АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

"Далей за Гарадзенскую вобласьць палякі едуць слаба"

"Далей за Гарадзенскую вобласьць палякі едуць слаба"
07.07.2018
Каб падарожнічаць па Беларусі бязь візы, польскім турыстам трэба ляцець у Нацыянальны аэрапорт “Мінск”.

Адтуль на працягу пяці дзён можна паглядзець сумежную краіну. Але вярнуцца ў Польшчу турыст павінен праз той жа мінскі аэрапорт.

Зь лютага 2017 года пачаў дзейнічаць пяцідзённы бязьвізавы рэжым для паездак палякаў па чыгунцы або аўтамабільнай дарозе у Горадню, Берасьце і ваколіцы. З 1 студзеня 2018 года тэрмін прадоўжылі да 10 дзён. Аднак далей за ваколіцы гэтых гарадоў заяжджаць нельга. Што яшчэ цікава: уехаўшы ў Горадню, нельга адтуль зьезьдзіць у Берасьце, і наадварот. Польскія турысты на форумах скардзяцца на гэтыя абмежаваньні. А некаторыя лічаць, што прасьцей адкрыць беларускую візу, чым выканаць розныя фармальнасьці па «бязьвізавым уезьдзе».

Праўда, у Міністэрстве спорту і турызму Беларусі нядаўна заявілі, што турысцка-рэкрэацыйныя зоны ў ваколіцах Горадні і Берасьце плянуецца аб'яднаць. Ад Гарадзенскага аблвыканкама паступаюць прапановы па ўключэньні ў бязьвізавую зону Наваградка.

Ірэна Балюкевіч, саўладальніца варшаўскай турыстычнай кампаніі Wish to Travel: 
Нашы кліенты, якія заказваюць туры ў Беларусь — гэта пераважна дарослыя людзі ва ўзросьце ад 40 да 60 гадоў і старэйшыя. Яны памятаюць тыя часы, калі існаваў просты ўезд у Беларусь і ахвотна сюды вяртаюцца, каб пабачыць, як Беларусь зьмянілася. І ў іх застаюцца станоўчыя ўражаньні. Калі казаць пра маладзёжныя групы, то яны часьцей адпраўляюцца на розныя фэстывалі. Таксама пачынаюць арганізоўвацца школьныя экскурсіі.

Растыслаў Крамар, выкладчык Варшаўскага ўнівэрсытэту: 
Беларусь знаходзіцца вельмі блізка да Польшчы. Ёсьць зручнае транспартнае злучэньне паміж Варшавай і Горадняй. Існуе бязьвізавы рух. У чэврені мы са студэнтамі езьдзілі ў Горадню, у летнюю школу, арганізаваную разам з тамтэйшым унівэрсытэтам. Але ўсё яшчэ мала палякаў бывае ў Беларусі. І мала пра Беларусь ведаюць. І мы сапраўды хацелі б ня толькі гаварыць пра Беларусь, напрыклад, у навучальных установах, але часьцей езьдзіць туды, сустракацца зь людзьмі.

Нясьвіскі замак. 

Аляксей Стрэльчанка, начальнік філіяла “Белінтурыст” РУП “Цэнтркурорт”
: Далей за Гарадзенскую вобласьць палякі едуць слаба. Магчыма, гэта зьвязана з тым, што палякі выбіраюць заўсёды эканомны варыянт адпачынку і Менск для іх пакуль яшчэ дарагаваты горад. З таго што мы ведаем, палякі любяць наведваць краіны, дзе ёсьць іх спадчына. Безумоўна, у Беларусі ёсьць такія мясьціны — ня толькі ў Гарадзенскай вобласьці, але і на паўночным захадзе Менскай, Віцебскай. Але палякаў там няма. Няма іх, скажам, у Глыбокім. Чаму? Магчыма, недастаткова прапануецца? Але на менскіх турыстычных выстаўках палякі заўсёды прысутнічаюць. Усё яны ведаюць.

Пра тое, што тэрмін бязьвізавага ўезду ў Беларусь можа падоўжыцца да 12-14 дзён, гаварыў яшчэ летась у лютым тагачасны прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Дзьмітрый Мірончык.

Летась у верасьні намесьнік міністра спорту і турызму Міхаіл Партной заявіў пра тое, што, магчыма, 10-дзённы тэрмін знаходжаньня бязь віз увядуць к Эўрапейскім гульням, якія пройдуць у Беларусі ў 2019 годзе.

Сёлета ў сакавіку намесьнік кіраўніка дэпартамэнта па турызьме Міністэрства спорту і турызму Віталь Грыцэвіч казаў пра магчымасьць увядзеньня 10-дзённага рэжыму да канца гэтага года — пры ўезьдзе праз Нацыянальны аэрапорт “Мінск”.

Гэтым чэрвенем Міхаіл Партной заявіў: “Рашэньне ўжо прынята. Бязьвізавы рэжым будзе падоўжаны да 15 дзён”.

Аднак нягледзячы на аўтарытэтныя заявы чыноўнікаў, апошняе слова яшчэ не сказана, а яно застаецца за прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь.

Лілія Кобзік, рэдактар сайта Рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый Toursoyuz.by: 

Тое, што адбываецца, паказвае, што ўсё можа быць, усё рэалістычна. Бо калісьці мы не ўяўлялі сабе, што можа быць бязьвізавы рэжым, нават на пяць дзён. Мне асабіста гэта здавалася фантастыкай. Але гэта адбылося. Значыць, будуць іншыя крокі. І чым больш мы абмяркоўваем і аналізуем гэты працэс, то бачым, што ўсё ня так проста. Але каб зрабіць бязьвізавымі наземныя граніц, то пра гэта наверсе гаворка не ідзе. Пакуль гэта абмяжоўваецца толькі “зонамі” вакол Горадні і Берасьця. Але турыст, які туды ўяжджае, адчувае сябе ня тое, што ў клетцы, але адчувае, што перад ім пастаўлены нейкія бар’еры: туды нельга, сюды можна, крок улева, управа, — і ты ўжо парушальнік дзяржаўнай граніцы. Якая была ідэя ў цяперашнім варыянце бязьвізу? 

Мы гэтага ня ведаем. Мы можам сабе толькі нешта ўяўляць. Можа быць, тыя, хто гэта прыдумляў, уяўлялі сабе чалавека, які стаіць у аэрапорце “Мінск” з чамаданам грошай і спадзяваліся, што такія людзі, бізнэсмэны, прыляцяць у Беларусь і ўкладуць тут грошы ў эканоміку. Магчыма, такіх людзей тут больш чакаюць, чым паасобных турыстаў, якія прывязуць па 20 даляраў і патрацяць на сувэніры. У Беларусі пакуль няма комплекснага падыходу, каб разьвіваць турызм з усіх бакоў. А ў прыцягненьні сюды бізнэсмэнаў ёсьць зацікаўленасьць. Маўляў, Беларусь — terra incognita, але тут малая канкурэнцыя, танная працоўная сіла, таму прылятайце сюды і ўкладайце грошы! Іншае пытаньне, ці стаяць такія бізнэсмэны ў чарзе з чамаданамі грошай? Але бізнэсмэнаў прыяжджае больш. Хаця большасьць зь іх — расейцы.

Палякі ўваходзяць у топ-5 турыстаў, якія наведваюць Беларусь, у тым ліку праз Нацыянальны аэрапорт “Мінск”.

Аляксей Стрэльчанка: Самае важнае цяпер — гэта трэнд на адкрытасьць Беларусі, які ў пэрспэктыве павінен зрабіць яе краінай масавага турызму.

Як паказваюць меркаваньні экспэртаў, з Польшчы ў Беларусь пайшла б большая плынь турыстаў. Калі б шырэй адчынілася візавая брама.




Дата стварэння навіны 07.07.2018

Возврат к списку