АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

Што трэба ведаць пра «Славянскі базар»

Што трэба ведаць пра «Славянскі базар»
10.07.2018
У Віцебску распачаліся канцэрты ў рамках фэстывалю «Славянскі базар». Афіцыйнае адкрыцьцё з удзелам Аляксандра Лукашэнкі адбудзецца 12 ліпеня, закрыцьцё заплянаванае на 16-га.

​1. Сёлета на «Славянскі базар» зьбярэ 5 тысяч удзельнікаў з 41 краіны. Асьвятляць фэстываль будуць 126 СМІ з 11 краін.

 

2. З 9-га па 16 ліпеня ў Віцебску пройдзе 120 імпрэзаў на 17 пляцоўках, сярод якіх тэатры, кінатэатры, музэі, вулічныя сцэны. Самыя вядомыя падзеі «Славянскага базару» — конкурс маладых выканаўцаў і дзіцячы сьпеўны конкурс, праекты «Тэатральныя сустрэчы» і «Лялечны квартал», якому сёлета спаўняецца 5 гадоў.

 3. Самыя дарагія фэстывальныя квіткі (ад 70 да 210 руб.) — на цырымонію адкрыцьця «Славянскага базару», у якой традыцыйна бярэ ўдзел Аляксандар Лукашэнка. Значная частка квіткоў на гэтую імпрэзу, якая спалучыць урачыстыя прамовы і канцэрт з 35 нумароў, не паступае ў продаж, а распаўсюджваецца паміж чыноўнікамі вобласьці, гораду і раёнаў Віцебшчыны.

  ​4. Самыя танныя квіткі на канцэрты ў Летнім амфітэатры — на конкурс маладых выканаўцаў (ад 8 да 15 руб.), на спэктаклі ў тэатар «Лялька» (10,50 руб.), на канцэрт песень Ігара Лучанка ў канцэртнай залі «Віцебск» (ад 8 да 20 руб.), на канцэрт беларуска-расейскага сымфанічнага аркестру ў Віцебскай філярмоніі (ад 8 да 15 руб.).

 Усяго на канцэрты і спэктаклі прададзена ды зарэзэрвавана больш за 60 тысяч квіткоў.

 5. У міжнародным конкурсе маладых выканаўцаў возьмуць удзел выступоўцы з 21 краіны. Па выніках першага выступу журы вызначыць 15 лепшых сьпевакоў, якія будуць змагацца за гран-пры і прызавыя месцы конкурсу.

 Беларусь будзе прадстаўляць 27-гадовы Яўген Курчыч, выпускнік Менскага дзяржаўнага каледжу мастацтваў і Дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў, пераможца тэлешоў «Акадэмія талентаў» і ўдзельнік фінальнага этапу нацыянальнага адбору на «Эўравізію-2018».

​6. Старшынём журы ХХVІІ міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песьні «Віцебск-2018» абраны народны артыст Расейскай Фэдэрацыі, Малдовы і Ўкраіны, кампазытар, аўтар-выканаўца Аляксандар Марозаў. У ліку судзьдзяў — славуты італьянскі сьпявак, прадусар, тэлевядоўца Рабэртына Лярэці, якога ў дзяцінстве называлі «новым Каруза» за выкананьне песень «O sole mio» і «Санта Лючыя».

 7. Падчас «Славянскага базару» ў Віцебску адбудзецца IV фэст вулічнага мастацтва «На сямі вятрах», усе імпрэзы якога бясплатныя. Сярод іх — выступы паэтаў, музыкаў, тэатральных і цыркавых калектываў на 7 адкрытых пляцоўках. Упершыню ў фэстывальным горадзе мае адбыцца «бразыльскі карнавал», арганізаваны з ініцыятывы Raccoon Batucada — першай і адзінай у Беларусі школы карнавальнай самбы і бразыльскіх барабанаў. Пад іхныя гукі па цэнтры Віцебску пройдзе карнавальнае шэсьце.

 8. Сёлета яшчэ не агучвалася агульная сума выдаткаў на правядзеньне «Славянскага базару». Але некалькі лічбаў ужо можна вызначыць паводле сайту дзяржзакупак. Так, на перавозку ўдзельнікаў фэсту будзе выдаткавана 40 150 рублёў, на перавозку гасьцей і матэрыяльных каштоўнасьцяў — 66 929 рублёў. На пражываньне ўдзельнікаў у гатэлях выдаткавана 108 825 рублёў, на арганізацыю харчаваньня для ўдзельнікаў конкурсу маладых выканаўцаў — 7 700 рублёў. Выступ Нацыянальнага акадэмічнага аркестру Беларусі будзе каштаваць 40 430 рублёў.

 Для параўнаньня: у 2015 годзе бюджэт фэстывалю склаў 3,6 млн даляраў, у 2017-м было «асвоена» 5 млн 700 тысяч беларускіх рублёў.

 

У фэстывальным горадзе 10 кілямэтраў гандлёвых радоў

Віцебскі фэстываль, папулярны канцэртнымі і конкурснымі праграмамі, ператварыўся ў агульнагарадзкі кірмаш з таннымі распродажамі, сувэнірнымі шэрагамі, вулічнымі пунктамі харчаваньня.

Распродажы тавараў беларускага лёгкай прамысловасьці арганізаваны на вуліцах Леніна і Суворава, спажывецкія таварыствы прадставяць 20 тэматычных «падворкаў» з харчовымі вырабамі ў парку Пераможцаў, на плошчы Перамогі будуць гандляваць ААТ «Віцебскхлебпрам» і ААТ «Чырвоны харчавік», тамсама абяцаюць арганізаваць і фастфуд індыйскай кухні. На плошчы Свабоды разгарнуліся харчовыя пункты з шашлыкамі, півам, выпечкай — усім тым, што прадаецца ў фэстывальным Віцебску штогод.

 

На беразе Дзьвіны наведнікаў чакае «Задзьвінскі кірмаш», дзе можна набыць вырабы рамесьнікаў і народных майстроў, а таксама адзеньне, абутак, кветкі, ласункі, цацкі — тут звычайна гандлююць усім запар. Гандлёвыя месцы для тых, хто прывёз свае тавары з Расеі ды Украіны, вызначаны ўздоўж вуліцы Кірава, Замкавай, Талстога і ў раёне гарадзкой Ратушы.

 

Шмат для каго з гараджанаў і гасьцей Віцебску бадзяньне па гандлёвых радах і азначае «пабыць на фэстывалі». Бо тут можна і нешта набыць параўнальна нядорага, і паглядзець бясплатныя выступы самадзейных артыстаў.

 

У Летняга амфітэатру сёлета юбілей

30 гадоў таму для будаўніцтва амфітэатру вельмі прыдаўся складаны ляндшафт мясцовасьці, які спрыяў акустыцы. Першых гледачоў галоўная канцэртная пляцоўка прыняла 20 ліпеня 1988 году — тады ў Віцебску прайшоў першы фэстываль польскай песьні.

 

Ідэя збудаваць унікальную для СССР канцэртную пляцоўку належала кампазытару Ігару Лучанку, які часта бываў на фэстывалях савецкай песьні ў польскім горадзе Зялёна Гура, пабраціме Віцебску. «Пабрацімства» і натхніла на прапанову праводзіць у Віцебску фэстывалі польскай песьні.

 Аўтар праекту Вячаслаў Бабашкін казаў журналістам, што нарматывамі на праектаваньне такіх аб’ектаў звычайна адводзіцца каля 2 гадоў, і столькі ж на будаўніцтва. Але будаўнікоў прысьпешвалі з абкаму партыі, і архітэктар быў вымушаны на месцы ўносіць праўкі ў праект, тут жа аддаючы распараджэньні прарабам будоўлі. Амфітэатар узьвялі за паўгода. У 2007-м, на загад Аляксандра Лукашэнкі, над Летнім амфітэатрам узьвялі дах.

  

Летні амфітэатар увесь час мадэрнізуюць: рамантуюць глядзельную залю, якая ад пачатку была разьлічана на 5 400 месцаў, а цяпер можа зьмясьціць 6 247 гледачоў, удасканальваюць сцэну плошчай 472 кв. м., набываюць новую апаратуру. Штогод сцэна для выступоўцаў «Славянскага базару» афармляецца па-новаму. Сёлета сцэну рыхтуе маскоўскі мастак-сцэнограф Аляксандар Халадноў, які займаецца праектамі «Золотой граммофон», «Песня года», «Новая волна».

 

Адказныя службы далі справаздачу кіраўніцтву гораду і вобласьці пра захады бясьпекі. Так, МНС праверылі супрацьпажарны стан у 16 гатэлях і інтэрнатах, 36 рэстарацыях і кавярнях. Былі праведзены адмысловыя вучэньні ў Летнім амфітэатры.

 Што да працы міліцыянтаў, то на «Славянскі базар» прыяжджае падмацаваньне з усіх рэгіёнаў Беларусі. Міліцэйскае кіраўніцтва Віцебскай вобласьці абвясьціла, што па пэрымэтры галоўнай сцэнічнай пляцоўкі — Летняга амфітэатру — будзе абсталявана 12 кантрольна-прапускных пунктаў. Каб трапіць у саму глядзельную залю, гледачам давядзецца прайсьці яшчэ праз шэраг КПП — найбольшая колькасьць пунктаў агляду (16) будзе з боку вуліцы Леніна.


Паводле кіраўніка абласнога міліцэйскага ўпраўленьня Івана Кубракова, вырашана залішне не хваляваць гледачоў, таму супрацоўнікі міліцыі будуць у цывільным, але форменных блакітных камізэльках-накідках са словам «Бясьпека». На КПП будзе ажыцьцяўляцца ня толькі агляд ахвотных трапіць на канцэрты, але і відэафіксацыя, каб у выпадку неабходнасьці ідэнтыфікаваць злачынцаў ці правапарушальнікаў.

 

Дазволілі продаж алькаголю


У дні фэстывалю вырашана істотна павялічыць колькасьць патрулёў у цэнтры гораду, бо сёлета ў 500-мэтровай зоне вакол Летняга амфітэатру будзе дазволены продаж алькаголю, што забаранялася ў мінулыя гады. Каля харчовых пунктаў з алькаголем на разьліў будзе кругласутачнае патруляваньне.

 

Праўда, гандляваць можна толькі алькагольнымі напоямі, вырабленымі партнэрамі фэстывалю і пры наяўнасьці адмысловага таварнага знака - фкстывальнай сымболікі.

 

Яшчэ адным сёлетнім ноў-хаў віцебскай міліцыі стане «экскурсійнае абслугоўваньне» гасьцей гораду. У мінулыя гады да супрацоўнікаў міліцыі часта зьвярталіся з пытаньнямі пра тое, дзе можна набыць сувэніры, памяняць валюту і г.д. Таму сёлета вырашана, што ў склад групаў патруляваньня, якія дзяжураць у цэнтры, увойдуць выключна мясцовыя супрацоўнікі. Яны добра арыентуюцца ў горадзе, і ў дадатак для іх была арганізавана дадатковае навучаньне, дзе знаходзяцца найбольш запатрабаваныя аб’екты.

 

Асаблівыя надзеі арганізатарамі ўскладаюцца на патрульных-жанчын, якія будуць падказваць людзям, дзе што можна купіць у фэстывальным Віцебску, паведамляе радыё Свабода


Дата стварэння навіны 10.07.2018

Возврат к списку