АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

Усясветны патрыярхат даў згоду на стварэнне ва Ўкраіне адзінай памеснай царквы

Усясветны патрыярхат даў згоду на стварэнне ва Ўкраіне адзінай памеснай царквы
11.10.2018
Сынод Усясьветнага патрыярхату сёньня ўхваліў рашэньне аб наданьні аўтакефаліі (незалежнага статусу) праваслаўнай царкве ва Ўкраіне і адначасова аднавіў кананічны статус кіраўнікоў дзьвюх цэркваў — патрыярхаў Філарэта (Украінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату) і Макарыя (Украінская аўтакефальная праваслаўная царква).

У прыватнасьці, Сынод прызнаў незаконнай анэксію Расейскай праваслаўнай царквой Кіеўскай мітраполіі ў 1686 годзе, паведамляе радыё Свабода.

Такім чынам, ва Ўкраіне адкрыты шлях да стварэньня адзінай памеснай праваслаўнай царквы. Неўзабаве архірэі трох украінскіх праваслаўных цэркваў зьбяруцца на аб’яднаўчы сабор, каб абраць новага кіраўніка — менавіта яму будзе ўручаны адпаведны ўказ Усясьветнага патрыярха, гэтак званы томас.

Расейская праваслаўная царква ў 1997 годзе наклала анатэму на патрыярха Філарэта за «раскольніцкую дзейнасьць ва Ўкраінскай праваслаўнай царкве».

Цяпер кіраўніцтва РПЦ перакананае, што прадстаўнікі Кіеўскага патрыярхату, часткі Маскоўскага патрыярхату і Ўкраінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы парушылі каноны, калі зьвярнуліся па аўтакефалію да Ўсяленскага, а не Маскоўскага патрыярхату.

Зварот прадстаўнікоў трох украінскіх праваслаўных цэркваў да Ўсяленскага патрыярхату аб аўтакефаліі падтрымалі прэзыдэнт, урад і Вярхоўная Рада Ўкраіны.

Сёлета ў красавіку Ўсясьветны патрыярхат (Стамбул, Турэччына) распачаў працэдуры, неабходныя для наданьня аўтакефаліі ўкраінскай праваслаўнай царкве. 



Дата стварэння навіны 11.10.2018

Возврат к списку