АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

У Мінску пакажуць фільм, прысвечаны справе Алега Сянцова

У Мінску пакажуць фільм, прысвечаны справе Алега Сянцова
09.11.2018
Беларускі ПЭН-цэнтр пры падтрымцы Пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь запрашае на прагляд фільма «Працэс», які адбудзецца 15 лістапада а 19:00 у Галерэі «Ў» (вулiца Кастрычніцкая 19, Мiнск).

Паказ фільма адбудзецца ў межах Дня пісьменніка ў няволі, заснаванага Міжнародным ПЭНам 37 год таму.

Фільм «Працэс» рэжысёра Аскольда Курава прысвечаны справе ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова, якому прымусова надалі расійскае грамадзянства і ў жніўні 2015 году прысудзілі ў Расіі да 20 гадоў пазбаўлення волі. Яго абвінавацілі ў арганізацыі тэрарыстычнай супольнасці і тэрактах у анэксаваным Крыме: нібыта ён і яго саўдзельнікі рыхтавалі падрыў помніка Леніну ў Сімферопалі і падпалілі офісы «Рускай абшчыны Крыму» і партыі «Адзіная Расея». Сянцоў сцвярджаў, што ў турме яго катавалі. Па словах рэжысёра, гэта фільм «пра бязлітасную дзяржаўную машыну, пра гераізм і баязлівасць».

Падчас прагляду фільма можна будзе падпісаць паштоўку Алегу, якая пазней будзе дасланая рэжысёру. Яна Ганчарова (ініцыятыва «Росузник») распавядзе пра асаблівасці лістоў палітзняволеным — што і як варта і чаго не варта пісаць, каб пасланні траплялі да адрасатаў і сапраўды падтрымлівалі іх.

Уваход — па запрашэннях. Калі вы хацелі б патрапіць на паказ, калі ласка, дашліце заяўку на info@pen-centre.by.

Паводле прэс-рэлізу



Дата стварэння навіны 09.11.2018

Возврат к списку