АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Выбары-2019 Змена ўраду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Забойства Паўла Шарамета

Змены ў заканадаўства аб СМІ могуць быць прынятыя ўжо ў чэрвені

Змены ў заканадаўства аб СМІ могуць быць прынятыя ўжо ў чэрвені
14.06.2018
ГА “БАЖ” атрымала абноўлены законапраект зменаў у заканадаўства аб СМІ, падрыхтаваны для разгляду Палатай прадстаўнікоў у другім чытанні.

Кіраўнік ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, юрыст Андрэй Бастунец адзначае ключавыя моманты, якія працоўная група прыняла да ўвагі, піша baj.by
— Я прагназаваў, зыходзячы з размоў з прадстаўнікамі працоўнай групы, што могуць быць прынятыя да ўвагі два важных моманты: уведзены судовы парадак абскарджванняў рашэнняў Міністэрства інфармацыі аб блакаванні інтэрнэт-рэсурсаў, а таксама ўведзена больш простая працэдура рэгістрацыі анлайн-СМІ.

Мой прагноз спраўдзіўся напалову — магчымасць абскарджваць у судзе рашэнні мінінфарма прапісаная, а працэдура рэгістрацыі застаецца такой жа складанай. Напрыклад, застаецца вызначэнне, што рэдакцыяй можа быць толькі юрыдычная асоба, а не індывідуальны прадпрымальнік ці фізічная асоба.

Гэта істотна абмяжоўвае ўваход на рынак медыя.

На сёння ў Беларусі інтэрнэт-рэсурсы наогул не рэгістраваліся як СМІ, іх статус юрыдычна не быў вызначаны. Цяпер уводзіцца добраахвотная рэгістрацыя, але далёка не ўсе змогуць гэта зрабіць.

Да прыкладу, заснавальнікамі папулярных рэгіянальных рэсурсаў media-polesye.by і ex-press.by з'яўляюцца індывідуальныя прадпрымальнікі. Адпаведна, калі яны захочуць мець статус СМІ, уласнікам трэба стварыць і зарэгістраваць юрыдычную асобу, а пасля падаваць свае інтэрнэт-рэсурсы на рэгістрацыю ў Міністэрства інфармацыі.

З першага погляду, прыбралі з законапраекта нормы пра адказнасць інтэрнэт-рэсурсаў — у КаАП прапаноўвалася ўвесці артыкулы, што вызначаюць дадтковую адказнасць для ўласнікаў інтэрнэт-рэсурсаў у 200-500 базавых велічынь. Гэтыя нормы зніклі з законапректа, але рана радавацца, бо, паводле нашай інфармацыі, яны перанесеныя ў іншы законапраект — аб унясенні змяненняў у Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях.  Самае галоўнае, норма не знікла, а застаецца ў актыўнай распрацоўцы.

Па вялікім рахунку ўсе астатнія пытанні, на якіх рабілі акцэнт прадстаўнікі ГА “БАЖ”, і прадстаўнікі медыясупольнасці засталіся па-за ўвагай.

Агулам абмеркаванне законапраекта больш падобнае на імітацыю, чым на спробу знайсці ўзаемапаразуменне.

У законапраекце застаюцца абавязкі рэдакцый адсочваць змест каментароў, абавязковая ідэнтыфікацыя каментатараў у інтэрнэце і пазасудовыя магчымасці для Міністэрства інфармацыі блакаваць інтэрнэт-рэсурсы. Па вялікім рахунку практычна ўсе праблемныя нормы законапраекта, на якія звярталі ўвагу прадстаўнікі медыясупольнасці, у тым ліку БАЖ, захаваліся.

Таксама ні Міністэрства інфармацыі, ні Палата прадстаўнікоў, наколькі нам вядома, не заангажавалі да працы міжнародных экспертаў, хаця прадстаўнікі АБСЕ самі выказвалі зацікаўленасць у гэтым.

Законапраект зменаў у заканадаўства аб СМІ, падрыхтаваны для разгляду Палатай прадстаўнікоў у другім чытанні, Беларускай асацыяцыі журналістаў перадала дэпутат Ганна Канапацкая.

Згодна з працоўным графікам, у чэрвені запланавана два паседжанні Палаты прадстаўнікоў — 14 і 27 чысла. Меркавана, падчас аднаго з іх і можа быць прыняты законапраект у другім чытанні.



Дата стварэння навіны 14.06.2018

Возврат к списку