дык далучайся: хто справаю, хто талерамі, хто рэпостамі - і заЖыве Беларусь!


Увайдзі ў гісторыю! 10.12.2016 6

Ты поўны/паўна рашучасьці супрацьстаць правакацыям пятай калоны?

Ты хочаш, каб патрыятычны рух Беларусі разьвіваўся?

Ты прагнеш убачыць Менск пад бел-чырвона-белымі сьцягамі?


Не праспі, пакуль яны выконваюць ) 08.12.2016 5

А я-та думаю, што гэта мы так сёньня разгуляліся па праспэкце ды ўвесь КДБ сьцягамі атачылі?! А гэта ж першы раз у гісторыі Беларусі, калі спецслужбы заняты выкананьнем сваіх непасрэдных абавязкаў - пакуюць ворагаў Беларушчыны. Канешне, хутчэй гэта кан’юктура, чым беларускі патрыятызм, але ж пакуюць! Дык няхай Госпад і надалей сутыкае лбамі зладзеяў, а мы тым часам разгуляемся шчэ болей! Не праспі ў шапку: далучайся хто справай, хто грашыма, хто лайкамі і рэпостамі - і заЖыве Беларусь!

Сьвята развалу Імпэрыі 08.12.2016

Пачынаецца збор сродкаў на ўпрыгожваньне сталіцы нашай радзімы, горада-героя Менску!

Іду я значыцца на сьвяткаваньне 25-ай гадавіны развалу Імпэрыі зла. Выходжу я з аркі дома па вуліцы Кузьмы Чорнага, а ў арцы самой, па сьлізкім сьнезе мусарок малодзенькі па ўсёй форме штурхае сваю заглоглую машыну.

- Ну шо, заглох?

- Так, - адказвае сумна.

- Дапамагчы мо?

- Ну давай, падсабі, выштурхаць, каб людзі маглі праехаць.

Вы мяне, канешне, асудзіце, але шо рабіць – хто яшчэ мусарку ў нашай краіне дапаможа, калі не прадстаўнік РПГ (радыкальнай палітычнай групоўкі) Малады Фронт? Я паклаў сьцягі на сьнег і мы пачалі штурхаць старушку. Ішло цяжка – на абледзянелым сьнезе асабліва не паштурхаеш. “Эй, сябар, дапамажы!” – гукнуў я хлопца, які паліў цыгарку пад суседнім пад’ездам. РПГэшная групоўка наша павялічылася ўдвая, мы ўзяліся лацьвей – і загналі мусарка на паркоўку.

“Дзіўны шляхі Твае, Госпадзе, - падумаў я рушачы далей, - ніколі шчэ машыну мусара не штурхаў. А вось дадуць такому загад лупасіць мяне дубінкай па галаве – і будзе лупасіць, не ўзгадае, што я яму жыцьцё выратаваў!”

І сапраўды, прыходжу я на акцыю “Сьвята развала Імпэрыі”, а там ці ня той жа мусарок цягне Ірыну Арэхоўскую ў мусаню! Увогуле атрымалася сьмешна: сьцягі лунаюць над праспэктам, а я фоткаю журналістаў, якіх грабуць за вывешваньне сьцягоў – шыкоўна!

“Іра, класныя сьцягі ты вывесіла! Рэспект і паважуха!” – крычу я стоячы ў шэрагу журналістаў. Іра ўсьмешліва хітае галавой і дзякуе за станоўчую адзнаку ейнай дзейнасьці.

А потым мы ідзем у беларусізаваны Макдак, каб порцыяй дранікаў адсьвяткаваць дзіўную дзею: сьцягі – вісяць, журналісты – сядзяць, РПГэшнікі ядуць дзяруны і запіваюць гарбаткай – гэта прарыў, гэта новая эпоха!

Я мяркую, мы з Ірынай Арэхоўскай і Мікітам Недаверкавым добра ўпрыгожылі горад! У прынцыпе, на лічбу 25 сьцягоў мы не арыентаваліся і хацелі вывесіць болей. Але калі учора Сяргей Пальчэўскі сабраўся рушыць на нашу загарадную фабрыку па пашыву сьцягоў, ён заўважыў, што усе чатыры колы ягонай машыны (і нават не ягонай, а бацькоўскай) прарэзаны нажом – аднаўленьню не падлягае. Дык мы сабралі ўсе сьцягі, што былі па нашых шуфлядах – і вывесілі іх. Калі ўлічыць тыя два сьцягі, што мы з дачкой маёй Марай вывесілі дома, дык тады насамрэч так і атрымаецца – 25 сьцягоў на 25 год развала Імпэрыі зла.

Але калі вы хочаце, каб наступны раз маладафронтаўцы вывесілі не 25 сьцягоў, а 100 ці 200, нам трэба скідвацца на колы і тканіну. Колы на машыну каштуюць ня менш за 300 уа і адзін Сяргей гэта не пацягне, тканіна ў ЦУМе таксама каштуе грошаў. Заклікаю ўсіх, хто можа – дапамагчы нам сабраць сродкі! Ці тэлефануйце мне па нумары 80447556990, ці пішыце мне ў прыватныя паведамленьні на маёй старонцы ў ФБ, ці прыносьце грошы на Арт-сядзібу (пр-т Незалежнасці, д. 58, оф. 430) з паролем “На колы і сьцягі!” І як мы разам усе паднацісьнем, гарантую вам наступны раз у Менску дзівоснае бел-чырвона-белае сьвята!

А сёньня са Сьвятам усіх развалу імпэрыі зла! Жыве Беларусь!

Прусакі Жука і жукі Давыдзькі 30.10.2016 2

Нічога не паробіш з тым, што ў галовах многіх людзей поўзае безьліч казурак.

- У яго поўна прусакоў у галаве, – тлумачыць адзін неадэкватныя дзеяньні кагосьці.

- У яго адны жукі ў галаве, – апісвае другі вар’яцкія заявы іншага.

Калі такія індывідумы трапляюцца па адной асобіне, гэта яшчэ паўбяды – іх можна абмінуць. Калі дзівосьнікі зьбіваюцца ў кучу – гэта ўжо перашкаджае жыць. У выпадку ж, як падуладныя казуркам асобіны займаюць галоўныя пасады ў краіне – становіцца пакутліва балюча за змарнаваныя 22 гады. На варя’ятаў, канешне, можна было б не зьвяртаць увагі, але казуркавая залежнасьць перадаецца ня толькі БэТэшна-палавым шляхам, але і паветрана-кропельным – і таму ёй трэба супрацьстаць з усёй адказнасьцю. Дык паспрабуем класыфікаваць казурак, якія палезьлі ў вушы электарату пасьля таго, як мы зь некалькімі сябрамі сабралі за месяц і падалі ў Мінкульт больш за 10 тысяч подпісаў за бел-чырвона-белы сьцяг.

Больш за ўсё насьмяшылі прусакі кіраўніка Белты Дзьмітрыя Жука, якія адмарозілі наступнае: “Хачу вярнуцца да подпісаў. Хлопцы, якія падпісаліся, можа, вы яшчэ і свае пашпартныя дадзеныя сказалі? Дык за кагосьці крэдыт заплаціце. Не сьпяшайцеся падпісвацца”.

Чаму ў прусакоў узьнікаюць такія хворыя асацыяцыі? Бо Жукі прывыклі, што пасьля кожнай выбарчай кампаніі за Лукашэнку – ўвесь народ расплачваецца па ягоных крэдытах. Мы ж ніякіх грошаў і крэдытаў не бярэм ані ў Сані, ані ў любых донараў – мы жывем і рэалізуем маладафронтаўскую дзейнасьць толькі за свае грошы, толькі за ўнёскі сябраў арганізацыі. У адрозьненьні, дарэчы, ад Жукоў, якія чым хіба ня круцяць перад Расеяй ці МВФам – абы толькі ўрваць з чужой кішэні. А нумары пашпартоў, дарэчы, мы не перапісвалі - толькі адрас і кантакты, каб можна было праверыць подпіс чалавека.

Жукі ж кіраўніка БТРК Генадзя Давыдзькі спачатку распавялі нам свае дзіцячыя фобіі: “Фармальна подпісы збіраліся для перадачы ў Мінкультуры. /…/ Хутчэй за ўсё, гэтая папяровая армія патрэбна была, каб затым тыкаць дзесяццю тысячамі подпісаў у твар еўрачыноўнікам”.

Тлумачу рупару прапаганды: подпісы і фармальна, і фактычна – ужо ў Мінкульце. Адносна ж еўрачыноўнікаў, дык я мяркую, што сёньняшнія Давыдзькі зь імі сустракаюцца ў наццаць разоў часьцей, чым маладафронтаўцы. Напрыклад я і прыгадаць не магу, калі я ці нехта з МФ сустракаўся з еўрачынавенствам (у сёньняшнім палітычным гандлі нам такія сустрэчы і не цікавы нават), а вось як вынікае з Давыдзькаўскіх жа СМІ, рознага плану прапагандысты і клеркі дыктатара з такіх сустрэчаў не вылазяць. Таму калі хто і тыкае чым перад еўрачыноўнікамі, дык гэта толькі Давыдзькі.

Далей жукі Давыдзькі пайшлі ў наступ і вырашылі нам хоць здалёк, але ж прыгразіць: “Нехта падпісваўся за вельмі прыгожае спалучэньне: белы, чырвоны і белы – прыгожы сьцяг. /…/ Сярод падпісантаў мог бы быць і я, і Павал Ізотавіч /…/ Але цягам месяца незарэгістраваныя маладафронтаўцы парушалі крымінальны кодэкс – артыкул 193 п.1, да двух гадоў /…/ Чаму іх не пасадзілі?! /…/ Баяцца?”

Давыдзьку, як кіраўніку белпрапаганды, трэба навучыцца правільнасьці фармулёвак. Маладафронтаўцаў ня проста “баяцца” саджаць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі, але маладафронтаўцы адваявалі сабе гэтае права – чхаць на артыкул КК РБ 193.1 і дзейнічаць. Нагадаю прапагандысту, што Малады Фронт некалькі разоў спрабаваў у Беларусі зарэгістравацца, але шматразова атрымоўваў адмовы. У 2006-ым жа годзе пачаўся крымінальны перасьлед: дзясяткі актывістаў пад справамі, судзілішчы ў Менску, Салігорску, Нясьвіжы, Жлобіне, Полацку, Баранавічах – усё гэта не прымусіла нас самараспусьціцца і сыстэма адступіла.

Непаважаны спадар Давыдзька, мы адваявалі сабе права быць і дзейнічаць на сваёй зямлі – і як бы вы ня пыжыліся, у вас і вашай сыстэмы кішка танка ў нас гэтае права забраць. Бо ўсё чым вы моцныя, дык толькі прусакамі вашымі і жукамі. Але і тых мы хутка вытравім з нашай зямлі.


Сапраўдны падарунак для каханай 20.10.2016 1

Што дорыць кахаючы муж каханай жоначцы на гадавіну вясельля? Правільна! – белыя ружы і подпіс за бел-чырвона-белы сьвяты #нашсцяг! Так і зрабіў Яўген, сьвяткуючы разам з прыгажуняй Дар'яй (Dasha Lomonovskaya) трэцюю гадавіну шлюбу. І сымбалічна, што подпіс гэтай пары стаўся апошнім у месяцовай падпісной кампаніі - калі закаханыя дораць каханым подпіс за бел-чырвона-белы сьцяг, дык у нас вялікая будучыня )



Як вы ведаеце, сабрана за 10 тысяч подпісаў. І з гэтых 10 тысяч каля 9 тысяч сабрала шэсьць чалавек. А каб подпісы зьбірала 60 чалавек? А каб 600? Было б добра, каб сярод мільёнаў прыхільнікаў пераменаў было б хоць 600 чалавек, якія здольны ня толькі гаварыць, але і рабіць. Мяркую, мы да гэтага прыдзем. Бо і цяпер я думаў, што буду адзін зьбіраць тысячу, а нас сталася шасьцёх і мы сабрала пад дзесяць тысяч. Сябры, гуртуйцеся і рабіце справу – сёньня для гэтага ёсьць мажлівасьць!

Цяпер жа подпісы будуць правярацца, згартоўвацца ў адзін стос і чысла каля 26 мы іх панясём у Мінкульт. Калі вы па нейкіх прычынах ня здолелі падпісацца, а бліжэйшымі днямі ў вас маюцца значныя сямейныя сьвяты, да 26 кастрычніка вы можаце дамовіцца пра персанальную сустрэчу з адным з галоўных зборшчыкаў (сярод якіх Мікіта Наглін,Арцём Леўчанка, Siarhei Palcheuski, Раман Ганчароў, Pavel Prakapovich) – і зрабіць каханаму ці каханай сапраўдны падарунак, як тое зрабіў Яўген. Таксама да 22 кастрычніка працуе збор подпісаў пад электроннай петыцыяй https://petitions.by/petitions/312


чытаць іншыя навіны

Зьміцер Дашкевіч